Гродзенец з інваліднасцю Аляксей Лук’янчык вырашыў атрымаць аўтамабільныя правы. Абтэлефанаваў аўташколы і зразумеў, што ў Гродне гэта зрабіць немагчыма — няма аўтамабіля пад людзей з інваліднасцю. У пачатку лета ён стварыў петыцыю, якая заклікае ўлады вырашыць сітуацыю. 8 жніўня з ім сустрэўся кіраўнік Упраўлення па працы і занятасці Гродзенскага гарвыканкама. Тады прапанавалі закупіць адзіную машыну для ўсёй краіны, якая ў пэўны перыяд будзе знаходзіцца ў тым ці іншым рэгіёне. Ці будзе гэта эфектыўна?

Аляксей Лук’янчык працуе праграмістам. Інваліднасць атрымаў, калі трапіў у паўтара года ў аўтамабільную аварыю. З тых часоў у яго не працуе левая рука. Яму дыягнаставалі левабаковы плексіт і прызначылі трэцюю групу інваліднасці. Па гэтай прычыне атрымаць правы ў Гродне ён не можа. Ездзіць у іншы горад, кажа, немэтазгодна. У пэўным сэнсе гэта і пытанне прынцыпу.

— Гродна — вялікі горад, а такой магчымасці няма. На мой погляд, адно аўто можна купіць, нават не ў кожную аўташколу. Тая школа, якая першая зробіць гэта, атрымае рэкламу па горадзе і павагу, — кажа Аляксей.

Як прайсці вучобу чалавеку з інваліднасцю?

Вучоба ў аўташколе складаецца з тэарэтычнага і практычнага курса. Тэарэтычны можна прайсці ў любой школе. Праблема з практычным — 50 гадзін трэба праездзіць на аўтамабілі.

— У нашай краіне тры аўташколы, у якіх навучаюць людзей з інваліднасцю: у Мінску, Вілейцы і Кобрыне. Попыт на іх паслугі адносна невысокі: 20−30 чалавек у год. Пры такой колькасці курсантаў няма неабходнасці закупляць спецыяльныя аўтамабілі для іншых гарадоў, бо затраты на абсталяванне не акупяцца, а працаваць сабе ў страту ніхто не зацікаўлены, — распавядаў sb.by намеснік дырэктара прадпрыемства «Белтэхагляд» Міхаіл Свістун.

— Каб павысіць даступнасць навучання, мы ўнеслі змены ў праграму падрыхтоўкі людзей з інваліднасцю: дазволілі практыкавацца на аўтамабілях з скрынкай-аўтаматам, увялі паасобнае навучанне (тэарэтычны курс можна прайсці ў аўташколе свайго горада, а практычны — там, дзе ёсць спецыяльны транспарт). Акрамя таго, заключылі дагавор з Вілейскім дзяржаўным прафесійна-
тэхнічным ліцэем, які навучае ваджэнню, а таксама забяспечвае курсантаў месцамі ў інтэрнаце, — казаў Свістун.

Аляксею прапанавалі адкатаць неабходныя гадзіны на машыне Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Атрымліваецца, месяц трэба не працаваць і жыць у іншым горадзе — дорага.

Ці зручна гэта?

Аксана Якуцэвіч скарысталася магчымасцю давучыцца практыцы ў іншым горадзе. Аказалася, гэта не вельмі зручна. У Мінск Аксана ездзіла кожны тыдзень і знаходзілася там тры-чатыры дні. Дабіралася на маршрутцы.

— Я лічу, што такая машына павінна быць у кожным абласным горадзе. Таму што, каб атрымаць правы, трэба было прайсці ўсе кругі пекла — вельмі нязручна, — кажа дзяўчына. — Цяжка маральна і фізічна. Дарога туды і назад у Мінск, трымаць пытанні ў галаве сем месяцаў. А па грошах: колькі паляцела на дарогу, жыллё, харчаванне, на таксі - гэта… самі разумееце, Мінск.


«Пачалі на вуліцы пазнаваць». Аксана Якуцэвіч пра перамогу на конкурсе прыгажосці, інклюзіўнасць і догляд за сабой


Пачалося ўсё з таго, што знайсці ў Гродне даступную аўташколу для вазочніка аказалася вельмі складана. Аксана праманіторыла ўсе аўташколы. Больш-менш даступнай апынулася «АртДрайв» — там ўсяго дзве прыступкі. Праўда, вялікія. Аксане з імі дапамагалі. У Аксаны была група выхаднога дня, яна адвучылася з усімі. Аплаціла тэорыю.

У мінскай аўташколе прыйшлося аплаціць тэорыю і практыку яшчэ раз, хоць на тэорыю яна не хадзіла. 3,5 месяца Аксана вучылася ў Гродне. Потым прыйшлося чакаць столькі ж, пакуль скончыцца тэорыя ў мінскай аўташколе. Прыйшлося яшчэ раз здаць унутраны экзамен і ў ДАІ. Трымаць у галаве пытанні столькі часу было цяжка.

Раней было інакш

Сяргей Драздоўскі з Офіса па правах людзей з інваліднасцю кажа, што сітуацыя стала такой рэзка. У 2007 годзе дзяржава адмовілася ад такога віду рэабілітацыі - аўтамабіля з ручным кіраваннем. Гэты факт рэзка скараціў колькасць абітурыентаў з інваліднасцю ў школах кіравання. Адпаведна, ДТСААФ перастаў аказваць такую ​​функцыю. У выніку пакуль выбаўляюць прыватныя ініцыятывы.

Сяргей кажа, што таксама абмяжоўваюць людзей у праве на кіраванне абмежаванні з боку медэкспертызы. Напрыклад, у Гродне вядомая справа Аляксандра Зіміна з ДЦП, які хацеў атрымаць аўтамабільныя правы з правам найму, а ў выніку наогул пазбавіўся правоў.


Па закону — індывідуальны падыход, на практыцы — шаблонная забарона. Гарадзенцу з ДПЦ ізноў адмовілі ў праве кіраваць аўтамабілем


Гродзенец Сяргей Фешчанка з «Аб'яднанай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў» атрымліваў правы кіроўцы ў 80-х. Цяпер навучанне ў аўташколах доўжыцца тры месяцы. У 80-х 30 чалавек з інваліднасцю сабралі ў групу, завезлі ў Астрыну каля Шчучына, і на базе інтэрната інтэнсіўна вучылі месяц. Пражыванне і харчаванне аплачвала дзяржава. Сяргей называе гэта спосабам рэабілітацыі і кажа, што хацеў бы вярнуць зараз гэтую практыку.

«Мабыць, дзяржава вырашыла, няхай па дамах сядзяць, — кажа Сяргей. — У дакументах — індывідуальны падыход да інвалідаў, на практыцы ўсё стандартна». Ён распавядае, што ў Амерыцы ў яго жыве стрыечны брат. У яго ёсць знаёмая, у якой няма рук да локцяў. Тым не менш, яна кіруе не толькі аўтамабілем, але і верталётам. І нават у блізкай нам Польшчы можна сустрэць таксістаў з інваліднасцю.

Абсталяваць аўтамабіль складана?

Сяргей кажа, што абсталяваць аўтамабіль для чалавека з інваліднасцю — не праблема. Ён адрозніваецца толькі наяўнасцю ручнога кіравання. На сваім аўтамабілі Сяргей збіраў яго сам. Казаў, тады, у 80-х, гэта каштавала капейкі. Нядаўна яму прыйшлося замяніць ручное кіраванне. У мінскай майстэрні яго ўсталявалі за пару гадзін. Абыйшлося ў 200 долараў. На аўтамабілі з аўтаматычнай каробкай перадач гэта прасцей, з механікай крыху больш складана. Такі спосаб падыходзіць для «спінальнікаў». Але і для іншай інваліднасці ёсць спосабы падладзіць аўтамабіль.

Пры гэтым аварыйнасць у людзей з інваліднасцю невысокая. Сяргей кажа, гэта таму, што людзі з інваліднасцю больш уважліва ставяцца да свайго аўтамабіля. «Гэта нашы ногі», — кажа Сяргей.

Як спрабавалі вырашыць пытанне?

Сяргей кажа, што тры школы на Беларусь — мала. Не кожны можа сабе дазволіць паехаць у іншы горад. Часта гэта нязручна па часе і пацягне вялікія фінансавыя выдаткі. Калі чалавек з інваліднасцю жыве на адну пенсію, гэта амаль немагчыма. Да таго ж, аўташколы ў Вілейцы і Кобрыне — дзіўны выбар. У абласных цэнтрах прасцей знайсці жыллё. Тут у людзей больш знаёмых, якія маглі б ім дапамагчы.

Сяргей таксама ўздымаў гэтую праблему на сустрэчах з уладамі. У мінулы раз ён яе падняў на сустрэчы з Мечыславам Гоем. Тады старшыня гарвыканкама паабяцаў вырашыць яе да 1 сакавіка 2019 года. Тым часам ужо кастрычнік. «Добра, прыватныя фірмы, але ёсць ДТСААФ. Гэтым павінна займацца дзяржава. А ў нас атрымліваецца, што не сацыяльная абарона, а сацыяльны прыгнёт», — кажа Сяргей.

Чаму адзін аўтамабіль на ўсе рэгіёны — гэта мала?

Улады кажуць, што ў Гродне набярэцца чалавек 15, якія хочуць здаць на правы. Сяргей кажа, што толькі ў сваёй арганізацыі ён ведае чалавек 15, якія хацелі б навучыцца кіраваць аўтамабілем. Але не ведаючы, калі дакладна яны змогуць прайсці навучанне, ці збярэцца група ў Гродне, людзі не будуць матываваныя атрымаць правы.

Абсталяваць аўтамабіль варта было б яшчэ і на будучыню. Сяргей кажа, што па статыстыцы кожны год каля 350 чалавек садзіцца ў інвалідны вазок. Гэта плывуны, ахвяры ДТЗ, дыябетыкі. Тым часам аўтамабіль для людзей з інваліднасцю — гэта адзіны спосаб быць мабільным і не прывязаным да нязручных пандусаў і грамадскага транспарту.

Пытанне вырашаецца

— У Гродне набярэцца чалавек 15, якія хацелі б здаць на правы, але не могуць ехаць у іншы горад. А з улікам таго, што людзі, якія маюць I і II групу інваліднасці, атрымалі льготы на растаможку аўтамабіляў, патрэба ў паслугах аўташкол будзе толькі расці. Мы накіравалі ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама прапанову разгледзець пытанне набыцця спецыяльна абсталяванага навучальнага аўтамабіля, які мог бы курсіраваць паміж буйнымі гарадамі па графіку. Чакаем, што яго разгледзяць на бліжэйшым Рэспубліканскім міжведамасным савеце па праблемах інвалідаў, — распавядала sb.by начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Лілія Санюкевіч.

Аляксей Лук’янчык сказаў, што пытанне ўсё яшчэ «вісіць» на ўзроўні міжведамаснай камісіі. Як толькі пытанне вырашыцца, яму пра гэта паведамяць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life