Сёлета 1 верасня спаўняецца 78 гадоў з дня пачатку Другой Сусветнай вайны. Але ў Беларусі ў школах дагэтуль вучаць, што вайна для беларусаў пачалася ў чэрвені 1941 года. Гродзенка Пелагея Аляшкевіч распавядае, што для Гродна і многіх сем’яў гэтага горада жахі вайны пачаліся з першымі бомбамі ў верасні 1939 года.
Пелагея Аляшкевіч (Шупiцкая) нарадзілася ў Варшаве ў 1932 годзе. Пасля чатырох гадоў жыцця ў сталіцы, яе бацькі вырашаюць пераехаць на ўсход — у Гродна. Бацька Пелагеi працаваў у гродзенскай турме і атрымліваў добрыя грошы, на якія мог забяспечваць сям’ю.
«Тата родам з Адэльска, а мама карэнная варшавянка. Я ж усё жыццё пражыла ў Гродне і сябе лічу гродзенкай. Жылі мы да вайны добра, бо тата выцягваў усю сям’ю. Ён у 30-х гадах зарабляў добрыя грошы. Працаваў ён у гродзенскай турме паштальёнам — насіў розную дакументацыю і лісты. Жылі мы на вуліцы Райгроцкай (сучасная Гогаля), там у нас была часовая будыніна, пазней бацька планаваў пабудаваць дом».
Далі 12 сутак гаўптвахты за перадачу газет Прытыцкаму
Бацька Пелагеi Вацлаў Шупiцкi ведаў некалькі моваў, што і дапамагала яму ў жыцці. Так, у час амаль двухтыднёвай гаўптвахты, якую далі Шупiцкаму за пранос зняволеным забароненых газет, яму ўдалося вывучыць французскую мову.
Калі мама насiла яму перадачы, то ён у яе папрасіў прынесці слоўнік французскай мовы. І за той час пакуль тата сядзеў у турме, яму ўдалося вывучыць чарговую мову. Дзіўна, але тата яшчэ размаўляў і на ідышы — калі ён заходзіў у мясцовыя крамы, то ў яўрэяў заўсёды быў сваім чалавекам. Маме сказаў, што ідыш вывучыў, бо ў той час яўрэі мелі бізнес усюды і веданне iх мовы дапамагло б яму ў наладжванні кантактаў".
Хавалі загінуўшых нямытымі і не пераапранутымі
Другая Сусветная вайна ў Гродне пачалася ў той момант, калі Германія напала на Польшчу. Па ўспамінах Пелагеi, у першы дзень вайны над Гродна кружыў нямецкі самалёт, першыя бомбы якога ўпалі на мост Пілсудскага (Стары) і на тэрыторыю турмы, дзе загінулі чатыры супрацоўнікі і адзін зняволены.
«1 верасня 1939 года ў 8.00 бацька, як звычайна, быў на працы. Дзесьцi каля дзясятай да нас прыйшла суседка і сказала, што тата загінуў - нямецкія бомбы ўпалі побач з ім. Для нас гэта была страшная і нечаканая страта. Мы сабраліся сіламі і пайшлі ў турму. Памятаю, што мост пацярпеў ад бомбаў i людзі паклалі дошкі і хадзілі, але машыны ўжо не ездзілі. Мы прыйшлі ў турму, там на тэрыторыі была каплічка, а ў ёй ужо стаяла 5 трунаў, у адной з іх быў бацька. Загінулых не мылі і не пераапраналі, іх у крыві і мундзірах так і пахавалі. У трунах іх накрылі белымі прасцінамі».
Хаваць загінуўшых было немагчыма, бо немцы працягвалі лётаць над горадам. Працягвалася гэта аж да 17 верасня. У выніку загінулых здолелі пахаваць на каталіцкіх могілках ноччу. Праз тры днi пасля смерці Вацлава Шупіцкага сям'і заплацілі страхоўку.
Гродзенская моладзь сустракала савецкія танкі кактэйлямі Молатава
Ужо 17 верасня ў Гродна ўвайшлі савецкія танкі. Польскіх салдат у горадзе практычна не было: хтосьці быў на заходнім фронце, а хтосьцi пайшоў абараняць Вільню. Па ўспамінах Пелагеi, гараджане сустракалі савецкія войскі з кактэйлямі Молатава.
«Абараняла Гродна ад непрыяцеля моладзь, рэшткі салдат і паліцыі. Памятаю, дырэктар аднаго з заводаў напоўніў бутэлькі запальнай сумессю і выдаваў людзям, каб яны гэтым сустракалі танкі. Многія маладыя хлопцы самааддана змагаліся і біліся, у ліку іх быў і Тадзiк Ясінскі, якога пасля ранення прывязалі да танка як шчыт. Ведаю, што пасля сёстрам міласэрнасці ўдалося яго забраць у рускіх салдат і перадаць маці. Дык тая маладая жанчына вельмі доўга плакала і праклінала не таго, хто яго забіў, а тых, хто яго паслаў на танкі. Моладзь у Гродне змагалася за свае хаты і сем'і. Памятаю, што вялікая група гродзенцаў забарыкадавалася ў Доме афіцэраў на Ажэшкі, але саветам атрымалася выбіць абаронцаў. Пасля ўсiх расстралялі на Сабачай горцы».
Памылка Бертэля
Пелагея распавядае што былі ў Гродне і тыя, хто сустракаў савецкую армію з кветкамі. У іх ліку быў яе сусед Аляксандр Бертэль, які з-за сваёй памылкі загубіў сябе і частку сям'і.
«Сям'ю Бертэль мы называлі бандытамі. Яны былі неадукаванымi, але са зброяй. Памятаю, што многія салдаты польскай арміі не жадалі ваяваць, проста не бачылі сэнсу ў гэтым і ішлі дадому да сем’яў. Некалькі салдат праходзіла ля дома Бертэля на вуліцы Вiгерскай, а той з акна пачаў страляць у іх. Салдаты разбегліся і адкрылі агонь у адказ, а пасля падпалілі дом Бертэля. Памылка суседа была ў тым, што ён пачаў страляць па салдатах і не падумаў, што ў яго дома была цэлая сям’я. У выніку ён за гэта паплаціўся — загінулі ён сам і некалькi членаў яго сям'і».
Акрамя Бертэля былі і іншыя гродзенцы, якія сустракалі «рускіх». Пелагея ўзгадвае, як іншы сусед, добра апрануўшыся, пайшоў да войскаў са словамі: «Здравствуйте, товарищи!», а яму ў адказ адзін з «рускіх»: «Иди отсюда! Томбовский волк тебе товарищ!».
Сям'і Шупiцкiх з 1939 па 1941 гады без бацькі прыйшлося вельмі складана. З пачаткам нямецкай акупацыяй маці Пелагеi атрымалася ўладкавацца на тытунёвую фабрыку, адкуль яна час ад часу выносіла ў кішэнях тытунь, а пасля прадавала.
Маглі і вывезці ў Сібір
У вайну Шупiцкiм ўдалося выжыць, негледзячы на розныя няшчасныя выпадкі. Пасля вайны маці Пелагеi спрабавала, як і многiя іншыя гараджане, перабрацца ў Польшчу. Але на запыт прыйшла адмова з Масквы: маўляў, у Варшаве нікога і нічога не засталося.
«Так, Варшава была разбурана, але нашы сваякі былі жывыя. Нас проста не выпусцілі, хацелі, мабыць, саслаць далёка ў Расію, але зрабіць камуністам гэта не ўдалося. Першы раз, калі за намі прыйшлі, мы схаваліся, а пасля перасталі баяцца і нас ужо ніхто не чапаў.
Падчас акупацый мне ўдалося скончыць усяго чатыры класы, а пасля я паступіла ў школу фабрычна-завадскога навучання на Замкавай. Там вучылася на закройшчыцу. Жыццё так склалася, што пайшла працаваць на абутковую фабрыку на канвеер. Мой стаж там — 45 гадоў, атрымала ордэн «Ганаровы ветэран працы».
Хто ведае, што было б са мной і мамай, а пасля і братам, калі б мы з’ехалі ў Польшчу або Сібір? Лёс нам даў магчымасць застацца ў Гродне і выжыць, чаму мы і былі рады".