Футбольныя буцы, якія знайшлі ў пачатку года ў адным з падвалаў Гродна, сталі аднаўляць. У будучыні іх выставяць у музеі футбола, які стварае «Нёман».
Больш за дзесятак футбольных буцаў гадамі ляжалі ў кучы смецця ў падвале аднаго старога дома ў Гродне. Іх знайшоў гродзенец Вячаслаў Сяліцкі, калі парадкаваў падвал.
Гродненец нашел футбольные бутсы, в которых могли играть 90 лет назад
Мужчына адзначаў, што знайшоў своеасаблівую капсулу часу і з вялікім задавальненнем гатовы быў яе перадаць у які-небудзь музей горада. Футбольны «Нёман» аператыўна адгукнуўся і на наступны дзень пасля нашай публікацыі звязаўся з Вячаславам. За знаходкай прыехаў знакаміты ў мінулым гродзенскі футбаліст Сяргей Саладоўнікаў, які сёння з’яўляецца дырэктарам СДЮШАР «Нёман». Ён жа і заняўся аднаўленнем буцаў.
«Ніхто не хацеў брацца за гэтую працу, але мы знайшлі аднаго спецыяліста, які вырашыў паспрабаваць, — распавядае Сяргей Саладоўнікаў. — Каля месяца ў вольны час ён займаўся толькі адным чаравіком. І ў выніку нешта атрымалася. Будзем яшчэ спрабаваць».«Мы не спяшаемся і пакуль аднавілі адзін чаравік, — расказвае майстар Мікалай Тарасаў. — Для нас галоўнае атрымаць добры знешні выгляд, а ў футбол у іх ужо ўсё роўна ніхто не будзе гуляць. Для будучай экспазіцыі буцы трэба зрабіць жывымі, каб яны былі мяккімі і каб скура гуляла».
У буцах, над якімі цяпер працуе майстар, маглі гуляць гродзенскія футбалісты ў 1920−40-хх гадах. Яшчэ адзін наш чытач Віталь Хвайніцкі перадаў у будучы музей не менш каштоўную знаходку — футбольны мяч таго ж перыяду. Ён таксама будзе часткова аднаўляцца.
Читатель нашел футбольный мяч, которым могли играть в межвоенном Гродно
Што патрэбна для музея футбола?
У 2018 годзе футбольны «Нёман» абвясціў пра збор інфармацыі і экспанатаў для калекцыі будучага музея футбола ў Гродне. Яго хочуць зрабіць найлепшым у Беларусі. У клуб прынеслі ўжо шмат цікавых экспанатаў: футбольны абутак розных часоў, мячы, кубкі, майкі, вымпелы, афішы і многае іншае. Цяпер над экспанатамі і інфармацыяй працуюць спецыялісты.
Усё яшчэ працягваецца збор экспанатаў для музея. Калі раптам у вас ёсць якія-небудзь рэчы, звязаныя з футболам Гродзеншчыны, вы можаце звяртацца ў футбольны клуб «Нёман» або ў дзіцячую школу, якая знаходзіцца ў футбольным манежы.
Даведка
Футбол у Гродне пачаў развівацца пасля Першай сусветнай вайны. У 1920-х гадах у Гродне было ўжо некалькі сур’ёзных футбольных каманд, сярод іх «WKS Grodno» (каманда 76-га пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута), «Cresovia» (гарадская каманда), «Maccabi» (яўрэйская каманда) і іншыя. Гэтыя каманды змагаліся за высокія месцы ў чэмпіянаце Беластоцкай акругі да 1939 года. З пачаткам Другой сусветнай вайны яны перасталі існаваць. Галоўным відам спорту пасля вайны ў Гродне, акрамя агульнадаступнай лёгкай атлетыкі, быў футбол. На месца польскіх і яўрэйскіх каманд прыйшлі савецкія «Лакаматыў» і «Дынама». У сярэдзіне 1950-х з’явіўся «Нёман», які існуе і сёння.