У параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі аўта- і чыгуначны вакзалы Гродна маюць самыя нізкія ацэнкі на “Яндекс Карты” і Google Maps. Hrodna.life паглядзеў, што больш за ўсё не падабаецца наведвальнікам і якія водгукі яны пішуць.

Аўтарская пунктуацыя захавана.

Аўтавакзал Гродна: добрая ацэнка персаналу і благая – рамонту

На “Яндекс Карты” сярэдняя адзнака гродзенскага аўтавакзала – 4,1. Агулам наведвальнікі пакінулі амаль 5000 адзнак і 815 водгукаў. 

Аўтавакзал
Аўтавакзал у Гродне. Крыніца: avtovokzal-grodno.ru

Лепш за ўсё людзі адзначылі працу персаналу – 68% лайкаў. Самая нізкая адзнака ў прыбіральняў і рамонту будынка – 6% і 5% лайкаў адпаведна. Агулам адзнакі аўтавакзала такія:

  • персанал – 68%;
  • кафэ – 55%;
  • чысціня – 45%;
  • паркоўка – 23%;
  • чэргі – 23%;
  • прыбіральні – 6%;
  • рамонт – 5%.

На Google Maps адзнака ў аўтавакзала ніжэй – 3,8. Але людзі пакінулі болей водгукаў – больш за 1800.

Часцей за ўсё людзі пішуць, што будынак аўтавакзала гэта “прывітанне з 90-х”. Таксама пішуць, што “аўтавакзал ганьба, нават лідскі лепш”. Але вельмі хваляць працу персаналу.

Што пішуць у водгуках на гродзенскі аўтавакзал

“Зрэшты, нармальны вакзал. Абслугоўваюць хутка і аператыўна. Стаўленне добрае. Ёсць, вядома, нюансы па вонкавым выглядзе будынка і па ўнутраным, але думаю ў хуткім часе яны будуць ліквідаваны. Хацелася б, вядома, каб былі прыняты меры па добраўпарадкаванні”, — напісаў карыстальнік Google Maps пад нікам Сан Саныч. 

“Калі вы адпраўляецеся ў падарожжа з Гродзенскага аўтавакзала, але сумняваецеся ў выбары рэйса, не турбуйцеся. Вы можаце атрымаць усю неабходную інфармацыю ў добразычлівых і спагадных супрацоўнікаў”, — напісала карыстальніца “Яндекс Карты” Людміла Паварэнка. 

“Хоць зроблены рамонт, але лётае дух мінулых дзесяцігоддзяў… Месца, як і будынак, нагадвае пра мінулае. Не знаўца архітэктуры, але думаю, сам будынак архітэктурнай каштоўнасці не мае, зноў жа пытанне на суд спецыялістаў”, — напісаў карыстальнік “Яндекс Карты” Мікалай Карпінчык. 

“Слабаваты для абласнога цэнтра. Туалет – аплата толькі наяўнымі, некаторым даводзіцца сыходзіць і, мабыць, шукаць нейкі кут. Спуск – лесвіца настолькі вузкая, што аднаму не камфортна ісці, а ўжо калі ёсць сустрэчныя людзі – з цяжкасцю разыходзяцца, затое цана паслугі вышэй чым у Мінску”.

Якія адзнакі ў іншых абласных аўтавакзалаў

У параўнанні з аўтавакзаламі ў іншых абласных цэнтрах, гродзенскі знаходзіцца на апошнім месцы па сярэднім бале на “Яндекс Карты”.

Рэйтынг аўтавакзалаў Беларусі:

  • аўтавакзал Мінск – 4,9;
  • аўтавакзал Брэст – 4,9;
  • аўтавакзал Віцебск – 4,6;
  • аўтавакзал Гомель – 4,5;
  • аўтавакзал Магілёў – 4,3;
  • аўтавакзал Гродна – 4,1.

Чыгуначны вакзал: паркоўка і рамонт падабаюцца, а даступнасці не хапае

На Google Maps у гродзенскага чыгуначнага вакзала адзнака 4,2. Агулам наведвальнікі пакінулі 167 водгукаў. На “Яндекс Карты” наведвальнікі пакінулі больш за 1,5 тыс. водгукаў.

Чыгуначны вакзал Гродна
Чыгуначны вакзал у Гродне. Крыніца: 1transfer.by

Лепш за ўсё людзі ацанілі паркоўку – 95% лайкаў, а таксама рамонт вакзала – 93%. Горш за ўсё – прыбіральні (19%) і даступнасць (7%). Агулам наведвальнікі выстаўляюць чыгуначнаму вакзалу такія адзнакі:

  • паркоўка – 95%;
  • рамонт – 93%;
  • размяшчэнне – 90%;
  • персанал – 89%;
  • касы – 73%;
  • чэргі – 72%;
  • кафэ – 50%;
  • платформы – 40%;
  • прыбіральні – 19%;
  • даступнасць – 7%.

Што пішуць у водгуках на гродзенскі чыгуначны вакзал

“Кампактны, зручны і ўтульны вакзал з добрым рамонтам. З аднаго боку выхад у горад, з другога да цягнікоў, усё зразумела. Ёсць абменнік, сталовая, зарадка тэлефонаў. Крэслы ў зале чакання з мяккай набіўкай, пасля таго, як прыйшлося на адным вакзале пасядзець на халодных металічных, гэта важны момант. Праўда, туалет дзесьці ў цокальным паверсе, магчыма для пажылых і інвалідаў такое яго размяшчэнне будзе нязручна, але можна зайсці з вуліцы, тады адразу трапіце. Ёсць сталовая, дзе можна паесці гарачую ежу”, — напісала карыстальніца “Яндекс Карты” Наталля Савіч.

“Вельмі класнае збудаванне. Адна з візітных картак горада. Зручнае месцазнаходжанне. Дастаткова транспарту, каб даехаць з любой кропкі горада. Зручныя паркоўкі. Набыць квіткі можна як у шматлікіх касах, так і ў электронных. Ветлівы персанал. Вельмі ўсё прадумана і зручна”, — напісаў карыстальнік “Яндекс Карты” Андрэй Іваноў.

“Вялікі вакзал. Трохі мудрагелістая навігацыя, залы ў розных месцах на розных узроўнях. Як уваходы так і выхады. Побач вялікая паркоўка, вельмі зручна. Рух гарадскога транспарту, мяркуючы па прыпынках. Чысты вакзал, свежы рамонт”, — напісаў Аляксандр.

“21 стагоддзе, а ў Гродне 19 ст. Прыбіральні платныя ў жд [чыгуначным вакзале – Hrodna.life], гэта проста нонсэнс. І самае цікавае, аплата толькі налам. Выбачайце але я павінна мяняць сваю валюту каб схадзіць у прыбіральню? Ці павінна пастаянна трымаць рубель у кішэньцы пры наведванні цудоўнай краіны”, — напісала карыстальніца Google Maps пад нікам Валенти Вэл.

Якія адзнакі ў іншых абласных чыгуначных вакзалаў

Нягледзячы на большасць пазітыўных водгукаў, як і ў сітуацыі з гродзенскім аўтавакзалам, у чыгуначнага самая нізкая адзнака на Google Maps у параўнанні з вакзаламі іншых абласных цэнтраў.

Рэйтынг чыгуначных вакзалаў Беларусі

Паводле Google Maps, рэйтынг чыгуначных вакзалах у беларускіх абласных цэнтрах такі: 

  • Брэст-Цэнтральны – 4,6;
  • Мінск-Пасажырскі – 4,5.
  • Гомель-Пасажырскі – 4,4;
  • Віцебск – 4,4;
  • Магілёў-1 – 4,3;
  • Гродна – 4,2.

Чытайце таксама: Не дацягвае нават да двух балаў: пасажыры жорстка раскрытыкавалі Гродзенскі аўтобусны парк на «Яндекс.Картах»