У Беларусі можна атрымаць грошы ад дзяржавы на адкрыццё ўласнай справы. Гучыць прывабна, але як гэта працуе на практыцы? Беларуска запісала відэа ў Instagram, дзе распавяла свой шлях — ад звальнення да рэгістрацыі ІП. У 2025 годзе ў Гродзенскай вобласці такую субсідыю атрымалі 36 чалавек. Рэдакцыя Hrodna.life разбіраецца, якія крокі трэба прайсці, колькі грошай можна атрымаць і на якіх умовах.
Адкрыць бізнес: першыя крокі
«Першае, што вам трэба зрабіць — гэта, вядома ж, звольніцца. Далей вы становіцеся на біржу працы, здаеце макулатуру, праходзіце навучанне, пішаце бізнес-план і атрымліваеце запаветнае пасведчанне аб адкрыцці ІП. Атрымліваеце субсідыю, якую вам трэба выдаткаваць з розумам, падаць усе паперкі як справаздачу — і пасля гэтага можаце спакойна працаваць», — распавяла Святлана ў відэа.
Гаворка ідзе пра яе мужа, які адкрыў уласны бізнэс па рамонце і абслугоўванні аўто. Відэа сабрала два дзясяткі каментароў - карыстальнікі паставіліся да такой інструкцыі неадназначна:
«Наступны ролік, закрываем ІП, ідзем на працу»;
«У Беларусі бізнес адкрываць? Смешна вядома»;
«Працаваць можна, а вось зарабляць не атрымаецца».
36 чалавек ужо атрымалі субсідыі
«У бягучым годзе ўжо 51 чалавек, жадаючы арганізаваць уласную справу, у нас накіраваны на прафесійную падрыхтоўку, з іх 36 чалавек ужо атрымалі адпаведную фінансавую падтрымку ў выглядзе субсідый», — заявіў начальнік упраўлення дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацабароне Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Собаль.
З іх 35 — для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і 1 — для рамеснай. Як адзначыў Собаль, падтрымка даецца бязвыплатна, але з шэрагам абавязацельстваў для атрымальніка.
Як гэта працуе на практыцы?
Калі вы хочаце адкрыць ІП, звальненне з працы не патрабуецца. Беларускае заканадаўства дапускае сумяшчэнне наёмнай працы і прадпрымальніцкай дзейнасці. Але калі ваша мэта — атрымаць субсідыю на адкрыццё бізнесу ад дзяржавы, то неабходна мець статус беспрацоўнага. Для гэтага трэба зарэгістравацца ў цэнтры занятасці.

Адзін з этапаў - праходжанне бясплатнага пяцідзённага курсу «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці». Навучанне арганізуе цэнтр занятасці ў Гродне. У рамках навучання слухачы атрымліваюць неабходныя веды і распрацоўваюць бізнес-план.
Далей — бізнес-план і заява з просьбай аб прадастаўленні субсідыі падаюцца ў Гродзенскі аддзел садзейнічання занятасці. Камісія разглядае дакументы на працягу 14 каляндарных дзён і прымае рашэнне аб выдзяленні субсідыі або адмове ў ёй.
Калі рашэнне станоўчае, сродкі пералічваюцца на банкаўскі рахунак заяўніка — пасля гэтага можна афіцыйна зарэгістраваць ІП. Для гэтага патрабуюцца: заява, фатаграфія і пацвярджэнне аб выплаце дзяржпошліны ў памеры 0,5 базавай велічыні (на 3 чэрвеня 2025 года — 21 рубель).
Памер субсідыі
Згодна з беларускім заканадаўствам, субсідыі бываюць некалькіх відаў:
- стандартная субсідыя — 11-разовая велічыня памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (5088 рублёў 38 капеек — Hrodna.life);
- субсідыя для сельскай мясцовасці і малых гарадоў — 15 БПМ (6938 рублёў 70 капеек — Hrodna.life);
- субсідыя для арганізацыі дзейнасці, звязанай з укараненнем навуковых даследаванняў і распрацовак — 20 БПМ (9251 рублёў 60 капеек — Hrodna.life).
З 1 траўня 2025 года бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва складае 462 рублёў і 58 капеек.
На працягу трох месяцаў атрымальнік субсідыі павінен падаць дакументы, якія пацвярджаюць мэтавае выкарыстанне сродкаў. Таксама трэба весці бізнэс не менш 12 месяцаў, з якіх 6 месяцаў — з выплатай падаткаў. У выпадку невыканання ўмоў субсідыю прыйдзецца вярнуць.
Чытайце таксама: З’яжджаюць за мяжу ці ў іншыя гарады: якія бізнэсы прадаюць у Гродне ў сувязі з пераездам