Эма Багдановіч — беларуская татарка і мусульманка родам з Іўя. Мы пагаварылі з ёй пра тое, як у Гродні рэагуюць на мусульман, як беларускія традыцыі і законы іх абмяжоўваюць, чаму ў каледжы не дазволілі насіць хустку і дзе ў Гродне шукаць халяльнае мяса.

Татары ў Іўі жывуць некалькі стагоддзяў. Там дзейнічае мячэць. Прыезджыя з Узбекістана ці Таджыкістана апранаюць жонак з ног да галавы, выконваюць пяціразовы намаз, трымаюць пост. А вось асіміляваныя татары, па словах Эмы, могуць «і памаліцца, і выпіць», хоць іслам забараняе алкаголь і не вітае курэнне.

Эме 21 год. Яна прыехала ў Гродна вучыцца, выйшла тут замуж за мусульманіна і засталася жыць. Яна кажа, што са школьных гадоў цікавілася ісламам і хадзіла з сёстрамі на нядзельныя заняткі, якія праводзіў дзядзька.

Іслам забараняе ўжываць свініну, алкаголь, не вітае тытунь. Штодня трэба выконваць пяціразовы намаз — малітву. Трымаць пост на працягу месяца Рамадан. І хаця б раз у жыцці наведаць Меку. У ісламе ёсць два галоўныя святы: Курбан-Байрам і Рамадан-Байрам. У гэтыя святы рэжуць цяля, клічуць гасцей і святкуюць тры-чатыры дні. І абавязкова дапамагаюць грашыма або прадуктамі беднякам.

Беларуская мусульманка: «Калі апранаеш хустку, адчуваеш спакой»
Мячэць у Іўі
Эма пачала пасціцца з 17 гадоў. «Быў дзень, калі я сама сабе сказала: усё, пост, на ежу не глядзець, настройвала сябе. З дапамогай Усявышняга атрымалася, і далей добра ўсё было».

Адміністрацыя каледжа патэлефанавала бацькам і яны прымусілі зняць хустку

У Гродне Эма паступіла ў Гандлёвы каледж. На першым семестры яна нічым не адрознівалася ад аднакурснікаў. А пасля вакацый вырашыла пакрыць галаву. Паводле Карану гэта трэба, каб патрапіць у рай.

— Пасля вакацый я надзела штаны, туніку і хустку. Пайшла на вучобу, цэлы тыдзень праходзіла — я сябе выдатна адчувала. Ніхто мяне не чапаў. Калі апранаеш хустку, адчуваеш… спакой. Напэўна, ніхто не зразумее так, як мусульманка, што значыць спакой. Ты абаронены — цябе ніхто не будзе чапаць, — дзеліцца адчуваннямі Эма.

Студэнты паставіліся да сітуацыі нармальна. А вось адміністрацыя каледжа патэлефанавала бацькам Эмы. Яны аблаялі яе і прымусілі зняць хустку. Дамовіліся, што пакрываць галаву яна будзе, калі выйдзе замуж па жаданні мужа. Цяпер яна працуе ў салоне МТС. Начальніца сказала, што ставіцца да хусткі нармальна, але не на працоўным месцы. Але, выбіраючыся ў горад, Эма павязвае хустку на галаву.

Як жыве мусульманская абшчына ў Гродне

На працы не атрымліваецца здзяйсняць намаз — сям’я робіць гэта дома. Таксама ў Беларусі цяжка знайсці халяльнае мяса. У асноўным Эма яго купляе на міні-рынку па вуліцы Паповіча. Там ёсць ларок, дзе прадаюцца тушкі ад «Панскага гатунку» Скідзельскай птушкафабрыкі. Калі ўдаецца знайсці такое мяса, купляюць адразу некалькі тушак. Багдановічы таксама ядуць рыбу — лічыцца, што гэта заўсёды халяль. Калі надакучае курыца і рыба, і няма магчымасці купіць халяльную ялавічыну, купляюць, што ёсць — ялавічыну ў краме ці на рынку. У кафэ бяруць стравы на аснове рыбы, грыбоў. Тым часам у Мінску ўжо адкрылі халяльныя рэстараны, кафэ, фаст-фуды. У Гродне з гэтым складаней.

Беларуская мусульманка: «Калі апранаеш хустку, адчуваеш спакой»

У Гродне не вельмі вялікая мусульманская абшчына — чалавек 50, у тым ліку прыезджыя. Арандуецца памяшканне, дзе па пятніцах — у святы дзень — збіраюцца мужчыны. Жанчыны выбіраюць дзень, калі яны збіраюцца, робяць пачастункі, слухаюць імама. У іх ёсць група ў WhatsApp, дзе яны абменьваюцца інфармацыяй. Эма кажа, што яны хацелі б мячэць у Гродне. На святы ў абшчыне збіраецца шмат людзей, у тым ліку замежных студэнтаў.

У Беларусі мусульманка лёгка можа выбраць сабе вопратку і хусткі

— Хусткі усюды — на рынку, у краме, сэканд-хэндзе. З адзеннем складаней. У DeFacto можна для мусульманкі падабраць кашулю, кардзіган, спадніцу, штаны альбо сукенку. Калі нічога няма там, звяртаюся да знаёмых у Мінску, якія займаюцца турэцкім адзеннем. Там выбіраю сукенкі, касцюмы спартыўныя з доўгай кофтай — зручныя, стыльныя рэчы з Турцыі, — распавядае Эма.

Беларуская мусульманка: «Калі апранаеш хустку, адчуваеш спакой»

— А не хочацца выглядаць часам задзірліва, правакацыйна?

— Для мужа хочацца, а так не. Мне больш падабаецца, як я выглядаю ў хіджабе.

— Гэта значыць такая сціплая закрытая вопратка — гэта прама тваё?

— Мне гэта падабаецца. Сукенкі - гэта прыгожа, стыльна, модна. Але яны часам скоўваюць рухі. Напрыклад, на ровары цяжка ездзіць або доўга шпацыраваць. Сукенкі заўсёды будуць у модзе, проста будзе розная колеравая гама альбо дызайн.

Пра каханне, сям’ю і правы жанчын

Мусульманка можа паказваць сябе толькі жанчынам, мужу і сваякам. Гэта значыць, нават у аквапарк яна можа схадзіць толькі пры наяўнасці буркіні - закрытага купальніка з шапачкай. Жанчына можа выйсці замуж толькі за мусульманіна. Мусульманін — ажаніцца на дзяўчыне і іншай рэлігіі.

— Толькі мужчына, калі яму падабаецца дзяўчына, падасць знак. Калі дзяўчыне падабаецца хлопец, яна не можа яму прапанаваць ажаніцца, — распавядае Эма. — У гэтым выпадку мусульманка можа пагутарыць толькі праз пасярэдніка (валі) — мужчыну, які з’яўляецца ёй блізкім сваяком (бацька). Калі яна з немусульманскай сям'і, то валі можа быць імам.

— А што, калі тэмпераменты не супадуць? Як гэта праверыць?

— Можна пагутарыць. У Беларусі не такія законы, што нашы бацькі размаўляюць і дзяцей знаёмяць і жэняць. У нас нашмат прасцей. Але ініцыятыва павінна быць ад жаніха. Калі яму дзяўчына падабаецца, ён пазнаёміцца ​​з ёй, і будзе знаёміцца ​​з яе бацькамі, знаёміць са сваімі. Яны дамаўляюцца і рыхтуюцца да вяселля.

Эму з мужам Алегам пазнаёміла яго сястра і яе сяброўка.

Беларуская мусульманка: «Калі апранаеш хустку, адчуваеш спакой»
Сукенка Эмы на нікяхе — так у ісламе называецца вянчанне
Эма кажа, што не адчувае, каб яе правы жанчыны парушаліся. «Я працую. Гэта ўжо нешта. Але паколькі ў нашай краіне беспрацоўным штраф, у любым выпадку прыходзіцца. І капеечка не пашкодзіць у любой сям'і. Тым больш, пакуль няма дзяцей».

Сваіх дзяцей Эма не будзе прымушаць насіць хустку. «Няхай яна сама, калі захоча, апранае, гледзячы на ​​маму. Але, вядома, буду ёй казаць, што любая дарослая дзяўчына павінна пакрываць галаву».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life