Людзі і справы

Вулічным музыкам стаў ва Украіне: як гарманіст з Іўеўскага раёна штотыдзень ездзіць у Мінск, каб пайграць у метро

З Геранёнаў да Мінска — 150 км. Валерый Алейнік ужо восем гадоў штотыдзень праязджае гэтую адлегласць, каб пайграць на гармоніку на станцыі метро «Пятроўшчына». 70-гадовы вясковец расказаў «Народнай волі», колькі можна такім чынам зарабіць, як да ставяцца міліцыянты і чаму даводзіцца начаваць на вакзале.

Валерый Алейнік. Крыніца: nv-online.info

Валерый Алейнік нарадзіўся на востраве Сахалін.

«Пасля вайны мае бацькі завербаваліся і паехалі туды працаваць. Жыццё прымусіла. Як казала мая мама, у бацькі быў толькі шынель, а ў яе — ірванае паліто. На Сахаліне мы і нарадзіліся — два браты і дзве сястры. Там прайшло маё дзяцінства. Памятаю, што крабаў, рыбы заўсёды хапала — і вэнджаная была, і вяленая. Ікру чырвоную банкамі елі».

Потым Валерый з бацькамі жыў ва Украіне. Пасля Кіеўскага вучылішча марскога і рачнога флоту апынуўся ў Гродзенскім пагранатрадзе. У Гродне Валерый паступіў у культасветвучылішча на харэографа. На гармоніку навучыўся граць, калі яму было 10 гадоў.

У Геранёнах паабяцалі… кватэру і жонку

Выпускніка культасветвучэльні ў вёску Геранёны паклікаў тагачасны старшыня мясцовага калгаса Уладзімір Баўм. Ён пабудаваў у вёсцы Дом культуры на 400 месцаў, а на пасадзе дырэктара нікога не было. Валерый пагадзіўся паехаць.

«На наступную раніцу „Волга“ пад вучылішчам стаяла. Уладзімір Аляксандравіч асабіста прыехаў. Прыехаў і кажа мне: „Ты не перажывай, я табе дам усё: і кватэру, і жонку“ і павёз у Геранёны».

Так і сталася: у Геранёнах Валерый ажаніўся і атрымаў двухпакаёвую кватэру. Тады ж завочна атрымаў вышэйшую адкукацыю па спецыяльнасці «арганізатар — рэжысёр масавых святаў» у Інстытуце культуры.

На вуліцах пачаў граць ва Украіне

Пасля звальнення з Дома культуры мужчына працаваў у вясковых школах і выкладаў спевы з рытмікай. Таксама працаваў грузчыкам і падпрацоўваў кіраўніком музычнага гуртка пры клубе.

У 2013 годзе Валерый аформіў пенсію і паехаў ва Украіну даглядаць маці. Менавіта там ён пачаў граць на вуліцы на бацькоўскім гармоніку. Калі ў 2015 годзе ён вернуўся ў Геранёны, то працягнуў граць у Мінску.

Спрачаўся з-за гармоніка з міліцыянтамі

Першы час Валерый граў на розных станцыях метро, а ў Мінск ездзіў аўтаспынам. Час ад часу сутыкаўся з цяжкасцямі.

«Восем гадоў таму неспрактыкаваны быў, шмат чаго не ведаў. Напрыклад, у цэнтры горада міліцыя не дазваляе музыкам граць, таму што, маўляў, „непрыгожа перад гасцямі сталіцы“. Але не штрафавалі.

Аднойчы падышоў міліцыянт, пытаецца: „Падставы для ігры на музычным інструменце?“ Я яму: „Якія падставы? Чаму я не магу проста сядзець і іграць?“ — „Вы ж жабруеце“. — „Выбачайце, — адказваю, — але гэта вы жабруеце. А я ўсё жыццё адгарбеў і цяпер пенсію атрымліваю. І калі ў мяне ёсць вольны час, то сяджу з гармонікам і адпачываю. Мне так цікавей жыць. А вы не захацелі працаваць, вось і пайшлі ў міліцыю. Чаму вы лічыце, што я жабрую?“

Міліцыянт на мяне тады таксама пакрыўдзіўся: „Навошта вы на мяне так гаворыце?“ Дык гэта ж не я, заслужаны пенсіянер з вышэйшай адукацыяй, першы пачаў. Так што не трэба пенсіянераў крыўдзіць. Ідзіце, кажу, справай займайцеся — алкаголікаў і бяздомных лавіце».

Чаму Валерый ночыць на вакзале

Цяпер Валерый часцей ездзіць на цягніку. У Мінск прыязджае на два дні - у чацвер, а ў пятніцу з’язджае назад. Днём мужчына грае, ноч праводзіць на чыгуначным вакзале.

«Увечары еду на вакзал начаваць. На трэцім паверсе тэлевізар гляджу і драмлю. Часам міліцыянт падыходзіць, пытаецца квіток. Звычайна адказваю так: „Пакуль не вырашыў, якім цягніком паеду“. Так ноч і праходзіць. Хоць міліцыянты мяне ўжо ведаюць, Я ж кожны тыдзень тут на працягу васьмі гадоў. І да таго ж алкаголю не ўжываю, пад лаўкай не валяюся».

Час ад часу мужчына пачынае граць, а шостай раніцы, калі пачынае працаваць метро.

«Гадзіны з тры пайграю, ужо стромленасць накатвае. Пайду паабедаю, адпачну крыху. Потым яшчэ тры гадзіны іграю».

Валерый ведае каля 100 мелодый: народныя, сучасныя, з кінафільмаў.

«Граю ўсё, што на розум прыйдзе. Я, калі граю, то рэпертур выбудоўваецца сам — па настроі. Адчуваю настрой людзей. А вось на замову не граю. Толькі для душы. Так бы мовіць, сумяшчаю прыемнае з карысным».

Колькі грошай можна зарабіць на гармоніку

Пенсія ў Валерыя каля 700 рублёў. У жонкі, якая ўсё жыццё была хатняй гаспадыняй, — усяго 120 рублёў. Гармонік дазваляе істотна падзарабіць.

«Звычайна людзі дробязь кідаюць, часам — рублі. Моцна народ купюрамі не раскідваецца. Тым больш, тыя, хто ездзіць у метро. Не алігархі ж, простыя людзі. Пройдзе добры чалавек — пятачок або 20 капеек у бляшанку кіне.

Але аднойчы быў выпадак на станцыі метро «Фрунзенская», калі іграў каля нейкага банка. Сяджу ў цяньку пад дрэвам, расцягваю гармонік, падыходзіць салідны мужчына. Касцюм, гальштук, беласнежная кашуля — усё пры ім. Банкір, думаю. Кажа мне: «Дзед, што ты тут мучаешся? Вось табе 50 рублёў і ідзі адпачывай». — «Я не мучаюся, — адказваю, — а якраз і адпачываю».

Але гэта не рэкорд. Аднойчы кітаянка, якой спадабалася танцаваць пад «Цыганачку», якую граў Валерый, паклала ў бляшанку 100 рублёў. Увечары Валерый звычайна ідзе ў банк і кладзе сабе на картку сабраную за «змену» дробязь. За дзень атрымліваецца ад 30 да 100 рублёў.

«Я ж памру, калі не буду варушыцца і іграць»

У Мінск Валерый плануе прыязджаць, пакуль дазволіць здароўе.

«Тут я сам сабе не пан. Але калі блізкія мяне пачынаюць адгаворваць ад маіх паездак у сталіцу, я ім адказваю так: «Дзеці, я ж памру, калі не буду варушыцца і іграць».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024