Перад гэтымі навагоднімі святамі да апошняга не было дакладна вядома, ці будзе 2 студзеня працоўным днём, ці ўсё ж народу дадуць адпачыць пасля добрага гуляння. Улады вырашылі, што беларусам трэба выйсці на працу, нягледзячы на тое, што многія былі супраць — у інтэрнэце сабралі 16,5 тысяч подпісаў.
Аўтарка Hrodna.life спыталася ў сяброў і знаёмых, як добра яны выконвалі свае абавязкі 2 студзеня і ці лічаць, што гэты дзень павінен быць выходным.
Вольга, настаўніца пачатковых класаў, Гродна
— Працаваць адразу пасля свята — гэта жорстка! Асабліва калі добра адзначыў, і 1 студзеня сябе не вельмі добра адчуваеш. Павінен быць яшчэ адзін выходны!
Аляксандра, ІП, Мінск
— Я працую кожны дзень, сама сабе дырэктар. А той, хто працуе на дзяржпрацы, мае фіксаваны графік, вымушаны сёння даядаць салаты на працы. Я ім спачуваю!
Вольга, адміністратар у дзяржаўным медычным цэнтры, Гродна
— Хоць і працавалася сёння спакойна, усё ж павінен быць дадатковы выходны дзень. Пацыентаў пасля святаў амаль няма, і дзень паўпусты, проста «адсідка» гадзін.
Вольга, настаўніца англійскай мовы, Іўе
— Адпрацавала выдатна! Але, тым не менш, выходнага сёння я б хацела, бо не паспела наведаць тых, каго планавала! З іншага боку, не варта даваць волю аматарам добра выпіць, з іх працаўнікі потым вельмі дрэнныя, бо жывуць з дэвізам: «Гуляй, душа, пекла няма!»
Людміла, медычная сястра, Гродна
— Прыватна для мяне другога студзеня як працоўны дзень — гэта добра. Адзінае, шкада, што муж дома адпачывае, а я зараз на працы. А ўвогуле сённяшні дзень дрэнны для тых, у каго галава пасля свята баліць.
Антон, настаўнік фізічнай культуры і здароўя, Гродна
— Калі шчыра, то мне добра сёння працавалася. Усё, што хацеў, спланаваў, тое і зрабіў. Ніхто не лез у вочы.
Кацярына, прадавец-кансультант, Гродна
— У мяне праца спакойная, ненапружная. Напэўна, дадатковы выходны патрэбны тым, хто на свята з’язджае ў госці. Вяртацца першага студзеня зусім не цікава.
Аляксандр, малады спецыяліст, педыятр, Гродна
— Гэта проста жах! Пасля выходных у адных пацыентаў жываты баляць, у другіх — кашаль і насмарк. На працу пайшоў а 10.00, вярнуўся, а 20.00. Навагодняга настрою як і не было!
Наталля, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Шчучын
— Выходны патрэбны. Іх шмат не бывае. А ўвогуле, ці другога, ці трэцяга студзеня — усё роўна на працу, калі яна не падабаецца, ісці не хочацца. Таму мне ўсё роўна. Магчыма, калі б я актыўна адзначыла Новы год, то па-іншаму адказала б.
Аляксей, ветэрынар, Гродна
— У мяне сёння выходны. Але адчуваю, што 90% працуючых таксама не працуюць.
Многіх апытаных яднае адно: дзень другога студзеня хацелася б яшчэ адпачыць, пахадзіць па гасцях, пабыць з роднымі і блізкімі, калі вы жывяце ў розных мясцовасцях. Можа, уладам варта было прыслухацца да тых 16,5 тыс. чалавек, што падпісаліся пад петыцыяй, каб дзень другога студзеня быў працягам адпачынку?