Артур Марчукевіч прыйшоў у бодзібілдынг у 2017 годзе – пачалося ўсё з таго, што гродзенец быў незадаволены сваім целам. За тыя восем гадоў, што Артур займаецца спортам, яго сталі пазнаваць на вуліцах, а некаторыя блогеры параўноўваюць яго з бодзібілдарамі “залатой эпохі”. Аўтары расійскага YouTube-канала “Oxy Team” знялі інтэрв’ю з Артурам. Рэдакцыя Hrodna.life выбрала самыя цікавыя моманты з размовы з бодзібілдарам.
Да бодзібілдараў “залатой эпохі” адносяць, напрыклад, Арнольда Шварцнэгера, Франка Каломба і Фрэнка Зэйна. Гэтыя спартоўцы адрозніваліся V-вобразнай фігурай: шырокімі плячыма, масіўнай спіной, вузкай таліяй, развітым прэсам і дужымі нагамі.
Менавіта таму Артура Марчукевіча параўноўваюць з бодзібілдарамі той эпохі. Дзякуючы трэніроўкам спартсмену ўдалося дабіцца моцнага прэса, накачаных ног і той самай V-вобразнай фігуры.
Пра шлях у бодыбілдынг: «Зай, у цябе жывот»
У 2017 годзе Артур перыядычна займаўся ў зале “для сябе”, пры гэтым не моцна разбіраючыся ў тэме і развіваючы ў асноўным рукі і плечы.
— У выніку сышоўся з дзяўчынкай, яна пачала мяне адкормліваць і я стаў рэзка таўсцець. Неяк я сяджу, а яна мне кажа: “Зай, у цябе жывот”, – успамінае Артур.
У той момант мужчына зразумеў, што час брацца за сваё цела. На працягу двух тыдняў Артур хадзіў у спартзалу два разы на дзень – займаўся на трэнажорах і кросфітам. А ў сваё меню ўключыў аўсянку і мяса, каб падсушыцца.
— Атрымлівалася так, што праз пару тыдняў былі спаборніцтвы ў Маскве. І я вырашыў выступіць. Пагутарыў з хлопцам, які тады выступаў – ён мне параіў, што і як. Я выйшаў па навічках і выйграў Маскву. Ну і ўсё, паступова зацягнула, пачаў кожны год трэніравацца, рыхтавацца і спрабаваць выступаць, – распавядае Артур.
Пра медыйнасць: «Ты не ноўнэйм, а свой дзяцюк»
Гродзенец прызнаецца, што ў апошнія гады яго сталі пазнаваць на вуліцах — не апошнюю ролю ў гэтым адыграў удзел у спаборніцтвах. Дайшло нават да таго, што тыя спартоўцы, на якіх Артур “глядзеў знізу ўверх”, сталі цікавіцца ў яго, як праходзяць трэніроўкі.
— Як быццам ты дасягнуў узроўня, што цябе людзі пачынаюць прызнаваць за свайго. Гэта вельмі прыемнае пачуццё, якога хочацца дасягнуць у гэтым спорце – што ты не ноўнэйм, а свой дзяцюк.
Артур дадае – па меры росту статусу ў спартыўным свеце, у яго змяніліся і каштоўнасці. Калі ў пачатку шляху яму былі важныя рэгаліі і ўзнагароды, то цяпер важней зносіны і абмен досведам з аднадумцамі.
Пра Гродна: “Заўсёды лепш і мацней станавіўся дома”
У Гродне Артур жыве з самага дзяцінства. У маладосці ён на сем гадоў пераехаў у Маскву, але пазней усё ж вярнуўся ў родны горад. Кажа, “пацягнула дадому”. Артуру хацелася спакою і ўтульнасці. Акрамя таго, у Гродне хапала неабходных умоў для трэніровак: зала, масажы, лазні і знаёмыя са спартыўнай сферы.
— Прыязджаю ў тую ж Маскву рыхтавацца перад спаборніцтвамі за тыдзень-два, займаюся на сучасным абсталяванні ў моднай зале, неяк усё роўна крыху здаю пазіцыі. Прыязджаючы дадому, колькі разоў пачынаў рыхтавацца, я заўсёды лепш і мацней станавіўся, – адзначае гродзенец.


Пра любімыя месцы ў горадзе: самыя смачныя ролы ў PunkRoll, а дранікі – у «Дранікі Гародня»
Сярод галоўных плюсаў жыцця ў Гродне Артур вылучае размеранасць і “плыўны рытм”.
— Дзень адчуваецца, ён не прабягае, як у Маскве. Тут ты адчуваеш, што жыццё не праходзіць міма цябе.
У вольны час Артур аддае перавагу не клубам, а гродзенскім кафэ. Хадзіць туды мужчына раіць вясной і летам, бо там грае прыемная жывая музыка.
— Тут вельмі прыгожа, асабліва калі лета. У такіх установах адчуванне, нібы ў Еўропе знаходзішся.
Адно з любімых месцаў Артура — кафэ PunkRoll, там гродзенец часцей за ўсё заказвае сушы і ролы. А вось самыя смачныя дранікі ў Беларусі, на думку гродзенца, падаюць у кафэ “Дранікі Гародня”.
Аб планах на пяць гадоў: спорт і сям’я
У бліжэйшыя пяць гадоў Артур не плануе сыходзіць са спорту – гэтая сфера па-ранейшаму застаецца адной з галоўных у яго жыцці.
— Бодзібілдынг для мяне ўжо пачаў станавіцца заробкам, так што трэба далей развівацца – і ўсё. Спадзяюся, гэта не будзе гучна сказана, але бліжэйшыя пяць гадоў, гэта: Алімпія, натуральна трапленне ў топ-10 і сям’я, напэўна, – распавядае гродзенец.
Чытайце таксама: «Па пятніцах людзі ходзяць па барах, а мы – на футбол!». Мамы Гродна аб’ядналіся ў футбольны клуб




