У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы ж зусім нядаўна адсвяткавалі Новы год і добра памятаем, як стараліся сабраць на стол і ў падарункі ўсё самае лепшае. Бо дагэтуль кажам — як Новы год сустрэнеш, такім ён і будзе. Жыццё сто разоў даказвала нам зваротнае, але ж мы ўсё роўна хочам верыць у казку. А дакладней, у магію пачатку, перададзеную нам старэйшымі пакаленнямі. Яна суправаджала беларусаў цягам усяго года і часам дапамагала выбрацца з самых безнадзейных сітуацый. Пра некаторыя магічныя практыкі Hrodna.life раскажа ў гэтым матэрыяле.

Зіма: «Як пачнеш, так яно і будзе" — магія пачатку ў беларускім фальклоры

Сляды беларускай магіі пачатку засталіся ў прымаўках і павер’ях. Кажуць, каб быць здаровым, трэба пацерці твар першым снегам і прамовіць: «Сняжок упаў, бог здароўя паслаў». А калі грыміць першы гром, раілі пацерціся спінаю аб дуб, каб цэлы год не хварэць. Распаўсюджвалася сімволіка пачатку не толькі на людзей, але і на скаціну. Купленую кароўку першы раз заводзілі ў хлеў хвастом наперад — каб не баялася сурокаў і не цуралася свайго хлява.

Чытайце яшчэ: Як нашыя продкі святкавалі Новы год і Каляды

Вясна: першыя буслы і сэксі-практыкі на ўраджай

З магіяй пачатку звязаны і пачатак земляробчых работ. Збіраючыся па вясне ў першы раз у поле, гаспадар мусіў чыста ўмыцца і апрануць чыстую вопратку. Гэта да магіі пачатку далучалася магія падабенства. Лічылі, што калі гаспадар чысты, то і поле будзе чыстым ад пустазелля. А перад тым як араць, гаспадар запрагаў валоў у саху, тройчы абыходзіў іх з поўным вядром вады, а потым абліваў іх гэтаю вадою. Так рабілі, каб скаціне хапіла сілаў на ўсе вясновыя работы.

Па тым, як нешта прайшло першы раз, рабілі і прагнозы на ўраджай, дабрабыт і здароўе. Да нашых дзён дайшлі прыкметы пра буслоў. Калі першы раз бачыш бусла ў палёце, то гэта прадказвае здароўе і рухомасць на цэлы год. Калі ж першага ўвесну бусла пабачыць у гняздзе, то значыць, нешта і чалавека будзе трымаць пры хаце. Магчыма, хвароба апануе, ці іншыя абставіны не дадуць пакінуць дом.

Прыкмету з бусламі можна было проста прыняць, як дадзенае. А вось калі першы раз бачыш у небе дзікіх гусей, трэба было не разгубіцца. Бо лічылі, што трэба адразу ўзяць жменьку зямлі з-пад правай нагі і гэтай зямлёю злёгку пасыпаць гуску, што сядзіць на яйках. Такія магічныя дзеянні мусілі паспрыяць добраму вывадку гусянят.

Беларуская магія падабенства часта параўноўвала зямлю з жанчынай. Бо зямля родзіць, прыносіць ураджай, як жанчына нараджае дзіця. Таму былі ў беларусаў і абрады, што сёння выглядаюць вельмі «сэксі». Каб зямля радзіла, гаспадар — мужчына мусіў абысці свежапасаджаныя грады без портак, сімвалічна аплодніць зямлю — каб быў добры ўраджай.

А каб добра радзіла бульба, першую бульбіну ў разору мусіў пакласці альбо самы моцны мужчына з сям'і, альбо цяжарная жанчына. Пасля пасадкі жанчыны пераварочвалі кошыкі і садзіліся на іх голым задам.

Лета: Купальская варажба і прадукавальная магія

Самае вялікае летняе свята — Купалле. Без варажбы і магічных рытуалаў тут не абыходзілася. Святкаваць Купалле збіраліся ўсёй грамадою. А тых, хто ігнараваў агульныя імпрэзы, маглі западозрыць у вядзьмарстве.

У гэта свята скакалі праз агонь, што было сімвалам ачышчэння, ды шукалі Папараць-кветку, што магла даць багацце і чароўную сілу таму, хто яе знойдзе. Калі ж з папараццю не пашанцавала, то беларуская магія раіла даведацца пра суджанага праз трыпутнік. Яго ліст трэба было сарваць на раздарожжы апоўначы. Прычым дзяўчына мела быць распранутай і зрываць расліну без дапамогі рук. Пасля гэтай працэдуры трэба было хутчэй бегчы дахаты і пакласці трыпутнік пад падушку. Той самы суджаны меўся паказацца ў сне.

Часткаю святаў былі і гушканні на арэлях. З аднаго боку арэлі сімвалізавалі еднасць сусвету, аб’яднанне зямлі і неба. З іншага — мелі эратычны сэнс. Магічная аналогія з гушканнем на арэлях — у перажыванні працэсу стварэння. Тут зашыфраванае ўсё жыццё — ад калыскі да труны.
Засцерагальная магія беларусаў не раіла нешта пазычаць на Купалле — каб не аддаць за адно ўласнае багацце і дабрабыт.

Чытайце таксама: Начное вогнішча, танцы і папараць-кветка. Пад Гроднам яшчэ раз адсвяткавалі Купалле

Восень: Багач, вяселлі і адлёт буслоў «па дзяцей»

Восеньскія абрады беларусаў у многім звязаны са сканчэннем летніх палявых работ і зборам ураджаю. Адно з такіх святаў - Багач. Так называлі не толькі свята, але і галоўны яго сімвал — гаршчок з жытам і свечкаю. Свечка ў гаршку з жытам была сімвалам сонца, якое дало выгадаваць і сабраць ураджай. Зерне для багача збіралі па жменьцы ўсёй вёскай і пакідалі багач у адной з хат.

У адных мясцовасцях давалі багач самай маладой сям'і, каб у іх вялася гаспадарка. У іншых — тым, хто сабраў добры ўраджай. Атрымаць багач на захоўванне было вялікім гонарам. Гаспадары за гэта частавалі аднавяскоўцаў.

Беларуская прымаўка кажа: «Прыйшоў багач, кідай рагач. Бяры сявеньку ды сей памаленьку». Такім чынам нагадвалі, што трэба не толькі сабраць тое, што вырасла, але і паклапаціцца пра ўраджай на наступны год.

Тут не абыходзілася без беларускай магіі падабенства. Калі жанчыны ішлі па полю і сеялі лён, то прыгаворвалі, каб рос такі доўгі, як шлях, што яны прайшлі.

Багач трэба было адсвяткаваць багата. Да імпрэзы маглі, напрыклад, зарэзаць барана — зрабіць ахвяраванне ўсім тым сілам, што дапамаглі вырасціць ураджай. А калі хто з гаспадароў шкадаваў сваю жывёліну, то казалі, што яе ўсё роўна воўк задзярэ.

Калі ж з палявымі работамі было скончана, надыходзіла пара восеньскіх вяселляў. З гэтым звязаны магічныя ўласцівасці, якія беларусы прыпісваюць буслам. Кажуць, што гэта «Святы Баўтрамей (Варфаламей) выпраўляе буслоў па дзяцей». Бо пасля восеньскіх вяселляў дзеці з’яўляюцца якраз на весну. І беларуская магія звязала гэтыя падзеі.

Белая і чорная магія беларусаў

У белай магіі часта мелі месца жывёлы белага колеру. На белых валах трэба было праараць кола вакол вёскі, каб у яе не пранікла хвароба. Жывёлам чорнага колеру часта надавалі супрацьлеглы сэнс. Напрыклад лічылі, што ў чорнага коціка з белымі вусамі і белай рыскай на носе ёсць адмысловая костка. Калі гэту костку ўзяць у зубы, то чалавек робіцца нябачным. Меркавалі, што такая костка ёсць у кожнага злодзея — менавіта таму і ўдаецца скрасці нешта проста на вачах у гаспадароў.

Канечне, у кожнай вёсцы ці мястэчку былі і свае, адмысловыя магічныя і чароўныя практыкі, якія дапамагалі пераадолець складаныя жыццёвыя абставіны ці патлумачыць пэўныя з’явы. Магчыма, некаму з нас і зараз яны прыйдуцца даспадобы. Як казалі даўней у нашых месцах — «Можа не паможа, але і не зашкодзіць».

Чытайце яшчэ: Заглянуть в будущее и «познакомиться» с женихом. Гродненки рассказали, как гадали на святки и что из этого вышло