«Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак Вішнявец-7». Прыемны мужчынскі голас нагадвае пасажырам не толькі пра наступны прыпынак, але і пра неабходнасць трымацца за поручкі, саступаць месцы сталым і пасажырам з дзецьмі, вучыць быць пільнымі. Мы чуем гэтыя паведамленні штодня, але людзей, якiя абвяшчаюць іх, мала хто бачыў у твар. Карэспандэнт «Гродзенскай праўды» высвятляў, чыімі галасамі «гаворыць» гарадскі грамадскі транспарт.
Самы вядомы голас у Гродне
— Я і цяпер штомесяц прыходжу ў студыю і запісваю назвы новых прыпынкаў, іншыя інфармацыйныя паведамленні. Варта толькі прапусціць «вахту», збіраецца даволі вялікі аб’ём інфармацыі, — дзеліцца дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Руслан Казлоўскі.
Руслан Канстанцінавіч грамадскую нагрузку ў выглядзе агучкі назваў прыпынкаў нясе ўжо больш за дзесяць гадоў, першы тралейбус з запісам яго голасу выйшаў на маршрут 1 студзеня 2006 года. У ролі дыктара, ці інакш голаса транспарту, ён апынуўся зусім выпадкова.
— У той час у гарадах цэнтралізавана сталі агучваць на беларускай мове назвы прыпынкаў грамадскага транспарту, метро. Спачатку хваля пракацілася па Мінску, затым захапіла Магілёў. У Гродне таксама стварылася ініцыятыўная група, якая арганізавала гэтую працу. Калі ўсе неабходныя фармальнасці былі вырашаны, справа стала за чалавекам, голасам якога павінны былі «загаварыць» аўтобусы. Патрэбен быў мужчына, здольны пісьменна на беларускай мове гэта зрабіць. Ініцыятары праекта выйшлі на мяне і прапанавалі стаць дыктарам, — успамінае Руслан Казлоўскі.
За выкладчыкам справа не стала: кіраваць сваім голасам ён умеў па-майстэрску — тут адыграла ролю прафесiйна-педагагічная прыналежнасць. У адной з гарадскіх студый ён добра пастаўленым упэўненым голасам нагаварыў патрэбны аб’ём інфармацыі.
Спачатку, вядома, да кожнай фразы прымяралі розныя інтанацыі. Руслан Канстанцінавіч дадае, што падлік прыпынкаў не вёў, але ў пачатку дыктарскай працы яму прыходзілася падоўгу заседжвацца ля мікрафона.
— У першы дзень акрамя «Асцярожна, дзверы зачыняюцца …» запісалі яшчэ некалькі інфармацыйных паведамленняў: пра кішэнных зладзюжак, пра неабходнасць саступаць месцы…
Аўтобусны парк падхапіў гэтую ідэю ў 2008-м, праз два гады пасля апрабавання яе ў тралейбусах. Да гэтага гарадскія аўтобусы ў Гродне «гаварылі» выключна жаночымі галасамі. Тую ж працу па агучцы прыпынкаў і запісе інфармацыйных паведамленняў Руслан Канстанцінавіч зрабіў і для аўтобуснага парка.
— Уважлівы пасажыр заўважыць, што назвы прыпынкаў у аўтобусах і тралейбусах маюць рознае інтанацыйнае гучанне. У тралейбусах мой голас гучыць больш урачыста, спакойна-настойліва — у аўтобусах, — кажа Руслан Казлоўскі і тут жа дэманструе розніцу.
Вядома, перад тым як узяцца за гэтую працу, Руслан Канстанцінавіч назіраў за працай беларускіх дыктараў, адзначаў асаблівасці гучання прыпыначных пунктаў у мінскім метрапалітэне, там, паводле яго слоў, назвы прыпынкаў вымаўляюцца ва ўрачыста-павольнай манеры.
— Я палічыў, што інтанацыю можна ўзяць за прыклад, але рыхт-у-рыхт рабіць не стаў. Так што ў Гродне назвы прыпынкаў адрозніваюцца не толькі тэмбральна, але і інтанацыйна.
Першыя гады пасля таго, як яго голасам «загаварыў» гарадскі грамадскі транспарт, Руслан Канстанцінавіч прыслухоўваўся да таго, як гучыць яго голас, назіраў за рэакцыяй пасажыраў. Цяпер, кажа, прывык.
Гарадскім грамадскім транспартам самы вядомы голас Гродна карыстаецца рэгулярна.
Знаёмыя кажуць пра яго як пра самага вядомага чалавека ў горадзе, якога ніхто не ведае ў твар. Але часам Руслан Канстанцінавіч распавядае студэнтам аб сваім незвычайным вопыце.
— І, ведаеце, гэта ўплывае на іх вельмі станоўча: студэнты становяцца больш уважлівымі, зацікаўленымі.
Трэба сказаць, што Руслан Казлоўскі займаецца агучкай на грамадскіх пачатках. І кажа аб сваёй ролі ў гэтай справе, як аб самай сціплай.
Слонімскія фішка
Нядаўна слонімскія аўтобусы «загаварылі» новым, маладым голасам. Назвы прыпынкаў на беларускай мове для аўтобуснага парка агучыў студэнт ГрДУ імя Янкі Купалы Дзмітрый Якубоўскі.
Звярнуцца з такой прапановай карэннага сланімчаніна да кіраўніцтва аўтапарка заахвоціла жаданне прывесці запісу да аднастайнасці: на гарадскіх маршрутах прыпынкі аб’яўлялі на розныя галасы. На адным, напрыклад, жанчына на рускай мове, на іншым — мужчынскі голас на беларускай.
— Прызнаюся, ідэя агучкі назваў слонімскіх прыпынкаў выношвалася ўжо даўно. З такой прапановай гэтым летам я прыйшоў у аўтобусны парк № 3, мяне падтрымалі, і праца закіпела, — дзеліцца Зміцер.
Да справы падключыліся іншыя неабыякавыя сланімчукі, а таксама мясцовая школа № 8, у якой студэнт вучыўся.
— У гэтай школе на прафесійнай гуказапісвальнай апаратуры мы запісалі ўвесь аб’ём інфармацыі. Шчыра скажу, праца праведзена салідная, я задаволены тым, што атрымалася, — дадаў Дзмітрый Якубоўскі.
Старанні студэнта ацаніла і адміністрацыя мясцовага аўтапарка ў лісце падзякі, які прыйшоў на кафедру журналістыкі ўніверсітэта.
— Мяркуючы па водгуках, шматлікім гараджанам новая агучка прыйшлася па душы, а маё працяглае «Плошчааа» ўжо стала своеасаблівай фішкай слонімскага грамадскага транспарту.
А як у іншых?
Аўтобусныя паркі Ваўкавыска і Ліды ў агучванні назваў прыпынкаў задзейнічалі работнікаў сваіх жа аўтапаркаў. У Ваўкавыску гэтую працу зрабіў юрыст арганізацыі: у аўтобусах на беларускай мове пра наступны прыпынак аб’яўляе мужчына. Пасажыраў грамадскага транспарту Ліды аб наступным прыпыначным пункце праінфармуе жанчына — дыспетчар аддзела перавозак мясцовага аўтапарка.