Спадчына

Мясціны БНР у Гродне: 12 кропак горада, якія варта наведаць 25 сакавіка

Якія месцы ў Гродне звязаныя са станаўленнем беларускай незалежнасці, Беларускай Народнай Рэспублікай і наогул беларускім нацыянальным рухам? Якія кропкі варта наведаць у Дзень волі - 25 сакавіка? Дзе вырашаліся беларускія справы больш за 100 гадоў таму?

Глядзіце мапу і спіс мясцін БНР і беларускага нацыянальнага руху ў Гродне. Іх шмат і далёка не пра ўсе вы маглі ведаць.

12 месцаў БНР і беларускага нацыянальнага руху ў Гродне: ад манастыра да турмы

  1. Манастыр бернардынаў
  2. Беларуская школа
  3. Беларуская хатка
  4. Міністэрства беларускіх спраў
  5. Дом Багдановіча
  6. Гатэль «Расія»
  7. Гатэль «Еўропа»
  8. Гатэль «Раяль»
  9. Беларуская камендатура
  10. Былы Барысаглебскі манастыр
  11. Старыя гарадскія могілкі
  12. Турма

Падрабязней пра мясціны БНР у Гродне

Манастыр бернардынаў

  • вул. Парыжскай камуны, 1

Цяпер Пабернардынскі касцёл на Маставой вуліцы. Напярэдадні Першай сусветнай вайны тут адбываліся пасяджэнні Гродзенскага гуртка беларускай моладзі.

Гродзенскі гурток беларускай моладзі быў утвораны вучнямі гродзенскіх гімназій пад апекай ксяндза Францішка Грынкевіча. Гурток займаўся тэатральнымі пастаноўкамі на беларускай мове, трымаў бібліятэку, выдаў некалькі нумароў часопіса «Колас беларускай нівы». Нейкі час гуртком фактычна кіравала Людвіка Сівіцкая, будучая паэтка Зоська Верас.


Беларуская школа

  • вул. Валковіча, 1

Цяпер корпус аграрнага ўніверсітэта на вуліцы Валковіча. Тут было апошняе месцазнаходжанне беларускай школы пад кіраўніцтвам Уладзіміра Федарука.

Беларуская школа ў Гродне паўстала ў 1916 г. у будынках былога Барысаглебскага манастыра і знаходзілася на вул. Паўночнай (цяпер Валковіча) да канца 1920-х гг.


Беларуская хатка

  • вул. Карбышава, 10

Вядомая гродзенцам як былая мастацкая школа. Цяпер у гэтым шэрым будынку на скрыжаванні вуліц Тэлеграфнай і Карбышава месціцца разлікова-касавы цэнтр.

Тут размяшчалася Грамада беларускай моладзі, адбываліся сустрэчы беларускіх актывістаў. Менавіта тут пазнаёміліся Тамаш Грыб і Паўліна Мядзёлка. Адсюль пачалася гісторыя іхнага кахання.


Міністэрства беларускіх спраў

  • вул. Леніна, 4

Цяпер Гуманітарны каледж на вуліцы Леніна. Тут адбываліся сустрэчы Міністэрства беларускіх спраў на чале з Язэпам Варонкам.

Міністэрства беларускіх спраў было ўтворана пры ўрадзе Літоўскай рэспублікі, які разлічваў на тое, што ўдасца ўключыць Гродзеншчыну ў склад літоўскай дзяржавы на правах шырокай палітычнай і культурнай аўтаноміі.


Дом Багдановіча

  • вул. 1 мая, 10

Сайт: bagdanovichmuseum.by

Цяпер музей Максіма Багдановіча. Лічыцца, што тут у 1890-х гадах жыла сям’я Адама Ягоравіча Багдановіча, бацькі Максіма. Насамрэч, Багдановічы жылі ў іншым доме побач, але ён не захаваўся.

Непасрэднага дачынення да БНР і святкавання Дня волі дом не мае. Але для беларускай дзяржаўнасці і культуры гэта знакавы будынак.


Гатэль «Расія»

  • вул. Савецкая, 23

Таксама раней называўся гатэль «Маскоўскі» — цяпер камітэт аховы прыроды. На пачатку 1919 году тут адбываліся сустрэчы ўраду БНР. Фактычна — апошняе месца пасяджэнняў ураду БНР на тэрыторыі Беларусі.


Гатэль «Еўропа»

  • вул. Савецкая, 18

Ад яго нічога не засталося, цяпер на гэтым месцы стаіць універмаг «Нёман».

У канцы 1918 — на пачатку 1919 гадоў тут жыў старшыня ўраду БНР Антон Луцкевіч. Малюнак будынка зроблены паводле алоўкавай рэканструкцыі гатэля. У 1941 г. у гатэль трапіла нямецкая бомба. Пасля вайны будынак планавалі аднавіць, але ў канцы канцоў зруйнавалі.


Гатэль «Раяль»

  • вул. Гараднічанская, 20

Цяпер ружовы будынак на Гараднічанскай вуліцы. Тут адбываліся сустрэчы беларускіх і польскіх актывістаў у 1919 годзе, а таксама жылі сябры вайскова-дыпламатычнай місіі Антанты, якая павінна была вырашыць будучую дзяржаўную прыналежнасць Гродзеншчыны. Паміж іншымі тут жыў маёр амерыканскай арміі Дуайт Эйзенхауэр — будучы прэзідэнт ЗША.


Беларуская камендатура

  • вул. Мітрапаліта Філарэта, 1

Сучасная рэзідэнцыя праваслаўнага епіскапа, побач з архірэйскім падворкам. Тут размяшчалася Беларуская вайсковая камендатура і цэнтр вайсковых частак у Гродне на пачатку 1919 года. Адсюль паходзіць большасць здымкаў з беларускімі вайскоўцамі таго часу. У Гродне ў пачатку 1919 г. быў створаны беларускі полк, кавалерыйскі эскадрон, камендатура і іншыя аддзелы.


Былы Барысаглебскі манастыр

  • вул. Маставая, 35

Яго не засталося, на ягоным месцы пабудаваны драмтэатар. З 1916 году ў будынках манастыра дзейнічалі беларускі прытулак і беларуская школа. Кіравалі школай Аляксандар Грыкоўскі і Тэкля Станішэўская. Рэканструявалі выяву па некалькіх фатаграфіях з розных ракурсаў.


Старыя гарадскія могілкі на вуліцы Антонава

  • вул. Антонава, вул. Прыгарадная

Тут пахаваны адзін з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі ксёндз Францішак Грынкевіч і першы настаўнік Гродзенскай беларускай школы Аляксандар Грыкоўскі. На могілках таксама пахаваныя многія людзі датычныя да беларускай культуры — паэт Міхась Васілёк, маці Максіма Багдановіча.


Турма

  • вул. Кірава, 1

Цяпер таксама турма № 1 на вуліцы Кірава. Тут у міжваенныя часы ўтрымлівалі беларускіх патрыётаў, у тым ліку Браніслава Тарашкевіча і Пятра Сяўрука. Тут таксама сядзелі паэты-камуністы Піліп Пястрак і Валянцін Таўлай.


Падзяліцца

Апошнія запісы

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025

«Я б зрабіла гэта і бясплатна». Слонімчанка знялася ў фільме, які атрымаў пяць «Оскараў»

Беларуска Марыя Тычынская адыграла эпізадычную ролю ў фільме "Анора", які атрымаў "Залатую пальмавую галіну" Канскага…

14 сакавіка 2025