Яшчэ да выбараў Алена Шаламіцкая здолела зрабіць больш, чым некаторыя дэпутаты за час свайго тэрміну. Гродзенка адстойвала інтарэсы свайго мікрараёна і дабілася будаўніцтва сучаснай спартыўнай пляцоўкі. Бачачы падтрымку жыхароў, Алена вырашыла балатавацца на выбары ў Палату прадстаўнікоў і была ўпэўненая ў сваёй перамозе. Але ў выніку ўдзелам у выбарах засталася вельмі незадаволеная.
Алена сабрала вакол сябе каманду “Хата не с краю” сярод актыўных жыхароў вуліц Шчорса і Пралетарскай, якая здолела “выбіць” для свайго двара сучасную спартыўную пляцоўку з трэнажорамі, а таксама не дазволіла будаўніцтва шматпавярховіка замест дзіцячага садка.
На стадион не пустили – потребовали спортивную площадку
– Я – звычайны жыхар горада, якому неабыякава, што адбываецца навокал. На выбары мяне і маю каманду вымусіў пайсці прынцып, – распавядае Алена Шаламіцкая. – Мы рознымі шляхамі спрабуем дамагчыся законнасці па некалькіх архіважных для мікрараёна пытаннях.
Калі правы гараджан былі ў чарговы раз праігнараваныя некалькімі інстанцыямі і ад цяперашняга дэпутата парламента была атрымана катэгарычная адмова ў садзейнічанні – мы ўзялі сітуацыю ў свае рукі. Але тут і асабісты матыў сыграў ролю. Было цікава праверыць на практыцы закон адмоўнай селекцыі на прыкладзе ўдзелу кандыдата ад народа ў парламенцкіх выбарах.

«Спадзяваліся, што ўсё не так, як малююць апазіцыйныя СМІ і блогі»
Алена адзначае, што падчас выбарчай кампаніі ў яе каманды была магутная падтрымка ад прыхільнікаў і новых людзей, якія вырашылі падтрымаць актыўную гродзенку падчас агітацыі.
– Падтрымка была і маральная, і практычная. Наша “Хата не з краю” пашырыла сваю “жылплошчу” для новых спагадлівых людзей.
Нам як пачаткоўцам у палітыцы даводзілася вырашаць шмат “квэстаў”. Але мы справіліся.
Правядзеннем выбараў Алена засталася вельмі незадаволеная. Так што далейшы яе ўдзел у беларускай палітыцы пад вялікім пытаннем.
– Удзельнічаць не планую, але пайду на выбары абавязкова, толькі ў адной ролі – незалежнага назіральніка. Упэўненая, што многія захочуць скласці мне кампанію і ўбачыць на ўласныя вочы закуліссе выбараў. А што там адбывалася – спытайце ў пастаноўшчыкаў шоу: настаўнікаў, членаў прафсаюзаў і іншых аплачваемых вамі арганізацый. І не забудзьцеся паглядзець ім пры гэтым у вочы. Мы да апошняга спадзяваліся, што ўсё не так, як малююць апазіцыйныя СМІ і блогі.

Рэальны супернік – кандыдат “Супраць Усіх”
Алена пазбягае пераходу на асобы, кажучы пра свае апанентаў, і прыводзіць кароткі аналіз кан’юнктуры. Сваім галоўным канкурэнтам дзяўчына лічыла кандыдата “Супраць Усіх”.
– У нас на ўчастку быў унікальны склад: кандыдат ад улады, апазыцыя – ад БНФ і беспартыйны кандыдат, а яшчэ тая самая нейтральная залатая сярэдзіна, пра якую ўсе так шмат гаварылі і ў якую ледзь паверылі – кандыдат ад народа. Відавочна, што маім рэальным супернікам мог быць толькі кандыдат “Супраць Усіх”. Магчыма, гучыць трохі прэтэнцыёзна. Але пра гэта сведчаць апытанні, гутаркі з выбаршчыкамі і незалежнымі назіральнікамі. Калі б гэтыя выбары былі першапачаткова сумленнымі – яны б папросту не адбыліся.
Давайце зыходзіць са статус-кво. Маем, што маем. А годны абраны дэпутат пахвалы ці дакору – вырашаць кожнаму жыхару Цэнтральнай акругі. Даводзьце да свайго прадстаўніка наказы дэпутату, запытвайце любую цікавую для вас інфармацыю, лавіце на сустрэчах і патрабуйце дэталёвай справаздачнасці па кожным прадпрынятым кроку або страчанай магчымасці. Калі ёсць прэтэнзіі – за грамадзянамі заканадаўча замацавана права адклікання дэпутата. Стварайце прэцэдэнт.
«Працягнем працаваць»
У Гродзенскай-Цэнтральнай акрузе №51, дзе ўдзельнічала ў выбарах Алена, выйграла дзеючы дэпутат Лілія Кір’як, якая таксама правяла актыўную агітацыйную кампанію. У гэтым ёй дапамагаў БРСМ і Белая Русь.
– Мы ўсе ведаем, хто перамог, а хто стаў пераможцам. За перадвыбарчую кампанію разам з мноствам шчырых пажаданняў мы атрымлівалі нямала зваротаў, просьбаў аб садзейнічанні. Нават з іншых абласцей, не кажучы аб іншых раёнах горада. Так што мы працягнем працаваць у ранейшым тэмпе, усё на тым жа энтузіязме, у асабісты вольны час. Мы нічога не зробім за вас, але мы многае зможам разам з вамі.


