Спадчына

Жыў не толькі ў турме. Гісторык знайшоў адрас Напалеона Орды ў Гродне

У канцы 1860-х і пачатку 1870-х мастак Напалеон Орда намаляваў шмат выяваў Гродна. Але дзе ён жыў у Гродне? Вядома, што Орда з траўня 1866 года па красавік 1867 года знаходзіўся ў гродзенскай турме. Яго затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863 года. Гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон даведаўся, дзе яшчэ жыў Орда, калі прыязджаў у Гродна.

Напалеон Орда. Ілюстрацыя Hrodna.life

Напалеон Орда жыў у доме Румеляў на вуліцы Манастырскай. Ён стаяў у двары сённяшняга дома па вуліцы Давыда Гарадзенскага, 2, недалёка ад Свята-Раства-Багародзіцкай царквы. Сям’я Румеляў мелі там вялікі двор з садам.

«Наш сядзібны дом быў аднапавярховым, даволі вялікім, са шкляным ганкам, праз які быў уваход у цёмную залу-бібліятэку. У доме меліся асобныя пакоі - Przeciwek — дзе ў 1860-я гг. здымаў сабе жыллё знакаміты мастак Напалеон Орда», — пісаў у сваіх мемуарах Юліуш Румель.

Паводле Румеля, Напалеон Орда «назаўсёды застаўся ў Гродне пры нашай сям'і».

Успаміны Румеля: не толькі Орда, але і «смярдзючая тытунёвая фабрыка»

Мемуары Юліуша Румеля адшукаў гісторык Сяргей Токць.

«Наш сямейны дом у Гродне стаяў на вуліцы Манастырскі завулак, за вечна смярдзючай тытунёвай фабрыкай Шарашэўскага [тады тытунёвая фабрыка знаходзілася на Маставой, 31, у сённяшнім будынку „Акцэнта“ — Hrodna.life]. Вялізная таполя, раскладзістая і вельмі высокая, стаяла ля ўезднай брамы і бараніла ўсю пасэсію ад фабрычных водараў. Праз калітку збоку ад заўсёды замкнёнай брамы быў уваход на абшырны дзядзінец, пасярод якога знаходзілася так называная намі „клумба“, абсаджаная дрэвамі і квітнеючымі кустамі з лаўкамі, пастаўленымі ўнутры гэтай клумбы. Брычкі, якія ўязджалі на дзядзінец мелі выбрукаваны вакол клумбы ўезд і выезд. Вакол таго дзядзінца стаялі драўляныя домікі-дворыкі. І так: з правага боку першы, гэта быў наш дом, дзе жылі мае бацькі, з левага боку — домік з мансардай цёткі Наталкі, якая была замужам за Бярдзяевым. У глыбіні дзядзінца быў мураваны домік цёткі Сталеўскай — ўдавы палкоўніка Сталеўскага і сястры нашай бабулі Румлёвай (з дому Нелюбовіч). Далей углыб ішоў гарод, аддзелены ад дзядзінца штыхетнікам. Агарод цягнуўся да ванвозу [роў або лагчына — Hrodna.life], які ў доле меў вулачку Падолле. З другога боку таго ванвозу ўзвышалася гара, называная Замкавай, паколькі на ёй стаяў замак караля Стэфана Баторыя», — пісаў Юліуш Румель.

Дом Румеляў захаваўся толькі на малюнку

Дом, дзе спыняўся Напалеон Орда, не захаваўся, як і таполя. Раней гісторыкі памылкова лічылі, што дом Румеляў знаходзіўся пасярэдзіне вуліцы Манастырскай. Але праз з’яўленне новых фактаў можна дакладна злакалізаваць гэты дом.

Двор Румеляў мастак выявіў на двух малюнках.

Дом Румеляў, у якім жыў Орда, вылучаны чырвоным колерам. Сінім — дом Наталлі Бярдзяевай, цёткі Юліуша Румеля. Крыніца: supron-licvin.livejournal.com
Вялізная таполя, якая расла ля брамы пасэсіі Румеляў і Марцінкевічаў, добра бачна на малюнку з правага боку. Крыніца: supron-licvin.livejournal.com

Чытайце таксама: Н — Напалеон Орда. 5 фактаў пра мастака, што быў гродзенцам не заўжды па сваёй волі

Што тут размяшчалася пазней

Драўляныя дамы-дворыкі ў 1885 г. належалі сям'і Міхаэлісаў, нашчадкам губернскага архітэктара. У пачатку ХХ стагоддзя нерухомасць належала нейкаму чалавеку з прозвішчам Бюргер. На мяжы ХІХ і ХХ стст. на ўчастку узвялі мураваны двухпавярховы дом. Ён стаяў над самым абрывам, што ішоў у бок Нёмана, і глядзеў на Новы замак. У ім тады працаваў вайсковы шпіталь.

Чытайце таксама: Вуліца Кляшторная, якую «дабіў» Дом быту: як выглядала, куды знікла і чаму яе трэба аднавіць

У міжваенны перыяд усе дамы мелі агульны адрас Klasztorna, 17. У пачатку 1930-х гадоў там размяшчалася вытворчасць алею «Нёман». Будынкі зруйнавалі падчас Другой сусветнай вайны.

Адбудаваць і стварыць музей

Мечыслаў Супрон лічыць, што ў будучыні, магчыма, можна будзе адбудаваць адзін з драўляных дамоў. Там можна было б адкрыць музей Напалеона Орды.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025