«Вы павінны знайсці сябе ў алкаголі - гэта як для верніка знайсці Хрыста. Чаму такое параўнанне? Бо свой алкаголь трэба не толькі любіць, у яго трэба верыць. Калі вы не знайшлі сябе ў алкоголі, трэба шукаць у іншым: нехта ў тытуні знаходзіць, нехта ў гульнях. Калі алкаголь — не ваш прадукт, то лепш і не піць яго, гэта бессэнсоўна. Гэта марнаванне часу. І алкаголю», — расказваў Сяргей Красоўскі ў Гродне на занятках «Мова Нанова». Іх тэмай было вінаробства.
Сам Сяргей знайшоў сябе ў віне даволі рана — у чатыры гады. «Алкагольная кар’ера пачынаецца з малалецтва, — жартуе ён. — Мне было чатыры гады, я быў у бабулі, а яна прыслужвала ў царкве. І пацягнула мяне малога туды. Была служба, я заснуў на лаўцы. Яна кажа: «Сярожка, уставай, зараз будзе прычасце. Я прычасціўся і запомніў той смак кагору. З таго часу і пачалася мая любоў да віна».
А ўжо ў гадоў 13−15 ён пачаў самастойна вырошчваць вінаград. Паспрыяла гэтаму бабуліна хата ў палескай вёсцы, дзе Сяргей праводзіў летнія вакацыі, матчына літаратура па вырошчванні вінаграду і ўласны інтравертны характар. Вось так зоркі сышліся.
Вінаград можна перапрацоўваць па-рознаму. Можна есці, ставіць сок, рабіць разынкі, але лепшае захаванне вінаграду, паводле Сяргея, — форма віна. Калі яшчэ інтэрнэту не было, Сяргей чытаў энцыклапедыі, даведнікі і навуковыя працы па вінаробстве. Калі з’явіўся інтэрнэт, вінароб пачаў перапісвацца на форумах, абменьвацца досведам і гатункамі. Абмяняцца ёсць чым — Сяргей робіць віно ўжо больш за 15 гадоў.
Зараз Сяргей вырошчвае каля 30 гатункаў вінаграду і вырабляе каля 30 монасартавых вінаў. Ён мае два вінаграднікі: у вёсцы на Палессі і ў прыватным доме ў Мінску.
— Я пастаянна быў незадаволеным якасцю свайго віна. І я хацеў дасягнуць пэўнага ідэалу — зрабіць віно, якое прыемна ў першую чаргу мне. У мяне атрымалася толькі ў гэтым годзе. І яно заняло першае месца на беларускім злёце вінаробаў. Але гэта 15 гадоў паразаў! — расказвае Сяргей.
Рабіць віно — гэта цяжкая праца: і фізічная, і інтэлектуальная. За вінаградам трэба даглядаць штодня: правяраць на хваробы, акрапляць хіміяй, каб ён не хварэў, рабіць падкормкі, абрэзкі, аберагаць ад замаразкаў. І трэба ўвесь час думаць, як гэта зрабіць правільна.
У кожнай краіне свой клімат, таму вырошчваць вінаград можна толькі метадам спроб і памылак. Французы 200 гадоў шукалі спосабы вырасціць добры вінаград, каб рабіць добрае віно. У нашай краіне гэтым пачалі займацца толькі 20 гадоў таму.
Вынікі ёсць, але яны мінімальныя, бо вінаробства ў Беларусі трымаецца на аматарах. Манетызаваць яго можна, адкрыўшы аграсядзібу і атрымаўшы дазвол на выраб аўтарскіх алкагольных напояў, каб частаваць імі наведвальнікаў. Каб атрымаць ліцэнзію і прадаваць алкаголь у крамах, трэба мець свой вінзавод.
Але, па-першае, туды трэба ўкласці шмат грошай. Па-другое, вінаробы не змогуць вытрымаць сусветнай канкурэнцыі. Таму гэта нерэнтабельна. Пакуль. Клуб вінаробаў-аматараў спрабуе лабіраваць гэты момант.
Раз на год клуб вінаробаў збірае аматараў, якія робяць «гаражнае» віно — набліжанай да завадской якасці. Туды запрашаюць самелье, якія выстаўляюць адзнакі па дзесяцібальнай шкале. Віно з адзнакай «7,5» лічыцца якасным. А беларускія вінаробы маюць «8,5». Таксама клуб ладзіць аматарскія імпрэзы ў бары «Добры год» у Мінску.
— Якаснае віно ў Беларусі вырабляе каля 50 чалавек. А 10 з іх можна адпраўляць у добры год на міжнародныя конкурсы. Беларусь мае вялікі патэнцыял у белым віне. Гэта датычыць сухіх, сталовых він без рэштквага цукру. Напаўсалодкія і салодкія дэсертныя віна не дазваляе прыгатаваць наш клімат.
У вінаробстве ёсць паняцце САТ — сума актыўных тэмператур за вінаградны год. Вінаградны год пачынаецца, калі сярэдняя тэмпература за дзень дасягае 10 градусаў. І тым жа заканчваецца. Шматлікім гатункам, асабліва тым, з якіх робяць чырвонае віно, не хапае нашага цяпла, і яны не набіраюць кандыцыі. Калі гатунак не набірае кандыцыі, ён не можа раскрыцца. Віно з яго прыгатаваць можна, але яно будзе сяроднім. Агратэхніка і розныя хітрыкі дазваляць выцягнуць максімум з гэтага цяпла.
Навошта прыкладаць столькі намаганняў для вырошчвання вінаграду, калі можна развіваць свае аўтэнтычныя напоі?
«Бо мы хочам прыпадабніцца да культурнай Еўропы. Там 1000-гадовая гісторыя вінаробства. Віно — гэта элітарны напой, а мы імкнемся да эліты. Гэта звязана з амбіцыямі і комплексамі, — кажа Сяргей. — Як вернікі прыпадабняюцца да сваіх ідалаў, так і мы прыпадабняемся да еўрапейскай культурнай спадчыны».
Вінаграднікі ў Беларусі з’явіліся ў 1005 годзе ў Тураве для храмавых патрэбаў. Яны знікла з-за развіцця гандлю і неспрыяльнага клімату. Затым культуру вінаграду развівала італьянка Бона Сфорца. У царскай Расіі гэтым займаліся ў Горы-Горыцкім земляробчым інстытуце. У 1950 годзе ў Беларусі заклалі першы пасляваенны вінаграднік. Ён існуе дагэтуль, на яго базе функцыянуе Пінскі вінзавод.
Сяргей лічыць, што беларускім аўтэнтычным напоем можна назваць алкаголь на аснове мёду кшталту медавухі. А так, яго ўвогуле не было.
[irp posts="34 939″ name=" Марцовае" піва, дубняк і старка. Якія алкагольныя напоі пілі беларусы 150 гадоў таму"]
— Беларускі напой — той напой, які піў народ. А ў нас народ да 19−20 стагоддзя быў непітушчым, бо не было за што піць. Шляхта піла прывазное. Вінакурні з’явілася ў царскай Расіі для сродкаў у казну. Тады пачалі піць усё, у асноўным, моцныя напоі. І дзе ж тут аўтэнтычнае? Беларус — гэта такі інтраверт на балоце. Ён еў тое, што давала прырода. Яму не трэба было піць. Піць мы пачалі нядаўна — у 20-м стагоддзі. Таму ў нас няма культуры піцця.
Каб навучыцца піць культурна, трэба знайсці «свой» алкаголь, лічыць Сяргей. Затым разабрацца ў яго класічных гатунках. «Калі вы навучыцеся адрозніваць іх, вы зразумееце, што вам падабаецца. Толькі тады вы станеце культурным ужывальнікам алкаголю, у вас з’явіцца культура піцця», — кажа Сяргей.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…