Мікрараён Альшанка сярод іншага называюць гродзенскім гета. Калі і так, то ў адсяленні апынуліся знакамітыя інтэлігенты і ваенныя. Давайце зірнем, хто гэтыя людзі, імёнамі якіх назвалі вуліцы самага аддаленага раёна горада. Бо гэта – адзін з вялікіх плюсаў раёна.
Кажуць, гета. Але суседства тут нічога сабе. Вось у шоўкавым халаце ходзіць Уладзімір Караткевіч. Вы сумняецеся? Менавіта тут ён піша раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Побач прычэсвае вусы знакаміты паэт Мацей Бурачок, ён жа Францішак Багушэвіч, і нагадвае: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».

Адкуль Напалеон Орда малюе панараму горада? Вядома, што адсюль.

Многія, праўда, тут называюць яго Арда, з націскам на апошнім складзе, і шукаюць сувязь паміж вайной 1812 і мангола-татарскім ігам. І, напэўна, знаходзяць. Напалеон Орда быў не толькі мастаком, але і літаратарам, кампазітарам, скульптарам, педагогам.

Тут жа, у суседнім раёне Фабрычны, піша тэатральныя дэкарацыі для балета «Шахерызада» адзін габрэй. Яго клічуць на французскі манер Леон Бакст, бо доўгі час ён жыў і працаваў у Парыжы. Аднак насамрэч ён Лейб-Хаім Розенберг.

З мастацкай залі пераходзім у музычную. Міхал Клеафас піша свой паланэз і не ведае, што пазней многія будуць мучыцца пры адказе на пытанне: «Хто напісаў паланэз Агінскага?» Кампазітар усё ніяк не развітаецца з Радзімай, бо тут ён на кожным кроку. Падаецца, што вакол Агінскага віруе жыццё ў мікрараёне.

Тут апынуўся і Зыгмунт Мінейка, які вучыўся разам з Францішкам Багушэвічам у Віленскай гімназіі. Мінейка ўдзельнічаў у паўстанні Каліноўскага, цудам пазбег смяротнага пакарання. Пераехаў у Грэцыю. Там у ролі археолага адшукаў храм Зеўса, які навукоўцы не маглі знайсці 200 год. Удзельнічаў у пабудове спартовых аб’ектаў для першых Алімпійскіх гульняў 1896 года. Названы ганаровым грамадзянінам Грэцыі. Пабудаваў першую чыгунку ў Балгарыі і заснаваў спартовую журналістыку.

Непадалёк бачная кампанія вайскоўцаў. Фёдар Бажора абараняў нашыя землі ў Другой сусветнай вайне, асабліва адзначыўся пры фарсаванні Нёмана і рэчкі Марыхі.

Мікола Волкаў таксама ўдзельнічаў у той вайне, стварыў падпольны «атрад дзядзькі Колі». Разам з жонкай патаемна выносіў са шпіталю лекі для параненых. Расстраляны пад вёскай Навумавічы.

Трэці ў кампаніі Аляксандр Бандоўскі. Ён сустрэў 1941 год у Гродне, двойчы трапляў у палон, збягаў, страціў нагу. Вядомы тым, што выкладаў на курсах па стральбе. Дачакаўся канца вайны.

Яшчэ адзін “жыхар” раёна Спірыдон Трыміфунцкі. Ён зусім не падобны да іншых. Імём гэтага святога назвалі не вуліцу, а царкву на ўскрайку раёна. Раней, 1700 год таму, ён жыў у горадзе Трыміфунт на Кіпры. Вядомы сваімі цудамі: уваскрашаў людзей, ацаліў цяжкахворага імператара Канстанцыя, маліўся разам з анёламі, прайшоў па сухім дне ракі, якая расступілася перад ім. Цяпер яго чаравік падарожнічае як рэліквія.

Цікава, каго яшчэ са славутасцяў пераселяць у «гета», калі раён разбудуюць?
“Ссылаюць” не толькі на Альшанку
Дарэчы, у суседнім з Альшанкай раёне Паўднёвы таксама хапае знакамітых “жыхароў”. Там ёсць вуліцы, названыя ў гонар стваральніка эсперанта Людвіка Заменгофа, паэтаў Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, пісьменніцы Зоф’і Налкоўскай, вучонага Ігната Дамейкі. Гэтыя вуліцы знаходзяцца ў найбольш аддалейнай частцы Паўднёвага, на мяжы з Альшанкай.


