Трэнаваўся ў гіпсе і ўсіх перамог. Захар Дзмітрычэнка з Гродна стаў найлепшым бодзібілдэрам Беларусі

Гродзенцу Захару Дзмітрычэнку, абсалютнаму чэмпіёну Беларусі па бодзібілдынгу ў катэгорыі men’s physique, 24 гады. У спорце ён з шасці гадоў. Раней займаўся грэка-рымскай барацьбой, а «жалеза» цягаў толькі ў трэнажорнай зале — для падтрымання формы. Рашэнне паўдзельнічаць у чэмпіянаце было спантанным: «Убачыў афішу. Загарэўся гэтымі спаборніцтвамі. Вырашыў - трэба паспрабаваць сябе ў чымсьці новым».

Падрыхтоўка да чэмпіянату заняла ўсяго два з паловай месяцы. Палову гэтага часу Дзмітрычэнка трэнаваўся з загіпсаванымі нагамі. Чаго варты чэмпіёнскі тытул, ён распавёў Hrodna.life.

«Універсальны хлопец»

Захар са шматдзетнай сям'і. Ён рос з двума старэйшымі братамі і старэйшый сястрой. «Абодва браты прафесійна займаліся спортам. Гэта пастаянна заахвочвала», — распавядае ён. Любоў да спорту ў хлопцаў ад бацькі: «Памятаю, у 4 гады ён ужо браў мяне з сабой на прабежкі».

У секцыю барацьбы Захар прыйшоў разам з сябрам, калі ім было па шэсць гадоў. «Зачапіла барацьба як мастацтва. Было цікава даведвацца, як зрабіць які-небудзь новы прыём. Атмасфера захапляла. У школе паралельна з барацьбой займаўся лёгкай атлетыкай, лыжамі, плаваннем. Увогуле, такі быў універсальны хлопец».

«Універсальны хлопец» з Гродна Захар Дзмітрычэнка на ўніверсальным гродзенскім фоне для фатаграфій. Здымак з асабістага архіва

Дзякуючы добрай фізічнай падрыхтоўцы выйсці на чэмпіянат за пару месяцаў было рэальна. «Глядзеў атлетаў [на чэмпіянатах] Еўропы і свету. Меў уяўленне, як трэба выглядаць. Абраў [катэгорыю men’s physique] з улікам сваіх дадзеных. Мой рост 181 см, вага да падрыхтоўкі быў 98−95 кг. Разумеў, што гэтая маса не прапрацаваная, сырая, было куды худнець і што скідаць. Але вырашыў працаваць».

Па слядах Шварца і Ван-Дама

Захар расказаў, што «мастацтва цела» прыцягвала яго яшчэ ў поп-культуры 80-х і 90-х, калі культурызм і бодзібілдынг толькі набіралі папулярнасць.

На фота Арнольд Шварцэнэгер — узор стылю бодзібілдараў 80-х і 90-х

«Глядзеў фільмы з Арнольдам Шварцэнэгерам, Сільвестрам Сталонэ, Жан-Клодам Ван Дамам. Сачыў за атлетамі - Ці Пільна, Роні Колеман, Дарыян Ейтс, Ці Лабраду — можна пералічваць і пералічваць».

Жан-Клод Ван Дам. Фота: кадр з фільму «Крывавы спорт»

Зараз Захар падпісаны ў сацсетках на многіх папулярных бодзібілдараў постсавецкай прасторы. «Намінацыя men’s physique новая, дзейнічае 7 ці 8 гадоў. Але яна на слыху і адразу апанавала прасторы сацыяльных сетак. Тут аб’ёмы не звышвялікія. Проста прывабная знешнасць у хлопцаў. Людзям гэта падабаецца».

Удзельнікі чэмпіянату катэгорыі men’s physique на сцэне ў Гродне. Захар Дзмітрычэнка — першы злева. Фота: Алена Міронава

Трэнаванні ў гіпсе

«Галоўны абмах пры падрыхтоўцы да чэмпіянату здарыўся на лыжнай трасе. Паехаў пакатацца з горак і траўмаваў нагу — расцягнуў звязкі і пашкодзіў меніск», — распавёў Захар. Праз гэта каля месяца давялося правесці з загіпсаванымі нагамі: «Нармальна хадзіць не мог, толькі кульгаў».

Трэнаваць ногі і працягваць кардыятрэнаванні было немагчыма. Захар у гэты час прапампоўваў плечавы пояс. «Трэба было неяк губляць калорыі, каб схуднець. Даводзілася больш нагружаць верхнюю частку цела». Так прамінуў месяц. Калі гіпс знялі, нага яшчэ доўга турбавала — пасля нагрузак з’яўляліся ацёкі і боль. «Да самых спаборніцтваў хадзіў з апухлымі нагамі. Літаральна за 3−4 дні перад чэмпіянатам, калі стаў прыбіраць ваду, азызласць прайшла».

Колькі каштуе стаць чэмпіёнам

Да спаборніцтваў Захар рыхтаваўся самастойна. Разам са зменамі рэжыму трэнаванняў і харчавання прыйшлося асвоіць тэхнікі пазіравання. У гэтым дапамог трэнер Андрэй Мяжэнны.

Захар Дзмітрычэнка з узнагародамі чэмпіянату. Фота: Алена Міронава

На падрыхтоўку да чэмпіянату Захар выдаткаваў каля 800 даляраў: «Больш за ўсё каштавала харчаванне і вітаміны. Патрэбныя рыба, малочныя прадукты, складаныя вугляводы. Харчаванне — гэта галоўнае. Як харчуешся, так і будзеш выглядаць». Мяса ён не есць і пры падрыхтоўцы яго не выкарыстоўваў.

Чытайце таксама: Накачанные, красивые, упорные. В Гродно выбрали победителей 34-го чемпионата по бодибилдингу и фитнесу

Самі спаборніцтвы каштавалі 232 рублі.

Хвалявання не было, але есці хацелася ўвесь час

Перад спаборніцтвамі ўсхвалявала першая сустрэча з канкурэнтамі: «Усе такія аб’ёмныя і рэльефныя, не першы год выступаюць». Па словах Дзмітрычэнкі, ужывую хлопцы выглядалі ў два разы больш, чым на фотаздымках у інтэрнэце. «Падумаў тады: што я тут раблю, што я тут забыўся…»

Потым асаблівага перажывання не было, але вельмі хацелася есці: «Усё хваляванне перабіваў голад. Калі падводзіш сябе да спаборніцтваў, патрэбна жорсткая дыета, дэфіцыт калорый. Пастаянна ходзіш галодны і злы».

Затое канкурэнты-супернікі прыемна здзівілі: «За кулісамі сяброўская атмасфера. Усе ведаюць адзін аднаго, стасуюцца, дзеляцца ўражаннямі, дапамагаюць наносіць грым, перакусваюць разам. Мне вельмі спадабалася. Калі займаўся барацьбой, настрой зусім іншы быў. Там — кроў з носа перамагчы. „Зарубліваешся“ з супернікамі».

За кулісамі чэмпіянату. Фота: Алена Міронава

Праўда, Захар прызнаўся: «На сцэне сяброў няма». Кожны стараўся паказаць сябе па максімуму і зрабіць усё для перамогі.

Хейтэры — зваротны бок залатога медаля

Да спартсменаў, якія спаборнічаюць у бодзібілдынгу і фітнесе, стаўленне ў грамадстве неадназначнае. Адны захапляюцца іх целамі, іншыя — наадварот. Захар кажа, што да чужых ацэнак ставіцца нейтральна, і на негатыўныя каментары не рэагуе.

«Усе глядзяць па рознаму, людзям заўсёды штосьці не падабаецца. Калі знаёмыя спартсмены захочуць нешта такое сказаць — напішуць у прыват. Спакойна пагутарым, абмяркуем, што не так. А калі хейтэры пішуць з закрытых акаўнтаў, то навошта на іх звяртаць увагу?»

Удзельнікі чэмпіянату катэгорыі men’s physique на сцэне ў Гродне. Захар Дзмітрычэнка — справа, у другім шэрагу. Фота: Алена Міронава

У звычайным жыцці - школьны настаўнік і трэнер

Пасля перамогі на Чэмпіянаце Беларусі Дзмітрычэнка вяртаецца да звычайнага жыцця. Ён працуе трэнерам у трэнажорнай зале і фізруком у школе. Цяпер Захар займаецца з вучнямі першых і другіх класаў. Многія вучні ведалі пра яго перамозу і на ўроках ўсміхаліся, прыходзілі павіншаваць.

«Падабаецца ў школе працаваць. Калі дзеці маленькія, ім трэба даваць матывацыю, даваць прыклады чагосьці добрага, дзяліцца сваімі ведамі, каб яны сталелі з задавальненнем».

У наступны раз Захар Дзмітрычэнка выйдзе на сцэну ўжо ў бліжэйшыя выхадныя, 17 красавіка. У гэты дзень у Магілёве пройдзе турнір «Залаты леў». «Першая перамога матывавала, зарадзіла. Настроены працягваць».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024