Людзі і справы

«На агульнай сустрэчы я пазнаёмілася з яго партнёркамі». Беларусы расказалі пра вопыт адкрытых адносін

Кіра пайшла на агульную сустрэчу з партнёркамі свайго хлопца, каб пазнаёміцца з імі. Зміцер пайшоў на такі фармат стасункаў, бо ён з хлопцам часта былі ў раз’ездах. У адкрытых адносінах таксама ёсць правілы і могуць быць здрады. Працаваць над імі трэба яшчэ больш, чым над «класічнымі». Журналіст Hrodna.life пагутарыў з трыма беларусамі, якія маюць вопыт у адкрытых стасунках.

Адкрытыя стасункі - гэта форма адносін, дзе партнёры дамаўляюцца паміж сабой пра магчымасць рамантычных сувязяў з іншымі людзьмі. Статыстычных дадзеных па адкрытых стасунках у Беларусі знайсці не давялося. У Вялікабрытаніі 6% рэспандэнтаў заявілі аб тым, што былі ў такіх стасунках, а 43% заявілі, што гатовыя да іх.

Беларуска з Польшчы: «Гэта не жаданне большай сэксуальнай разнастайнасці»

Я ў адкрытых стасунках больш за тры гады. Ад закрытых нашыя стасункі адрозніваюцца тым, што час ад часу мы ходзім на спатканні з іншымі людзьмі і можам на некалькі месяцаў мець casual relationships (сябраваць, але з рамантычным узроўнем у камунікацыі) з іншымі людзьмі. Гэта мае першыя адкрытыя стасункі. Але я і раней ведала, што патрабую дакладна такога фармату. Калі я была ў адносінах з іншымі хлопцамі, для мяне было натуральна мець пачуцці ці нават «па-сяброўску» хадзіць у кіно ці на каву з іншымі. Я разумела, што ў рамках манагамных стасункаў я раблю штосьці не тое, але не магла змусіць сябе цалкам закрыцца ад пачуццяў да іншых людзей. Карацей, я заўсёды шчыра кахала аднаго і мела рамантычныя пачуцці да іншых адначасова.

Адкрытыя стасункі для мяне — гэта дакладна не жаданне большай сэксуальнай разнастайнасці, таму што мяне агулам не вельмі цікавіць сэкс з іншымі. Тое, што мне патрэбна ў першую чаргу, — гэта спакойна казаць свайму хлопцу, што я пазнаёмілася з кімсьці і ў мяне ўзніклі рамантычныя пачуцці да яго. Ну і мець магчымасць іх рэалізаваць, што звычайна не трывае больш за некалькі месяцаў.

Мне было складана праз мае пачуцці рэўнасці. Нават калі я сапраўды была не супраць, што мой хлопец пайшоў на спатканне з іншай асобай, я ўсё роўна пачынала думаць: «А чаму не са мной? Яму не хапае мяне?». Аднак пасля таго, як я стала сама больш хадзіць на спатканні, і адкрыта казаць свайму хлопцу пра свайго новага краша, пачуцці страху і рэўнасці зніклі.

Для некаторых людзей натуральна мець пачуцці да іншых людзей, меючы пры гэтым партнёра/ку. Ілюстратыўнае фота з pixabay.com

Адкрытыя стасункі не раўно паліаморыя (тып адносін, дзе людзі свядома і згодна ўдзельнічаюць у некалькіх рамантычных або любоўных сувязях адначасова. Галоўныя прынцыпы паліаморыі ўключаюць празрыстасць, згоду ўсіх бакоў і павагу да межаў партнёраў). У маіх стасунках мы адзін для аднаго галоўныя партнёры. Мне складана мець нават двух партнёраў адначасова і эмацыйна інвеставацца ў іх на аднолькавым узроўні.

Мы заўсёды ўзгадняем нашы спатканні з іншымі загадзя. Таксама мы інфармуем адзін аднаго пра тое, дзе мы будзем і з кім, заўсёды паведамляем, калі вяртаемся са спаткання ці вандроўкі.

Звычайна мы не прыводзім іншых людзей дадому. Як і ў манагамных стасунках, у адкрытых стасунках існуюць здрады. Для мяне здрада — гэта калі чалавек парушае дамоўленасці, якія вы ўзгаднілі. Напрыклад, нечакана кудысьці знікае ці не кажа пра пачуцці да іншай асобы. Магчымыя забароны кожная пара вызначае самастойна.

Я не баюся, што мой хлопец знойдзе мне замену, бо ў мяне адэкватная самаацэнка і ў нас даверлівыя адносіны. Па маіх назіраннях, у якасных адкрытых стасунках людзі так ці інакш паміж сабой размаўляюць і дамаўляюцца больш. Мне окей, што мой хлопец мае сэксуальны кантакт з іншымі людзьмі і я не баюся непажаданых інфекцый. У нас ніколі не бывае некалькі партнёраў адначасова, мы выкарыстоўваем сродкі бяспекі і рэгулярна правяраемся. Я заўсёды ведаю, з кім ёсць сэкс у майго хлопца, і ён пра мой таксама. Калі ў мяне ўзнікаюць пачуцці да другога чалавека, я не перастаю моцна кахаць свайго хлопца і хацець жыць сваё жыццё з ім. У закрытых стасунках такія рэчы звычайна прыводзяць да моцнай спрэчкі ці разрыву стасункаў. У нашым выпадку мы ў адкрытую размаўляем пра гэта, можам «рэалізаваць» свае пачуцці і не кідаць адзін аднаго. Калі рамантычны інтарэс да іншай асобы паступова праходзіць, то гэтыя людзі не знішчаюць нашыя стасункі, а звычайна застаюцца сябрамі ці знаёмымі.

Ілюстратыўнае фота с pixabay.com

Звычайна падчас знаёмства я кажу, што ў мяне ёсць хлопец і што я ў адкрытых стасунках. Таксама я навучылася першай казаць пра свае пачуцці да другіх і папярэджваць, што я не магу мець з імі некія эмацыйна глыбокія стасункі. Хоць часамі з-за гэтага бывае сумна, і я ведаю, што магу раніць чалавека гэтымі словамі.

У мяне няма дзяцей, але калі яны будуць, то я буду тлумачыць, што ў мяне ёсць «блізкія сябры». Думаю, дзіцёнку лепш не хлусіць. На месцы дзіцяці я б хутчэй хацела, каб у маіх бацькоў была адкрытая камунікацыя і этычныя спатканні з іншымі, чым працяглыя здрады. Але для такіх складаных пытанняў заўсёды ёсць псіхолагі, якія спецыялізуюцца на неманагамных стасунках.

Зміцер: «Мне падабаецца сэкс і пошук унікальнасці ў кожным/най з нас»

Мае адкрытыя адносіны працягваліся тры гады. Для мяне гэта быў цікавы вопыт і магчымасць для абодвух з нас выявіць слабыя месцы ў нашых адносінах і праверыць трываласць даверу.

Магчыма, жаданне адкрытых стасункаў хутчэй звязана з жаданнем мець больш эмацыйных кантактаў з партнёрамі, чым іх «калекцыяніраваць». Бо калі я абмяжоўваўся адным чалавекам, у мяне адразу ўзнікала адчуванне, што сэксуальны свет з іншымі мужчынамі для мяне зачыняецца. Тым не менш, з кімсьці я магу быць у сталых манагамных стасунках, а з іншым чалавекам — у адкрытых. І таму галоўны крытэрый для такога рашэння: ці бачу я, што ў будучым буду патрэбны для партнёра як асоба, ці не.

Рашэнне пра адкрытыя стасункі прыймалася намі разам. Мы з экс-партнёрам доўга былі паасобку з-за нашых паездак у іншыя гарады, і гэта адбівалася на жаданні сустракацца з іншымі. Але, магчыма, засталося невырашанае пытанне, як правільна разумець такія адносіны. Мы таксама асэнсоўвалі, што гэта можа прывесці да разлукі ў будучыні.

Быць сумленнымі адзін з адным — было адным з галоўным правіл нашых адносін. Таму, калі ў кагосьці з нас было жаданне сустрэцца з іншым чалавекам, мы проста аб’яўлялі пра гэта. Мы разумелі жаданні адзін аднаго і нават маглі пасля такіх сустрэч абмеркаваць дэталі. Гіпатэтычна, сустрэчы маглі быць і ў нашым сумесным доме, але такіх выпадкаў не было.

«З кімсьці я магу быць у сталых манагамных стасунках, а з іншым чалавекам — у адкрытых." — кажа Зміцер Ілюстратыўнае фота з pixabay.com

Ці ёсць забароны ў адкрытых стасунках? Напэўна так, але толькі каб не нашкодзіць партнёру, падарваўшы яго давер. Я не баюся, што камунікацыя з іншымі людзьмі нашкодзіць маім адносінам са сталым партнёрам. Напэўна, гэтага трэба баяцца пры відавочных праблемах у пары.

Ніколі не перашкодзіць быць асцярожным пад час інтымных сустрэч з іншымі людзьмі. Магчымасцяў для прафілактыкі захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам, дастаткова, таму, калі партнёр сустракаецца для сэкса з іншымі людзьмі, яму варта як мінімум, паклапаціцца пра сваё здароўе.

Не ўсе людзі разумеюць канцэпцыю такіх стасункаў, або не сутыкаліся з ёй увогуле. Але у большасці сваёй рэакцыя застаецца нейтральнай. Ні непавагі, ні адкрытай нянавісці ў свой бок я яшчэ не адчуваў.

Такія тэмы могуць назаўсёды застацца табуіраванымі. Людзі могуць думаць, што адкрытыя адносіны — гэта законны спосаб падману, але, даведаўшыся пра акалічнасці, лепш зразумеюць людзей, якія выбіраюць гэты тып адносін. Лічу, што вывучэнне сябе і сваёй сэксуальнасці не павінна мець межаў, калі гэта, вядома, нікому не шкодзіць. Мне падабаецца сэкс і пошук унікальнасці ў кожным/най з нас.

Кіра: «Я прымаю, што не толькі я магу зрабіць гэтаму чалавеку прыемна»

Я са сваім партнёрам паўтара года ў адкрытых стасунках. Нам спатрэбілася некалькі месяцаў, каб абмеркаваць, як мы бачым свае ролі. Мой вопыт адкрытых стасункаў станоўчы. Безумоўна, не абышлося без дзіўных спатканняў і расставанняў з партнёрамі, але ў цэлым я задаволена.

У маім жыцці быў перыяд, калі манагамія мне была патрэбна. Калі ў мяне было малое дзіцё, я разумела, што ні фізічна, ні эмацыйна я не гатова да адкрытых стасункаў.

Але прайшоў час, я перажыла эміграцыю, і пасля ўсіх выпрабаванняў я паглядзела на сябе новымі вачамі. Я люблю фліртаваць. Мне падабаецца разглядаць людзей і знаходзіць у кожным прыгожае. З некаторымі людзьмі я б жадала пайсці далей, чым проста флірт. Інакш гэта нейкі падман. Гэтымі думкамі я падзялілася са сваім сталым партнёрам, які згадзіўся паспрабаваць адкрытыя стасункі. Мы шмат размаўлялі, былі на тэрапіі.

Я лічу, што адкрытыя стасункі магчымы толькі з тым чалавекам, якога ты па-сапраўдаму кахаеш. Я не магу ўявіць, што такога павінен зрабіць мой партнёр, каб я яго пакінула. Гэта такое чыстае пачуццё, якому не страшна нічога. І іншыя людзі не перашкода. Калі б нашы стасункі былі не стабільнымі, былі з эмацыйнымі арэлямі, калі б я баялася, што мой партнёр можа мяне лёгка замяніць, я бы не пайшла ў адкрытыя стасункі. Каханне — гэта падмурак усяго. Але ў мяне яшчэ ёсць эмацыйны запал, каб зрабіць жыццё іншых мужчын лепей, і атрымаць тое самае ад іх.

Ілюстратыўнае фота с pixabay.com

Паліаморыя для мяне — гэта пра тое, што ў мяне з рознымі партнёрамі могуць быць розныя ўзроўні эмоцый: зацікаўленнасць, прага, жаданне, больш моцныя пачуцці. Паліаморыя — гэта калі чалавек на розных ці аднолькавых узроўнях можа адчуваць каханне ці любоў да розных партнёраў.

У нашай пары ёсць свае правіла і абмежаванні. Мы не сустракаемся з іншымі партнёрамі ў нашай кватэры, а здымаем для сустрэч гатэлі ці апартаменты ў горадзе, дзе жывём, ці там, куды прыязджаем з партнёрамі па-за парай, на невялікія вакацыі для сумеснага адпачынку. То бок нават атрымоўваецца сумяшчаць адкрытыя стасункі з вандроўкамі (смяецца — Hrodna.life). Мы спакойна камунікуем і шчыра кажам адзін аднаму, калі ідзём на сустрэчу з кімсьці. Мы абмяркоўваем, калі хтосьці з нас запрасіў іншага партнёра на каву, у галерэю, будзе гэта сустрэча на пару гадзін ці з начоўкай, усе спатканні ўлічваюцца з нашымі працоўнымі графікамі, бо ў нас ёсць дзеці і сямейныя абавязкі.

Для мяне дэфініцыя здрады вельмі размытая. Здрады ж бываюць не толькі ў стасунках. Усе залежыць ад таго, як ты да гэтага ставішся. Таму магу даць параду: прагаварыце са сваім партнёрам, што для вас здрада і трымайце гэта заўсёды ў галаве, каб не зрабіць яму балюча.

У пачатку года я хварэла і прасіла свайго партнёра не хадзіць гэты час на спатканні. Ягоныя вечаровыя ці начныя спатканні забралі б ў мяне на той момант сон. Але ён спакойна працягваў весці камунікацыю з іншымі дзяўчынамі праз тэлефон. Паміж намі існуе дамова, што калі мы адчуваем, што эмацыйна не вытрымліваем спатканні адзін аднаго, мы можам папрасіць адзін аднаго на пэўны час фізічна не сустракацца з іншымі людзьмі.

Фота: pixabay.com

Ні пярсцёнак на пальцы, ні штамп у пашпарце не можа прывязаць да цябе чалавека, бо ён не твая рэч. І я таксама не ўласнасць. Толькі жаданне быць разам аб’ядноўвае людзей. Канцэпцыя манагамных стасункаў не ўмяшчае ў сябе тое, што чалавек можа спрабаваць хаця бы сэкс з іншымі. У адкрытых стасунках табе не трэба сыходзіць з сям'і, каб паспрабаваць інтым з іншымі. Магчыма, у гэтым і ёсць плюс?!

Як я сябе адчуваю, ведаючы, што мой партнёр мае сэкс з іншымі людзьмі? Ужо нармальна, але безумоўна, напачатку мяне гэта турбавала, часам было цяжка заснуць. А зараз я радая, што іншым дзяўчатам пашанцавала з ім, бо я ведаю, які мой партнёр класны ў сэксе. Але часамі гэта можа быць трывожна і непрыемна. Але заўсёды трэба думаць, чаму табе ў гэты момант непрыемна, што стала гэтаму нагодай?

Безумоўна, я баюся інфекцый, а ВІЧ можна заразіцца нават без сэксуальнага кантакту. Усе нашы партнёры і мы здаём аналізы раз на паўгода. А вынікі тэстаў можна заўсёды папрасіць паказаць адзін аднаму. А таксама не забываем пра базавыя сродкі абароны. Спрабуем па-сяброўску падтрымліваць адзін аднаго, калі з боку іншых партнёраў атрымліваем нейкі негатыў. Мы заўсёды дзелімся эмоцыямі, якія атрымалі з іншымі партнёрамі, можам абмяркоўваць нават сэксуальны вопыт. Так у наша сумеснае жыццё прыйшло дзве новыя позы, якіх раней не было.

Партнёр прытрымліваецца меркавання, што ўсе павінны быць знаёмы паміж сабой. Мы з яго партнёркамі не блізкія сяброўкі, але ведаем адна адну. Партнёрства — гэта пра тое, што часам трэба рабіць над сабой высілкі. Менавіта пагэтаму я пайшла на агульную сустрэчу і пазнаёмілася з яго партнёркамі.

Быў выпадак, калі адзін з маіх партнёраў сказаў, што хоча, каб я была ў стасунках толькі з ім. Я яму сказала, што гэта немагчыма. Ён паклаў тэлефон і выдаліў наш дыялог у сацсетках.

Фота ілюстрацыйнае: iStock

Зараз, акрамя сталага, я маю партнёра, які не мае стасункаў з іншымі людзьмі. Часамі ён піша, што жадае, каб я зараз заснула з ім, ці каб праводзіла з ім больш часу. Ён ішоў у стасункі са мной, ведаючы ўсе мае ўмовы. І яшчэ ён разумее, што акрамя маіх стасункаў, я мяне ёсць праца, я, мае хобі, і што я тая асоба, якая сама па сабе нікому не можа належыць.

У нашай краіне тэма адкрытых стасункаў табуіраваная пад уплывам патрыярхату. З вопыту карыстання дадаткамі для знаёмстваў, дзе я сустракала мужчын, у якіх было напісана, што яны ў адкрытых стасунках, атрымлівалася так, што гэтыя ж самыя мужчыны не прымалі, калі жанчына таксама ў такіх стасунках. Вось такая скажоная форма адкрытых патрыярхальных стасункаў.

Людзі заўсёды баяліся і баяцца новага для сябе. Ім прасцей закэнселіць і захейціць, чым разабрацца ў чымсьці. Адкрытыя стасункі не для ўсіх, і, я лічу, не на ўсё жыццё, хутчэй за ўсё яны будуць чаргавацца з манагамнымі. З адкрытымі стасункамі трэба працаваць яшчэ болей, чым з манагамнымі.

Пачула не так даўно ў адным падкасце: «Усе пастаянна думаюць, што мы тр**аемся. А мы пастаянна абмяркоўваем нашы эмоцыі.». Так і ёсць.

Чытайце таксама: «Бярыце паўзу». Як сям’я з Гродна жыве з рознымі палітычнымі поглядамі і што пра гэта думае псіхолаг

Падзяліцца

Апошнія запісы

Словы тваёй сям'і: ці пазнаеш адметныя назвы з Гродзеншчыны? Тэст

Каляды, Новы год, Раство - час сямейных сустрэч. А ці добра ты разумееш сваякоў? Як…

31 снежня 2024

У Гродне хочуць захаваць старыя кафляныя печы. Гэта ўнікальная частка інтэр'ераў - і яна знікае

У гістарычным цэнтры Гродна засталося ўсяго некалькі дзясяткаў цікавых кафляных печак, якія ўпрыгожваюць інтэр'еры старых…

30 снежня 2024

Аўтарытарызм, кіберпанк і Акрэсціна. 6 кніг, якія трэба прачытаць для разумення Беларусі

Чытанне кніг у няпросты час дапамагае перамагчы ўласную немату - прызнаваліся некаторыя героі Hrodna.life. Рэдакцыя…

27 снежня 2024

«Можна бункер на выпадак апакаліпсісу ўладкаваць». Якім будзе новы «касмічны» гатэль у Пышках

На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…

24 снежня 2024

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024