Гродзенцу Захару Дзмітрычэнку, абсалютнаму чэмпіёну Беларусі па бодзібілдынгу ў катэгорыі men’s physique, 24 гады. У спорце ён з шасці гадоў. Раней займаўся грэка-рымскай барацьбой, а “жалеза” цягаў толькі ў трэнажорнай зале – для падтрымання формы. Рашэнне паўдзельнічаць у чэмпіянаце было спантанным: “Убачыў афішу. Загарэўся гэтымі спаборніцтвамі. Вырашыў – трэба паспрабаваць сябе ў чымсьці новым”.
Падрыхтоўка да чэмпіянату заняла ўсяго два з паловай месяцы. Палову гэтага часу Дзмітрычэнка трэнаваўся з загіпсаванымі нагамі. Чаго варты чэмпіёнскі тытул, ён распавёў Hrodna.life.
“Універсальны хлопец”
Захар са шматдзетнай сям’і. Ён рос з двума старэйшымі братамі і старэйшый сястрой. “Абодва браты прафесійна займаліся спортам. Гэта пастаянна заахвочвала”, – распавядае ён. Любоў да спорту ў хлопцаў ад бацькі: “Памятаю, у 4 гады ён ужо браў мяне з сабой на прабежкі”.
У секцыю барацьбы Захар прыйшоў разам з сябрам, калі ім было па шэсць гадоў. “Зачапіла барацьба як мастацтва. Было цікава даведвацца, як зрабіць які-небудзь новы прыём. Атмасфера захапляла. У школе паралельна з барацьбой займаўся лёгкай атлетыкай, лыжамі, плаваннем. Увогуле, такі быў універсальны хлопец”.

Дзякуючы добрай фізічнай падрыхтоўцы выйсці на чэмпіянат за пару месяцаў было рэальна. “Глядзеў атлетаў [на чэмпіянатах] Еўропы і свету. Меў уяўленне, як трэба выглядаць. Абраў [катэгорыю men’s physique] з улікам сваіх дадзеных. Мой рост 181 см, вага да падрыхтоўкі быў 98-95 кг. Разумеў, што гэтая маса не прапрацаваная, сырая, было куды худнець і што скідаць. Але вырашыў працаваць”.
Па слядах Шварца і Ван-Дама
Захар расказаў, што “мастацтва цела” прыцягвала яго яшчэ ў поп-культуры 80-х і 90-х, калі культурызм і бодзібілдынг толькі набіралі папулярнасць.

“Глядзеў фільмы з Арнольдам Шварцэнэгерам, Сільвестрам Сталонэ, Жан-Клодам Ван Дамам. Сачыў за атлетамі – Ці Пільна, Роні Колеман, Дарыян Ейтс, Ці Лабраду – можна пералічваць і пералічваць”.

Зараз Захар падпісаны ў сацсетках на многіх папулярных бодзібілдараў постсавецкай прасторы. “Намінацыя men’s physique новая, дзейнічае 7 ці 8 гадоў. Але яна на слыху і адразу апанавала прасторы сацыяльных сетак. Тут аб’ёмы не звышвялікія. Проста прывабная знешнасць у хлопцаў. Людзям гэта падабаецца”.

Трэнаванні ў гіпсе
“Галоўны абмах пры падрыхтоўцы да чэмпіянату здарыўся на лыжнай трасе. Паехаў пакатацца з горак і траўмаваў нагу – расцягнуў звязкі і пашкодзіў меніск”, – распавёў Захар. Праз гэта каля месяца давялося правесці з загіпсаванымі нагамі: “Нармальна хадзіць не мог, толькі кульгаў”.
Трэнаваць ногі і працягваць кардыятрэнаванні было немагчыма. Захар у гэты час прапампоўваў плечавы пояс. “Трэба было неяк губляць калорыі, каб схуднець. Даводзілася больш нагружаць верхнюю частку цела”. Так прамінуў месяц. Калі гіпс знялі, нага яшчэ доўга турбавала – пасля нагрузак з’яўляліся ацёкі і боль. “Да самых спаборніцтваў хадзіў з апухлымі нагамі. Літаральна за 3-4 дні перад чэмпіянатам, калі стаў прыбіраць ваду, азызласць прайшла”.
Колькі каштуе стаць чэмпіёнам
Да спаборніцтваў Захар рыхтаваўся самастойна. Разам са зменамі рэжыму трэнаванняў і харчавання прыйшлося асвоіць тэхнікі пазіравання. У гэтым дапамог трэнер Андрэй Мяжэнны.

На падрыхтоўку да чэмпіянату Захар выдаткаваў каля 800 даляраў: “Больш за ўсё каштавала харчаванне і вітаміны. Патрэбныя рыба, малочныя прадукты, складаныя вугляводы. Харчаванне – гэта галоўнае. Як харчуешся, так і будзеш выглядаць”. Мяса ён не есць і пры падрыхтоўцы яго не выкарыстоўваў.
Чытайце таксама: Накачанные, красивые, упорные. В Гродно выбрали победителей 34-го чемпионата по бодибилдингу и фитнесу
Самі спаборніцтвы каштавалі 232 рублі.
Хвалявання не было, але есці хацелася ўвесь час
Перад спаборніцтвамі ўсхвалявала першая сустрэча з канкурэнтамі: “Усе такія аб’ёмныя і рэльефныя, не першы год выступаюць”. Па словах Дзмітрычэнкі, ужывую хлопцы выглядалі ў два разы больш, чым на фотаздымках у інтэрнэце. “Падумаў тады: што я тут раблю, што я тут забыўся…”
Потым асаблівага перажывання не было, але вельмі хацелася есці: “Усё хваляванне перабіваў голад. Калі падводзіш сябе да спаборніцтваў, патрэбна жорсткая дыета, дэфіцыт калорый. Пастаянна ходзіш галодны і злы”.
Затое канкурэнты-супернікі прыемна здзівілі: “За кулісамі сяброўская атмасфера. Усе ведаюць адзін аднаго, стасуюцца, дзеляцца ўражаннямі, дапамагаюць наносіць грым, перакусваюць разам. Мне вельмі спадабалася. Калі займаўся барацьбой, настрой зусім іншы быў. Там – кроў з носа перамагчы. “Зарубліваешся” з супернікамі”.

Праўда, Захар прызнаўся: “На сцэне сяброў няма”. Кожны стараўся паказаць сябе па максімуму і зрабіць усё для перамогі.
Хейтэры – зваротны бок залатога медаля
Да спартсменаў, якія спаборнічаюць у бодзібілдынгу і фітнесе, стаўленне ў грамадстве неадназначнае. Адны захапляюцца іх целамі, іншыя – наадварот. Захар кажа, што да чужых ацэнак ставіцца нейтральна, і на негатыўныя каментары не рэагуе.
“Усе глядзяць па рознаму, людзям заўсёды штосьці не падабаецца. Калі знаёмыя спартсмены захочуць нешта такое сказаць – напішуць у прыват. Спакойна пагутарым, абмяркуем, што не так. А калі хейтэры пішуць з закрытых акаўнтаў, то навошта на іх звяртаць увагу?”

У звычайным жыцці – школьны настаўнік і трэнер
Пасля перамогі на Чэмпіянаце Беларусі Дзмітрычэнка вяртаецца да звычайнага жыцця. Ён працуе трэнерам у трэнажорнай зале і фізруком у школе. Цяпер Захар займаецца з вучнямі першых і другіх класаў. Многія вучні ведалі пра яго перамозу і на ўроках ўсміхаліся, прыходзілі павіншаваць.
“Падабаецца ў школе працаваць. Калі дзеці маленькія, ім трэба даваць матывацыю, даваць прыклады чагосьці добрага, дзяліцца сваімі ведамі, каб яны сталелі з задавальненнем”.
У наступны раз Захар Дзмітрычэнка выйдзе на сцэну ўжо ў бліжэйшыя выхадныя, 17 красавіка. У гэты дзень у Магілёве пройдзе турнір “Залаты леў”. “Першая перамога матывавала, зарадзіла. Настроены працягваць”.



