У Гродне на Замкавай, 11 адкрыўся кальян-бар «Loft». Ён знаходзіцца на месцы старых устаноў «Pizza&Coffee» і «Старлайт». Пра канцэпцыю, дызайн і сытныя стравы ўладальнікі бара распавялі Hrodna.life.

У кальян-бара тры ўласнікі: Аляксей Серы, Віталь Храменак і Андрэй Халупка. Аляксей у сферы грамадскага харчавання ўжо дзясяты год. Ён удзельнічаў у адкрыцці сеткі піцэрый «Pizza&Coffee», праекта «Fox Pizza», кавярні «Ферма», рэстарана «Барашка». Да гэтага быў досвед у Брэсце пры адкрыцці трох кавярняў.

Віталь і Андрэй займаюцца продажам абсталявання для грамадскага харчавання ў ТАА «Алькор Трэйд». Яны пазнаёміліся з Аляксеем некалькі гадоў таму, а пазней вырашылі адкрыць разам новы бар. «Так, мы часта бывалі на кухні праз нашу дзейнасць. Але бачыць, як працуе ўстанова такога роду знутры, цалкам пагрузіцца ў гэтую атмасферу — гэта вельмі цікава», — кажа Віталь.

бар Loft, Гродно, Замковая
Аляксей Серы і Віталь Храменак. Фота: Hrodna.life

Аб’ядналі два памяшканні

Памяшканне на Замкавай, 11 значна павялічылася. Тут з’явілася другая вялікая зала, і зараз у бар «Loft» змяшчаецца каля 50 чалавек.

«Спачатку было толькі адно памяшканне, і мы думалі, варта гэтым займацца ці не. А калі зразумелі, што ёсць варыянт зрабіць другую залу і аб’яднаць іх, то ніякіх пытанняў не засталося», — кажуць Аляксей і Віталь.
У суседнім памяшканні за сцяной раней знаходзіўся офіс. Сцены былі адштукаваныя, дзесьці быў цагляны мур. Як выявілася, у сцяне было тры праёмы, адзін з іх выкарысталі пад праход. «Фактычна мы нічога не руйнавалі, проста знялі пакрыццё», — кажа Віталь.

LOFT — гэта і пра назву, і пра дызайн

Над назвай установы, як кажуць уладальнікі, «ніхто не затлумляўся». Яна з’явілася да фінальных этапаў дызайну — прыкладна праз месяц ад ідэі.

«Мы зразумелі, што хочам, каб гэта было дрэва з цэглай, гранітныя падваконні і гэтак далей. А што гэта? Па афармленні лофт. А як яго назваць? Парым, смажым, курым, дымім??? Давайце так, каб гэта было проста і зразумела. Loft? Хай будзе Loft, лады».

Бар аформлены ў цёмных колерах, на некалькіх сценах тынкоўка збітая да цэглы. Дызайн заснавальнікі адаптавалі пад памяшканне, але канцэпт прыдумалі не самі. Над ім працаваў дызайнер, які зрабіў не адну ўстанову ў Гродне. Яго імя і прозвішча ўладальнікі вырашылі не казаць. Дэкарацыю, афарбоўку сценаў і карнізы ўладальнікі рабілі сваімі рукамі, а ўсе металаканструкцыі вырабілі на ўласнай вытворчасці.

Кальяны, напоі і сытны стравы

«Сёння мы прапануем кальяны, гарачыя напоі (чай, кава), аўтарскія кактэйлі, добрую кухню, пераважна пабудаваную на гарачых, халодных закусках, а таксама ролах», — распавядае адзін з заснавальнікаў Аляксей Серы.

У кальян-бары працуе повар Мікіта Кірсанаў, ён займаўся і распрацоўкай меню. На цяперашні момант ён працуе таксама су-шэфам ў рэстаране «Pablo». «Па барным меню нам дапамагалі нашы знаёмыя з бара „Los Amigos“. Там выдатны бармэн Артур, які дапамагаў ставіць нам кактэйльную карту. Мы сябруем і з іншымі ўстановамі», — кажа Аляксей.

За час працы бара ўладальнікі заўважылі, што з ежы гасцям падабаюцца крылцы бафала і фіш-энд-чыпс. Гэта досыць вялікія сытны стравы, вагой каля 500 грамаў з соусамі на выбар. «Задача кухні складалася ў тым, каб кліенты прыйшлі, замовілі кальян, напоі і ежу. Тут госці праводзяць не паўгадзіны і не гадзіну часу. Трэба нешта паесці, і страва павінна быць сытнай». У асартымент смакаў кальянаў, якія прапануюць гасцям, уваходзяць сотні найменняў.

Сістэма зніжак, вечарынкі па выхадных і прадпрымальніцкія рызыкі

Ва ўстанове можна замовіць ежу і напоі навынас. Дастаўкі пакуль няма, магчыма ў будучыні яна з’явіцца, сцвярджаюць заснавальнікі бара «Loft».

У бары плануюць увесці бонусна-дысконтную сістэму зніжак: можна будзе назапашваць і выдаткоўваць балы. «Пакуль мы яшчэ да канца не вызначыліся ў лічбах. Мы знаходзімся на этапе распрацоўкі дызайну саміх бонусных карт», — кажа Аляксей.

Кожную пятніцу і суботу ва ўстанове плануюць вечарынкі з запрашэннем дыджэяў. «Мы стараемся па пятніцах рабіць інструментальна-вакальнае музычнае суправаджэнне. А па суботах дыджэі будуць граць аўтарскую музыку».

— Многія бары і рэстараны зараз зачыняюцца. Чаму вырашылі адкрыць ўстанову падчас пандэміі?

— А што рабіць? Няма такога часу, калі ўсё ідэальна і стрэліць на 100%. Складана падабраць такі ідэальны час. Прадпрымальніцкая рызыка будзе заўсёды, па-за залежнасцю ад эпідэміялагічных або нейкіх іншых прычын. Толькі наперад.

Адрас: вуліца Замкавая, 11.

Графік працы:
ндз — чц: з 18:00 да 02:00;
пт — сб: з 18:00 да 04:00.