На Дзень незалежнасці гродзенка Таццяна Вежнавец апублікавала ў сацсетках пост пра сваё жыццё і пра тое, чаму хоча бачыць на пасадзе прэзідэнта Беларусі толькі Аляксандра Лукашэнку. «Дыягназ — Лукашэнка галаўнога мозгу», — пракаментаваў пост яе 19-гадовы сын, які хацеў бы жыць пры іншай уладзе. Hrodna.life спытаў псіхолага, як не перасварыцца, калі ў сям'і розныя палітычныя погляды.
Таццяна Вежнавец жыве ў Гродне 27 гадоў. У яе дзве вышэйшыя адукацыі (інжынерная і юрыдычная), трое дарослых дзяцей і муж. Таццяна любіць рыбалку і захапляецца тэатрам. У сацсетках не кранае палітычных тэмаў, але на Дзень незалежнасці размясціла адзін і той жа пост у Instagram і Facebook.
«Президент — это лицо страны. Он должен соответствовать! — пісала Таццяна. — Если мы хотим менять Президентов каждые пять лет, как в США (вот уж образчик…), то нужно создать институт президентства. Чтобы не выскочки управляли государством и не домохозяйки, а люди грамотные и знающие, куда они хотят вести свой народ».
Таццяна напалову руская, заспела вайну ў Чачні і лічыць, што беларусы не цэняць таго, што маюць. «Сейчас Беларусь хотят разорвать: либо слева, либо справа. Мозги включайте!!! Я не хочу жить в Белорусской области России, однако и НАТОвских солдатов на улицах своего города видеть тоже не хочу! Думаю, мы пока не готовы к таким переменам», — пісала яна.
Сыну Таццяны, Івану, 19 гадоў. Ён вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, працуе праграмістам. Яны ладзяць з мамай, каментуюць пасты адзін аднаго ў Instagram.
«Абсалютна ўсе яе довады ў падтрымку прэзідэнта альбо ніяк не звязаныя з яго заслугай, альбо іх навязала тая самая прапаганда. Калі яна кажа, што ў краіне нарэшце пачала панаваць стабільнасць, што ніякія войны не перашкаджаюць духоўнаму і эканамічнаму развіццю — гэта проста дурная і непрыхаваная прапаганда, якая пасялілася ў яе галаве, і якой яна жалезна давярае». Іван перакананы, што любое меркаванне павінна быць падмацавана жалезнымі фактамі з незалежных крыніц. Ён не разумее, як людзі вераць дзяржаўным СМІ.
«Мама прыводзіць прыклад, калі нашай сям'і была аказана сацыяльная дапамога як шматдзетнай. У перыяд станаўлення Беларусь хацела паказаць сябе сацыяльна-накіраванай, аднак апошнія 10 гадоў у гэтым плане дзеецца поўны хаос. Мая мама ўжо даўно не цікавілася палітыкай і развіццём нашай „стабільнай“ дзяржавы. Я напэўна ніколі не зразумею, як танкі на парадзе ў пандэмію выратуюць эканамічнае становішча нашай краіны і падымуць узровень жыцця».
Ён адзначыў, што яго сястра, пра поспехі якой піша Таццяна ў сваім пасце, проста вельмі моцная асоба і ўсяго дамаглася сама. Іван лічыць, што мама не гатовая да дыскусій з фактамі, не гатовая мяняць сваю пазіцыю.
Тым не менш, Іван выдатна ладзіць з мамай. «У гэтым заслуга моцных адносін у сям'і. Я заўсёды падтрымліваў апазіцыйныя ідэі. Нават калі я быў у 11 класе, бацькі стаялі на тым, што я яшчэ проста малы і дурны. Зараз прыхільнік Лукашэнкі ў сям'і - толькі мама. Нават нягледзячы на яе малую дасведчанасць у сферы палітыкі і відавочна смешныя довады — я вельмі цаню яе думку. Мы проста прымаем яе, атмасфера ў нашай сям'і не залежыць ад палітычных поглядаў».
Сама Таццяна Вежнавец распавяла Hrodna.life, што ў іх сям'і ёсць негалоснае правіла — палітыку і рэлігію дома не абмяркоўваць. Погляды дзяцей яна шануе, лічыць, што ў іх сваё жыццё.
«Мая дачка жыве ў Парыжы, яна ўдзельнічала ў мірнай дэманстрацыі. Каля Эйфелевай вежы сабраліся беларусы, каб выказаць сваё меркаванне. Ва ўсіх былі плакаты, сцягі. Вакол былі паліцэйскія. І ні адзін беларус, які знаходзіўся там, нават не падумаў падысці да паліцэйскага і зачапіць яго. Такія законы: калі ты задумаў бунт, ты павінен быць ізаляваны, каб захаваць спакой астатніх грамадзян, — так усюды. Але ў нас чамусьці вырашылі, што можна нападаць на амапаўцаў, якія прадстаўляюць уладу, і гэта нармальна. Я лічу, што гэта не нармальна!» — абураецца яна.
Псіхолаг з Гродна Юлія Кузміцкая падзялілася з Hrodna.life парадамі, як захаваць адносіны з блізкімі ў выпадку канфлікту з-за розных палітычных поглядаў.
Юлія Кузміцкая — сямейны і перынатальны псіхолаг, кандыдат псіхалагічных навук
Вырашыце ў сям'і: ці абмяркоўваеце вы палітычную сітуацыю? Так фармулююцца правілы зносін.
Калі канфлікт ужо ёсць, трэба зразумець, што вы хочаце атрымаць у выніку спрэчкі. Калі пераканаць, перарабіць — гэта гісторыя пераканання іншага думаць так, як вы. Калі вам важна быць пачутым, падзяліць свае пачуцці, убачыць чужы пункт гледжання, то гаворка ідзе пра важнасць адносін. Тады захаванне адносін становіцца каштоўнасцю ў канфліктнай сітуацыі, і сур’ёзных наступстваў можна пазбегнуць.
У чым прычына недаразумення? Адказ на гэтае пытанне дасць магчымасць спраўляцца з цяжкасцю тут і цяпер, не распаўсюджваць незадаволенасць на ўсю гісторыю вашых адносін і не спрабаваць вырашыць усе праблемы адразу.
Высвятляйце адносіны, калі эмацыйна спакойныя, калі ёсць маральныя сілы не рэагаваць востра на альтэрнатыўнае меркаванне іншага чалавека. Калі вы ці суразмоўца эмацыйна захопленыя — бярыце паўзу, можна прапанаваць вернуцца да размовы, калі будзеце больш спакойныя.
Часта нас раніць не змест, а форма сказанага. Калі падчас эмацыйнага напалу вы пераходзіце да інтэрпрэтацыі асобы і абразаў, успомніце, што гэта сапраўды аддаляе вас адзін ад аднаго. Можна сказаць пра гэта ўслых. Калі размова больш падобная да нападу, абараняйце свае межы: «Тое, што зараз адбываецца, мне не падабаецца», «Мяне так называць нельга».
Іншы чалавек — праўда іншы, няхай гэта будзе ваш тата або мама, сябар, калега. Ён мае права думаць і адчуваць па-іншаму, хоць нам гэта і не падабаецца. Гэта разуменне ратуе нас ад жадання перарабіць іншага, яго каштоўнасці. Сваё светаразуменне проста так іншаму не падарыш, тым больш супраць яго волі.
Не ацэньваеце іншага ў канфлікце. Ніхто не лепшы ці горшы, іншы — ён проста іншы. Старайцеся пазбягаць сцвярджэнняў пра чалавека, у якіх шмат абясцэньвання.
Выкарыстоўвайце «Я-выказванні». Напрыклад, не кажыце пра іншага: «Ты сказаў глупства», а кажыце пра сябе: «Я засмучаны, калі гэта чую».
Пытайцеся ў сябе, што вы хочаце паведаміць. Паспрабуйце зразумець, што іншаму важна паведаміць вам, якое значэнне ён укладвае ў сваё бачанне сітуацыі. Не бойцеся удакладняць. Можна спытаць: «Ці правільна я цябе зразумеў?» і паўтарыць тое, як вы зразумелі пачутае.
Заставайцеся ў кантакце. Калі вам важна быць пачутым у сваім пункце гледжання, то вам папросту патрэбны іншы чалавек. Немагчыма быць пачутым у адзіноце. Трэба застацца ў кантакце з блізкім і не разбурыць тое, што вас звязвае.
Звяртайце ўвагу на пачуцці: што адчувае іншы чалавек, як ён глядзіць на вас. Калі вы заўважылі штосьці важнае, вярніце гэта са словамі «Калі я табе казаў пра гэта, ты здаваўся такім (…)». Абапірайцеся на тое, што бачыце ў дадзены момант. Раскажыце, што вы адчувалі, калі выказваліся, што адчуваеце, калі вашы пункты гледжання не супадаюць.
Пакіньце час і іншаму выказаць свае думкі і пачуцці. У гэты момант звяртайце ўвагу на тое, як вы рэагуеце на словы эмацыйна, скажыце пра свае перажыванні. Магчыма, вашай кропкай сустрэчы стануць менавіта вашы пачуцці - вы абодва неабыякавыя да сітуацыі.
У вырашэнні канфлікту важна заставацца з каштоўнасцю:
Гэтыя маленькія шляхі не пераробяць светапогляд іншага, але ёсць шанцы, што вы будзеце пачутыя, і сустрэча паміж вамі адбудзецца. Але калі вам хочацца не спаткацца, а перарабіць ці пераканаць чалавека ў сваёй праваце, то канфлікт закончыцца сумам, бяссіллем і расчараваннем.
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…