«Сістэма вучыць не чуць, а прыгнятаць». Звольненыя акцёры з Гродна паказалі ў Вільні «Трэцюю змену»

Звольненыя гродзенскія акторы сыгралі ў Вільні спектакль «Трэцяя змена». Пастаноўку паводле п’есы Паўла Пражко зрабіў рэжысёр Андрус Даряла. Прэм’ерны паказ прайшоў 9 ліпеня ў Рускім драматычным тэатры Літвы ў рамках Міжнароднага тыдня беларускай культуры. Для Hrodna.life рэжысёр і акцёры распавялі пра «лагернае жыццё», самаробныя касцюмы і герояў спектакля.

«Мы не граем дзяцей. Мы — людзі дарослыя, якія не могуць з’ехаць з гэтага піянерскага лагера з парадкамі, у якіх усе вымушаныя прыкідвацца, — кажа рэжысёр на рэпетыцыі. — Вы павінны падкладаць свае асабістыя гісторыі».

На думку рэжысёра, спектакль не пра развітанне з дзяцінствам, расчараванне або сталенне. «Па-іншаму п’еса павярнулася — пра тое, што адбываецца цяпер. Проста мы іншымі словамі пра гэта гаворым».

«Я іх у канцы палюбіў усіх»

Антураж спектакля аскетычна просты. Дэкарацыі і касцюмы акцёраў чорна-белыя. Паўтонаў няма. Яркіх фарбаў - таксама. Вядомыя сцэны лагернага жыцця разгортваюцца перад гледачамі. У іх шмат смешнага і шмат жорсткага. Рэфрэнам гучыць: «Госпадзе, ды мы ж яшчэ дзеці!» І гэтым «дзяцінствам» героі звыкла спрабуюць апраўдаць усё.

Васіль Мініч у спектаклі - важаты па імя Стас. «Мы расказваем, як раней было, як цяпер. Пра гэтую дурную сістэму — па званку ўстаём, па званку ідзем есці, па званку шыхтуемся на зарадку», — кажа акцёр.

— Ты важаты, ты частка сістэмы. Як табе гэта?

— А вось не ведаю. Не вырашыў, што мне з гэтым рабіць. Ён жа таксама дзіця, такое ж дзіця. Толькі ледзь старэйшае. Яны яшчэ ходзяць у школу, а ён са школы выйшаў і адчуў сябе ўладай над іншымі.

«Я іх у канцы палюбіў усіх», — казаў Мініч, калі мы сустракаліся на рэпетыцыі. Пасля спектакля гэтая фраза ўспаміналася ўжо па-іншаму.

«Зразумець гэтае жыццё лагернае»

Ролю вельмі правільнай дзяўчынкі Волі адыграла Натэла Белугіна. «Яна першы раз у лагеры. Ёй усё цікава, усё хочацца даведацца і зразумець гэтае жыццё лагернае».

Воля шукае сяброў, марыць пазнаёміцца з хлопчыкам, б’ецца падушкамі з суседкамі па палаце. Яна вучыцца падпарадкоўвацца моцным, мяняць сябе і быць як усе. Натэла кажа, што ў спектаклі шмат «дзіўнага». Нават тое, што гледачы сядзяць зусім побач з акцёрамі, нязвыкла. Але больш за ўсё ёй не хацелася згаджацца з фіналам.

«Дзяўчынка, якая нарвалася на сістэму»

«Цікавы і складаны персанаж, — кажа пра сваю гераіню Наталля Лявонава. — Гэтая дзяўчынка нарвалася на сістэму і люта спрабуе ў ёй выжыць. Яна зразумела, што [гэта магчыма] толькі сілай, прыгнётам ўсіх вакол сябе».

«Для мяне гэты лагер — беларускі рэжым сёння. А спектакль пра тое, як сістэма з добрых хлопцаў і дзяўчат робіць тое, што мы цяпер атрымалі. Гэта аповед пра людзей, якія праз „сістэму“ сталі тымі, кім цяпер ёсць».

«На жаль ці на шчасце, нічога добрага маю гераіню не чакае, — разважае Наталля пра магчымы лёс Тані, якую яна грае. — Ва ўсіх гэтых дзяцей няма будучыні, бо ў канцы…». Наталля змаўкае і праз імгненне працягвае: «У іх быў шанец. Сярод іх было такое дзіўнае дзіця, якое спрабавала усё выправіць. Але сістэма вучыць не чуць, а прыгнятаць».

Сляпы піянер з 60-х у спектаклі пра сучасную дыктатуру

«Ён як быццам паміж светаў знаходзіцца, — прадстаўляе свайго персанажа Мішу актрыса Марыя Мялешка. — Мы прыхільнікі сістэмы Станіслаўскага, але часам можна паэксперыментаваць і такім чынам».

Вобраз героя Марыі ствараўся як адсылка да вядомай фатаграфіі Антанаса Суткуса «Сляпы піянер».

«Лысай пабыць не страшна, абсалютна не, — распавядае Марыя пра свой вобраз у спектаклі. — Адна мая любімая акторка шкадавала, што ў маладосці для роляў ёй даводзілася галіць галаву нагала і хадзіць з вядром. Маўляў, у гэты час трэба было ўсю сваю прыгажосць праяўляць, бо яна праходзіць. Але я стаўлюся да гэтага па-іншаму. З мяне Мушперт [звольнены галоўны рэжысёр Гродзенскага драматычнага тэатра — заўв. Hrodna.life] 18 гадоў таму „выбіў“ усю лірычнасць. Я больш вострахарактарная актрыса — заўсёды розная і люблю гэта адчуванне».

«Цёмныя сілы нас злосна гнятуць»

«Мы з Сярожам [акцёр і рэжысёр Cяргей Курыленка — муж актрысы — заўв. Hrodna.life] будзем у чорным», — распавядае пра агульную ролю на дваіх Валянціна Харытонава. Яны ўдваіх — нянька ў лагеры. На спіне ў кожнага склад «Ня».

«Няня» — у Сяргея Курыленкі і Валянціны Харытонавай адна роля на дваіх. Сцэна са спектакля «Трэцяя змена»

«Тыя самыя «цёмныя сілы», якія «нас злосна гнятуць», — жартуе Сяргей Курыленка пра ролю. «Як чорныя кропкі на белым фоне. Прадказваюць ці жыццё, ці смерць», — дапаўняе Валянціна Харытонава.

«Трэба было наважыцца»

«Трэцюю змену» падрыхтавалі да паказу ўсяго за пару месяцаў. Хоць акцёры прыехалі ў Вільню ў лютым, збірацца на рэпетыцыі было немагчыма — у Літве дзейнічаў жорсткі лакдаўн. Але «калі прыдумаў, як усё можа быць, ужо не можаш выстаяць», — распавёў Hrodna.life рэжысёр Андрус Дарала.

Андрус Дарала — акцёр, рэжысёр. Нарадзіўся ў Сібіры. Скончыў Краснаярскую акадэмію музыкі і тэатра, магістратуру Школы-студыі МХАТ. Граў у Краснаярскім тэатры драмы імя А. С. Пушкіна. Зараз працуе ў Рускім драматычным тэатры Літвы. Дарала здымаецца ў кіно, піша п’есы, працуе як рэжысёр. Ставіў спектаклі па творах Дастаеўскага, Вырыпаева, Брэхта, па прозе Высоцкага.

Праграмкі спектакля «Трэцяя змена»

Выбар п’есы «Трэцяя змена» таксама не выпадковы. На думку Даралы, беларуская драматычная школа ў апошнія 20 гадоў адна з самых моцных, але ва ўмовах дыктатуры ў гэтых твораў няма шанцаў дайсці да чытачоў і гледачоў. «Людзі жывуць у Беларусі і сваіх талентаў не ведаюць — тую ж драматургію Паўла Пражко ці прозу Сашы Філіпенкі».

Павел Пражко — сцэнарыст, драматург. Нарадзіўся ў Мінску. Першую п’есу напісаў у 2004. Творы Пражко перакладзеныя на польскую, нямецкую і фінскую мовы. Працы Паўла Пражко неаднаразова атрымлівалі дыпломы конкурсаў сучаснай драматургіі і тэатральных фестываляў.

«Набраўся смеласці прапанаваць [гродзенскім акторам] матэрыял. Зраслася з тым, што адбываецца зараз, гэтая гісторыя. Прачыталі [п'есу] з хлопцамі - усе трапляюць, усё на месцы. Прадумаў сілы, тэрміны і зразумеў - зробім».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025

Сцэна пад «Дажынкі» vs хуткая дапамога на матацыкле. Параўналі, як у Беларусі і Польшчы падтрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы

Хочаце новую дзіцячую пляцоўку непадалёк ад дома? Ці лічыце важным правесці ў сваім горадзе кампанію…

29 красавіка 2025

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025