У канцы 1860-х і пачатку 1870-х мастак Напалеон Орда намаляваў шмат выяваў Гродна. Але дзе ён жыў у Гродне? Вядома, што Орда з траўня 1866 года па красавік 1867 года знаходзіўся ў гродзенскай турме. Яго затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863 года. Гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон даведаўся, дзе яшчэ жыў Орда, калі прыязджаў у Гродна.
Напалеон Орда жыў у доме Румеляў на вуліцы Манастырскай. Ён стаяў у двары сённяшняга дома па вуліцы Давыда Гарадзенскага, 2, недалёка ад Свята-Раства-Багародзіцкай царквы. Сям’я Румеляў мелі там вялікі двор з садам.
«Наш сядзібны дом быў аднапавярховым, даволі вялікім, са шкляным ганкам, праз які быў уваход у цёмную залу-бібліятэку. У доме меліся асобныя пакоі - Przeciwek — дзе ў 1860-я гг. здымаў сабе жыллё знакаміты мастак Напалеон Орда», — пісаў у сваіх мемуарах Юліуш Румель.
Паводле Румеля, Напалеон Орда «назаўсёды застаўся ў Гродне пры нашай сям'і».
Успаміны Румеля: не толькі Орда, але і «смярдзючая тытунёвая фабрыка»
Мемуары Юліуша Румеля адшукаў гісторык Сяргей Токць.
«Наш сямейны дом у Гродне стаяў на вуліцы Манастырскі завулак, за вечна смярдзючай тытунёвай фабрыкай Шарашэўскага [тады тытунёвая фабрыка знаходзілася на Маставой, 31, у сённяшнім будынку „Акцэнта“ — Hrodna.life]. Вялізная таполя, раскладзістая і вельмі высокая, стаяла ля ўезднай брамы і бараніла ўсю пасэсію ад фабрычных водараў. Праз калітку збоку ад заўсёды замкнёнай брамы быў уваход на абшырны дзядзінец, пасярод якога знаходзілася так называная намі „клумба“, абсаджаная дрэвамі і квітнеючымі кустамі з лаўкамі, пастаўленымі ўнутры гэтай клумбы. Брычкі, якія ўязджалі на дзядзінец мелі выбрукаваны вакол клумбы ўезд і выезд. Вакол таго дзядзінца стаялі драўляныя домікі-дворыкі. І так: з правага боку першы, гэта быў наш дом, дзе жылі мае бацькі, з левага боку — домік з мансардай цёткі Наталкі, якая была замужам за Бярдзяевым. У глыбіні дзядзінца быў мураваны домік цёткі Сталеўскай — ўдавы палкоўніка Сталеўскага і сястры нашай бабулі Румлёвай (з дому Нелюбовіч). Далей углыб ішоў гарод, аддзелены ад дзядзінца штыхетнікам. Агарод цягнуўся да ванвозу [роў або лагчына — Hrodna.life], які ў доле меў вулачку Падолле. З другога боку таго ванвозу ўзвышалася гара, называная Замкавай, паколькі на ёй стаяў замак караля Стэфана Баторыя», — пісаў Юліуш Румель.
Дом Румеляў захаваўся толькі на малюнку
Дом, дзе спыняўся Напалеон Орда, не захаваўся, як і таполя. Раней гісторыкі памылкова лічылі, што дом Румеляў знаходзіўся пасярэдзіне вуліцы Манастырскай. Але праз з’яўленне новых фактаў можна дакладна злакалізаваць гэты дом.
Двор Румеляў мастак выявіў на двух малюнках.
Чытайце таксама: Н — Напалеон Орда. 5 фактаў пра мастака, што быў гродзенцам не заўжды па сваёй волі
Што тут размяшчалася пазней
Драўляныя дамы-дворыкі ў 1885 г. належалі сям'і Міхаэлісаў, нашчадкам губернскага архітэктара. У пачатку ХХ стагоддзя нерухомасць належала нейкаму чалавеку з прозвішчам Бюргер. На мяжы ХІХ і ХХ стст. на ўчастку узвялі мураваны двухпавярховы дом. Ён стаяў над самым абрывам, што ішоў у бок Нёмана, і глядзеў на Новы замак. У ім тады працаваў вайсковы шпіталь.
Чытайце таксама: Вуліца Кляшторная, якую «дабіў» Дом быту: як выглядала, куды знікла і чаму яе трэба аднавіць
У міжваенны перыяд усе дамы мелі агульны адрас Klasztorna, 17. У пачатку 1930-х гадоў там размяшчалася вытворчасць алею «Нёман». Будынкі зруйнавалі падчас Другой сусветнай вайны.
Адбудаваць і стварыць музей
Мечыслаў Супрон лічыць, што ў будучыні, магчыма, можна будзе адбудаваць адзін з драўляных дамоў. Там можна было б адкрыць музей Напалеона Орды.