Эма Багдановіч — беларуская татарка і мусульманка родам з Іўя. Мы пагаварылі з ёй пра тое, як у Гродні рэагуюць на мусульман, як беларускія традыцыі і законы іх абмяжоўваюць, чаму ў каледжы не дазволілі насіць хустку і дзе ў Гродне шукаць халяльнае мяса.
Татары ў Іўі жывуць некалькі стагоддзяў. Там дзейнічае мячэць. Прыезджыя з Узбекістана ці Таджыкістана апранаюць жонак з ног да галавы, выконваюць пяціразовы намаз, трымаюць пост. А вось асіміляваныя татары, па словах Эмы, могуць «і памаліцца, і выпіць», хоць іслам забараняе алкаголь і не вітае курэнне.
Эме 21 год. Яна прыехала ў Гродна вучыцца, выйшла тут замуж за мусульманіна і засталася жыць. Яна кажа, што са школьных гадоў цікавілася ісламам і хадзіла з сёстрамі на нядзельныя заняткі, якія праводзіў дзядзька.
Іслам забараняе ўжываць свініну, алкаголь, не вітае тытунь. Штодня трэба выконваць пяціразовы намаз — малітву. Трымаць пост на працягу месяца Рамадан. І хаця б раз у жыцці наведаць Меку. У ісламе ёсць два галоўныя святы: Курбан-Байрам і Рамадан-Байрам. У гэтыя святы рэжуць цяля, клічуць гасцей і святкуюць тры-чатыры дні. І абавязкова дапамагаюць грашыма або прадуктамі беднякам.Эма пачала пасціцца з 17 гадоў. «Быў дзень, калі я сама сабе сказала: усё, пост, на ежу не глядзець, настройвала сябе. З дапамогай Усявышняга атрымалася, і далей добра ўсё было».
У Гродне Эма паступіла ў Гандлёвы каледж. На першым семестры яна нічым не адрознівалася ад аднакурснікаў. А пасля вакацый вырашыла пакрыць галаву. Паводле Карану гэта трэба, каб патрапіць у рай.
— Пасля вакацый я надзела штаны, туніку і хустку. Пайшла на вучобу, цэлы тыдзень праходзіла — я сябе выдатна адчувала. Ніхто мяне не чапаў. Калі апранаеш хустку, адчуваеш… спакой. Напэўна, ніхто не зразумее так, як мусульманка, што значыць спакой. Ты абаронены — цябе ніхто не будзе чапаць, — дзеліцца адчуваннямі Эма.
Студэнты паставіліся да сітуацыі нармальна. А вось адміністрацыя каледжа патэлефанавала бацькам Эмы. Яны аблаялі яе і прымусілі зняць хустку. Дамовіліся, што пакрываць галаву яна будзе, калі выйдзе замуж па жаданні мужа. Цяпер яна працуе ў салоне МТС. Начальніца сказала, што ставіцца да хусткі нармальна, але не на працоўным месцы. Але, выбіраючыся ў горад, Эма павязвае хустку на галаву.
На працы не атрымліваецца здзяйсняць намаз — сям’я робіць гэта дома. Таксама ў Беларусі цяжка знайсці халяльнае мяса. У асноўным Эма яго купляе на міні-рынку па вуліцы Паповіча. Там ёсць ларок, дзе прадаюцца тушкі ад «Панскага гатунку» Скідзельскай птушкафабрыкі. Калі ўдаецца знайсці такое мяса, купляюць адразу некалькі тушак. Багдановічы таксама ядуць рыбу — лічыцца, што гэта заўсёды халяль. Калі надакучае курыца і рыба, і няма магчымасці купіць халяльную ялавічыну, купляюць, што ёсць — ялавічыну ў краме ці на рынку. У кафэ бяруць стравы на аснове рыбы, грыбоў. Тым часам у Мінску ўжо адкрылі халяльныя рэстараны, кафэ, фаст-фуды. У Гродне з гэтым складаней.
У Гродне не вельмі вялікая мусульманская абшчына — чалавек 50, у тым ліку прыезджыя. Арандуецца памяшканне, дзе па пятніцах — у святы дзень — збіраюцца мужчыны. Жанчыны выбіраюць дзень, калі яны збіраюцца, робяць пачастункі, слухаюць імама. У іх ёсць група ў WhatsApp, дзе яны абменьваюцца інфармацыяй. Эма кажа, што яны хацелі б мячэць у Гродне. На святы ў абшчыне збіраецца шмат людзей, у тым ліку замежных студэнтаў.
— Хусткі усюды — на рынку, у краме, сэканд-хэндзе. З адзеннем складаней. У DeFacto можна для мусульманкі падабраць кашулю, кардзіган, спадніцу, штаны альбо сукенку. Калі нічога няма там, звяртаюся да знаёмых у Мінску, якія займаюцца турэцкім адзеннем. Там выбіраю сукенкі, касцюмы спартыўныя з доўгай кофтай — зручныя, стыльныя рэчы з Турцыі, — распавядае Эма.
— А не хочацца выглядаць часам задзірліва, правакацыйна?
— Для мужа хочацца, а так не. Мне больш падабаецца, як я выглядаю ў хіджабе.
— Гэта значыць такая сціплая закрытая вопратка — гэта прама тваё?
— Мне гэта падабаецца. Сукенкі - гэта прыгожа, стыльна, модна. Але яны часам скоўваюць рухі. Напрыклад, на ровары цяжка ездзіць або доўга шпацыраваць. Сукенкі заўсёды будуць у модзе, проста будзе розная колеравая гама альбо дызайн.
Мусульманка можа паказваць сябе толькі жанчынам, мужу і сваякам. Гэта значыць, нават у аквапарк яна можа схадзіць толькі пры наяўнасці буркіні - закрытага купальніка з шапачкай. Жанчына можа выйсці замуж толькі за мусульманіна. Мусульманін — ажаніцца на дзяўчыне і іншай рэлігіі.
— Толькі мужчына, калі яму падабаецца дзяўчына, падасць знак. Калі дзяўчыне падабаецца хлопец, яна не можа яму прапанаваць ажаніцца, — распавядае Эма. — У гэтым выпадку мусульманка можа пагутарыць толькі праз пасярэдніка (валі) — мужчыну, які з’яўляецца ёй блізкім сваяком (бацька). Калі яна з немусульманскай сям'і, то валі можа быць імам.
— А што, калі тэмпераменты не супадуць? Як гэта праверыць?
— Можна пагутарыць. У Беларусі не такія законы, што нашы бацькі размаўляюць і дзяцей знаёмяць і жэняць. У нас нашмат прасцей. Але ініцыятыва павінна быць ад жаніха. Калі яму дзяўчына падабаецца, ён пазнаёміцца з ёй, і будзе знаёміцца з яе бацькамі, знаёміць са сваімі. Яны дамаўляюцца і рыхтуюцца да вяселля.
Эму з мужам Алегам пазнаёміла яго сястра і яе сяброўка.Эма кажа, што не адчувае, каб яе правы жанчыны парушаліся. «Я працую. Гэта ўжо нешта. Але паколькі ў нашай краіне беспрацоўным штраф, у любым выпадку прыходзіцца. І капеечка не пашкодзіць у любой сям'і. Тым больш, пакуль няма дзяцей».
Сваіх дзяцей Эма не будзе прымушаць насіць хустку. «Няхай яна сама, калі захоча, апранае, гледзячы на маму. Але, вядома, буду ёй казаць, што любая дарослая дзяўчына павінна пакрываць галаву».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…