Тысячы людзей, якія сядзяць у беларускіх турмах па палітычных прычынах, і мільёны ўкраінскіх уцекачоў - гэта не тое, з чаго жартуюць комікі. Аднак нават у няпростыя часы гумар дапамагае перажыць трагедыі і страты. Пра тое, як гэта — жартаваць у час вайны і рэпрэсій, як успрымаюць гэта гледачы і ці карыстаецца папулярнасцю камедыя на беларускай, мы распыталі двух стендап-комікаў, якія выступаюць зараз у Еўропе. А яшчэ пагаварылі з антраполагам пра гумар, які з’яўляецца ахоўнай рэакцыяй і дапамагае знаходзіць аднадумцаў.
Міхаіл Ільін — беларускі комік і журналіст, выступаў на Мінскай стэндап-сцэне. У 2021 годзе вымушана эміграваў у Польшчу.
Максім Канавал — стэндап-комік, сцэнарыст. Пачынаў сваю кар’еру ў Беларусі, у 2012 годзе пераехаў у Кіеў, у 2022 з-за вайны — у Польшчу. Удзельнічае як ва ўкраінскіх, так і ў беларускіх стендап-праектах.
Абодва комікі зараз выступаюць у складзе аб’яднання комікаў Pan Stand Up. Праводзяць, у тым ліку, дабрачынныя канцэрты, сабраныя сродкі з якіх накіроўваюцца ва ўкраінскія фонды, а таксама ў падтрымку сем’яў палітвязняў Беларусі.
МК: Пра вайну жартаваць цяжка — кожны дзень гінуць людзі. На фоне трагедыі гумар здаецца недарэчным, таму жарты ў асноўным атрымліваюцца на каляваенныя тэмы — пра Арастовіча, напрыклад. Пра тое, што многія ігнаруюць паветраную трывогу і не спускаюцца ў хованкі, таму што гэты гук стаў ужо часткай жыцця.
Жартаваць пра ўсё гэта трэба. Бо калі мы не будзем жартаваць, то гэта будзе значыць, што абставіны нас перамаглі. А гэта не так.
МІ: У першыя дні вайны, нават знаходзячыся ў бяспецы за мяжой, адчувалася, як маральна ціснула ўсё тое, што здарылася. Таму праз дзесьці тыдзень пасля пачатку вайны мы адважыліся на першы дабрачынны канцэрт.
Цяжка было пераступіць праз сябе, але мы разумелі, што і нам, комікам, і гледачам гэты канцэрт патрэбны. Каб пераключыцца, каб гумар стаў свайго роду тэрапіяй і дапамог справіцца з калектыўнай трывогай.
Чытайце таксама:
МК: У Беларусі ў мяне засталіся сувязі, там жывуць блізкія мне людзі, там застаюцца бацькі і сваякі. Нашы погляды на ўсе апошнія падзеі, на шчасце, супадаюць. Аднак яны аддаюць перавагу заставацца ў Беларусі, паколькі там іх родны дом. Але яны ніколі не перасцерагалі мяне адносна нейкіх выказванняў. Я буду працягваць рабіць тое, што раблю, і выказвацца так, як палічу патрэбным. Застаецца толькі спадзявацца на тое, што мая пазіцыя не адаб’ецца на іх.
МІ: За сябе я не баюся. Мне зараз, знаходзячыся не ў Беларусі, ужо не страшна жартаваць на такія тэмы. У Беларусі ў мяне засталіся сваякі. Спадзяюся, нікога з іх не будуць «кашмарыць» з-за маіх жартаў.
Чытайце таксама: Бег, чай и котики. Что поможет от стресса, если к психологу не дойти
МК: Не хочацца надаваць нейкага вялізнага значэння таму, што мы робім, бо ёсць людзі, якія займаюцца больш важнымі рэчамі і іх праца значна больш каштоўная. Пры гэтым я спадзяюся, што нашы жарты і думкі, якія мы транслюем у сваіх выступах, змогуць на нешта паўплываць, падтрымаюць кагосьці, ці кагосьці на нешта натхняць.
Гумар можа быць формай групавой тэрапіі. Я мяркую па Украіне, калі ў першыя тыдні ўся камедыя была на паўзе, і гэта зразумела, але ўжо ў красавіку, а то і раней, мае калегі пачалі праводзіць стэндап у бамбасховішчы, гутарковыя сустрэчы з гледачом і гэтак далей. І ў афішах такіх вечароў, і ў саміх такіх выступах яны транслявалі, што гэта дапаможа і артыстам, і гледачам забыцца на пастаянны скролінг навін, выплюхнуць назапашаную стомленасць і іншыя цяжкія эмоцыі і хоць трохі расслабіцца. Хоць бы на тыя паўтары гадзіны, якія праводзяць разам комік і глядач.
МІ: Мы часта гаворым з іншымі комікамі пра тое, што ў святле ўсіх трагічных падзей выходзіць з жартамі на сцэну можа быць недарэчна. Але нам падабаецца гэтым займацца, мы гэтым жывем і не гатовыя ад гэтага адмаўляцца.
Можна паглядзець на камедыю падчас вайны і рэпрэсій як на спосаб развеяцца. Не будзем мы выступаць — і ў тых, хто мог бы пайсці на нашы канцэрты, будзе менш магчымасцяў адцягнуцца ад трывогі і перажыванняў. Можна, вядома, схадзіць на музычны канцэрт любімай групы, але не ўсе могуць сабе гэта дазволіць, а білет на стендап-вечар варта адчувальна танней, чым на канцэрт умоўных Guns’N’Roses.
ДАВЕДКА: Стендап ў бамбасховішчы — праект некалькіх украінскіх комікаў: Фелікса Рэдзькі, Іллі Галушчанкі, Канстанціна Яцэнкі. Практычна з першых дзён вайны яны выступаюць у бамбасховішчы горада Сумы. Гэтыя выступы комікі здымаюць і выкладваюць на Youtube. Ролікі набіраюць сотні тысяч праглядаў і мноства станоўчых каментароў.
МК: Шчыра — было цяжкавата. Я дзевяць гадоў жыў ва Украіне і амаль не гаварыў па-беларуску. Даводзілася «падгружаць» у памяці беларускую мову і павялічыць спажыванне беларускага кантэнту — слухаць падкасты, чытаць беларускіх аўтараў. Патроху атрымлівалася. Рабіў памылкі, але гэта было непазбежна.
Беларускія канцэрты мы праводзім рэгулярна, таму з кожным разам будзе ўсё прасцей. Зараз у цэлым расце попыт на разнастайны беларускі кантэнт.
2020 год стаў свайго роду мяжой, прайшоўшы якую мы шмат што зразумелі, у тым ліку, што мы — не Расія. Пачаўся ўздым нацыянальнай самасвядомасці ў краіне. Нам стала важна вывучаць сваю мову, культуру, гісторыю. Што тычыцца рэакцыі аўдыторыі на такія канцэрты — бронь квіткоў на іх праходзіла праз дырэкт нашага профілю ў Instagram. Відаць было, што менавіта на камедыю на беларускай мове прыходзіць шмат новых гледачоў.
МІ: Выступаць на беларускай мове для мяне звыкла, бо я — журналіст беларускага медыя. Спецыяльнай падрыхтоўкі для гэтага мне не спатрэбілася.
Адносна таго, на якой мове камедыя карыстаецца большай папулярнасцю — раней стэндап-сцэна ў Варшаве была не так развітая. Зараз сюды перабралася вельмі шмат комікаў. Ёсць і запыт на стэндап на беларускай, рускай мове і ўкраінскай мовах.
Магу сказаць, што квіткі на беларускія канцэрты хутка раскупляюцца — солд-аўт за суткі. На такіх канцэртах можна дазволіць сабе паэксперыментаваць, жартаваць на тэмы, якія будуць зразумелыя толькі беларусам. З апошняга — пра пазіцыю Валерыя Цапкалы, напрыклад. На такіх канцэртах, улічваючы ўзровень міграцыі і колькасць беларусаў, якія знаходзяцца ў Варшаве, складваецца адчуванне, што з краіны ты не ад’язджаў. Выступаеш як у Мінску, толькі з меншымі для сябе рызыкамі. Тут няма такога, што нельга жартаваць на нейкія тэмы, таму што ў зале сёння хтосьці з сілавых структур або мясцовай улады.
Чытайце таксама: От музыканта до бариста. Популярные тиктокеры из Гродно — кто они?
МК: У публічнай асобы ёсць інструмент — аўдыторыя. Спачатку я вельмі злаваўся на тых, хто прамаўчаў, назіраючы увесь той жах, які адбываецца ва Украіне. Цяпер эмоцыі крыху аціхлі, але я ўсё роўна не магу зразумець, што рухае тымі, хто пайшоў на ўгоду з уласным сумленнем.
Пры ўсіх сваіх эмоцыях я нікому з іх нічога не пісаў. Хоць у маім асяроддзі ёсць людзі, якія звярталіся да тых, хто маўчаў, абураліся, заклікалі да сумлення. Не магу сказаць, што ім удалося кагосьці пераканаць.
МІ: Не хочацца нікога паліваць брудам і пераходзіць на асобы. Я ніколі не быў вялікім прыхільнікам таго ж Нурлана Сабурава. Яго творчасць ніколі не была мне блізкай, таму для мяне нічога не змянілася і не здарылася расчаравання. Цікава было назіраць за адменамі яго канцэртаў у ЗША і як ён некаторымі дзеяннямі закопваў сябе ўсё больш. Некаторыя яго жарты ў выніку аказаліся наогул за рысай маралі.
Ясна, што многія з комікаў у расейскім стэндапе цяпер звязаныя кантрактамі і вялізнымі грашыма. Гэта іх выбар. Я гэта разумею, але не прымаю. Для мяне дзіўна, калі некаторыя з іх заяўляюць, што не выказваюцца, таму што ў іх сям’я і дзеці. Той жа Сабураў, відавочна, ужо доларавы мільянер і можа сабе дазволіць жыць у любой краіне і працягваць гастраляваць. Але ён зрабіў свой выбар і яму з гэтым жыць.
МК: Мы яшчэ абмяркоўваем гэтае пытанне ў сям'і. Калі мы гаворым пра новую, вольную Беларусь, то, магчыма, мы вернемся жыць туды. Аднак мы пражылі дзевяць гадоў у Кіеве, палюбілі гэты горад, абзавяліся там знаёмымі і сябрамі.
МІ: Планаў пусціць карані ў Польшчы ў мяне няма, таму жыву ў рэжыме чакання. Пры гэтым я разумею, што ён можа зацягнуцца. Польшча ў цэлым вельмі камфортная краіна для рэлакейта, для беларусаў. Мы жартуем, што Варшава — гэта той жа Менск, толькі без Лукашэнкі. Мару калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь, але зыходжу з песімістычных прагнозаў.
Я сумую па Менску і родным Брэсце, але разумею, што Беларусь цяпер знаходзіцца не толькі ў межах Рэспублікі Беларусь.
Пра гумар і смех мы таксама распыталі антрапалагіню Аляксандру Архіпаву.
Ці можа гумар у няпросты час быць ахоўнай рэакцыяй для чалавека?
У часы «Вялікага тэрору» ў 1934−1937 гадах людзі масава распаўсюджвалі анекдоты, хоць за гэта належыла прамое і сур’ёзнае пакаранне паводле артыкула. У такім выпадку спрацоўвае адразу некалькі функцый гумару. Першая — пошук саюзніка. Чалавек высмейвае нейкія сакральныя рэчы, моцна рызыкуе, але пры гэтым шукае «свайго». Калі людзі вакол смяюцца, значыць яны прытрымліваюцца такога ж пункту гледжання.
Другая функцыя — зброя слабых. Калі чалавек не можа пратэставаць наўпрост, калі гэта цягне за сабой сур’ёзныя рызыкі, ён пачынае пратэставаць не пратэстуючы, высмейваць правадыроў. Распаўсюд інфармацыі, адрознай ад афіцыйнай, становіцца формай пратэсту, і гумар прымае ў гэтым удзел.
Акрамя таго, гумар з’яўляецца спосабам умацавання групавой ідэнтычнасці. Калі мы ўсе смяемся з анекдоту або над нейкага жарту, то ў нас ёсць нешта агульнае, і гэта агульнае можна пакласці ў аснову групавой ідэнтычнасці.
Усмешка існуе, напрыклад, у шымпанзэ. Толькі ў выпадку з жывёлай выразная ўсмешка хутчэй кажа пра агрэсію. У чалавека смех трансфармаваўся ў міжвольнае выяўленне задавальнення. Блізкі аналаг гэтаму — козыт. Нас казычуць — мы смяемся, гэта міжвольная рэакцыя і некаторы спосаб скінуць напружанне.
Ёсць тэорыя Фройда, якую, з некаторымі агаворкамі, прымае шмат людзей. Яна заключаецца ў тым, што ў чалавека ў галаве вельмі шмат цэнзараў, якія кажуць яму, чаго нельга рабіць, напрыклад, жартаваць пра сэкс. Але калі чалавек робіць «слізкі» жарт і яго суразмоўцы смяюцца, ён абыходзіць свайго цэнзара. Смех такім чынам з’яўляецца праявай задавальнення.
Іншая тэорыя заключаецца ў тым, што мы смяемся, калі сутыкаемся з двума з’явамі, якія не могуць быць злучаныя ў адной прасторы. Нядаўні анекдот як прыклад: Пуцін кажа Сіманьян: «Мне трэба, каб вы напісалі артыкул». Яна пытаецца: «На якой мове?». Пуцін адказвае: «Іўрыце». Сіманьян кажа: «Дык гэта зразумела, а на якой мове»? Гумар заключаецца ў тым, што назва мовы, слова «іўрыце» гучыць як фраза «и врите». Жартам перасякаюцца два фрэймы, якія ў звыклых умовах сутыкнуцца не могуць, наш мозг гэтаму вельмі здзіўляецца і праяўляе гэта смехам як рэакцыяй задавальнення.
Гумар зводзіць разам дзве рэчы, якія ў нармальных умовах не могуць існаваць разам.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…