Колькі трэба займацца, як апранацца і з якім настроем выходзіць на сцэну, каб стаць чэмпіёнам. Пра гэта карэспандэнтам Hrodna.life распавялі ўдзельнікі, суддзі і гледачы 34-га Чэмпіянату Беларусі па бодыбілдынгу і фітнесу.
Спаборніцтвы прайшлі ў Гродне 11 красавіка і сабралі больш за 160 удзельнікаў і ўдзельніц. Сярод жанчын пераможцаў выбіралі ў катэгорыях бікіні і мадэльны фітнес. Сярод мужчын – класічны бодыбілдынг і men’s physique.

Суддзя першай катэгорыі Антон Аўсейка распавёў для Hrodna.life, паводле якіх крытэраў выбіралі пераможцаў.
У кожнай катэгорыі свае крытэрыі ацэнкі. У бодзібілдынгу вышэй ацэньваецца аб’ём і жорсткасць цягліц. У класічным бодзібілдынгу важней прапорцыі. У катэгорыі фітнес-бікіні больш шанцаў на перамогу ў дзяўчат з V-падобным верхам, прапрацаванымі нагамі і ягадзіцамі. Катэгорыя men’s physique – гэта мужчынскі аналаг намінацыі фітнес-бікіні. Тут цэняцца прапорцыі, добра развітае цела, шырокі плечавы пояс і вузкая талія.
“Сачу за формай і не гляджу на канкурэнтаў”
Аляксею 28 гадоў. Шэсць гадоў займаецца бодыбілдынгам, чэмпіёнскі тытул атрымлівае трэці год запар. Ён распавёў Hrodna.life, што перад спаборніцтвамі трэніруецца 6 дзён на тыдзень. У міжсезонне падтрымлівае форму 3-4 разы на тыдзень.

«Я ніколі на канкурэнтаў не гляджу, сачу за сваёй формай, раблю тое, што патрабуецца. Калі хтосьці падрыхтаваўся лепш, калі ласка, няхай выйграе. Іду за перамогай, а там як суддзі вырашаць», – кажа Аляксей.
Купальнік – 250 еўра, туфлі – 150 рублёў, найлепшае ўпрыгожанне – ўсмешка
Аліне Малеевай 21 год. У чэмпіянаце яна ўдзельнічала ўпершыню. Трапіла ў самую масавую катэгорыю фітнес-бікіні, да 163 см.

Аліна распавяла Hrodna.life, за што, акрамя трэніровак, плацяць удзельніцы спаборніцтваў.
“Я назаву свае выдаткі: купальнік – 250 еўра, туфлі – 150 рублёў, грым – 105 рублёў, макіяж – 90 рублёў, прычоска – 50 рублёў. Упрыгожанні купіла бюджэтныя, за 50 рублёў. Са сцэны блішчаць – і добра. Астатняе можна ўзяць усмешкай”.
“Патрэбны год, каб выйсці на сцэну”
Гродзенскі трэнер Андрэй Аксаміт раней сам удзельнічаў і перамагаў у чэмпіянатах па бодзібілдынгу. У 2021 годзе вывеў на спаборніцтвы сваіх спартсменаў. У гродзенскай камандзе выступалі Алег Рыжкевіч (2 месца сярод бодзібілдараў ў катэгорыі майстар), Дзмітрый Шагун (пераможца ў абсалютнай катэгорыі), Вольга Аксаміт (трэцяе месца ў катэгорыі майстар фітнес-бікіні), Дзмітрый Суміч (2 месца ў катэгорыі фітнес пары з Вольгай Аксаміт).

“Трэніроўкі, харчаванне, методыкі распрацоўваюцца для кожнага індывідуальна. Няма ўніверсальнай схемы падрыхтоўкі да спаборніцтваў, – распавёў Hrodna.life Андрэй Аксаміт. – Патрэбны хаця б год падрыхтоўкі, каб выйсці на сцэну, калі ёсць дадзеныя”.
“Разам трэніраваліся ў адной зале”
Падтрымаць гарадзенскіх спартсменаў прыйшлі сябры і калегі.

























