Разынкай дзясятай штогадовай выставы сталі абразы з перламутру, прадастаўленыя Амбасадай Палестыны ў Беларусі. Перламутр нараджае пярліны і ў гэтым сімвалічнае значэнне: у Старым Запавеце перламутр параўноўваўся з Божай мудрасцю, а ў Новым – з Маці Божай, якая нарадзіла пярліну – Ісуса Хрыста. Выстава пад назвай “Цуд адкрыўся ў Палестыне” адкрылася 14 красавіка і будзе дзейнічаць да канца мая.

– Пасха, Вялікдзень, Уваскрасенне Хрыстова – самае галоўнае хрысціянскае свята, галоўная падзея Бібліі, фундамент усяго хрысціянства, – кажа Галіна Хамко, старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі рэлігіі. – Кожны год у музеі мы ладзім выставу да свята светлай Пасхі.

Абразы з перламутру і харугва з Фары Вітаўта. Што пабачыць па Велікоднай выставе ў Музеі гісторыі рэлігіі

На выставе адлюстрованы падзеі ад Вербнай нядзелі да Вялікадня і Узнясення. Падзеі Страснога тыдня ад Вярбнай нядзелі да Вялікадня паказваюцца прадметамі з фондаў музея – абразамі, кнігамі, царкоўным начыннем, літургічнымі тканінамі 19 стагоддзя. Прадстаўлены як праваслаўныя, так і каталіцкія прадметы.

Цэнтральнае месца займае раздзел, прысвечны Уваскрасенню – абразы “Зыходжанне ў пекла” і “Уваскрасенне”.

Абразы з перламутру і харугва з Фары Вітаўта. Што пабачыць па Велікоднай выставе ў Музеі гісторыі рэлігіі

– Галоўнае свята хрысціян спачатку не было адлюстравана ў абразах. Гэта адбылося таму, што ні адзін евангеліст нічога не расказаў пра гэтую падзею. Мы не ведаем, як гэта адбылося. І толькі ў 10 стагоддзі ў праваслаўнай традыцыі з’яўляюцца такія абразы.

Некаторыя абразы 19 стагоддзя – “Маленне аб чашы”, “Галгофа”, “Палажэнне ў труну” былі адрэстаўраваныя і паказваюцца ўпершыню. Сярод іншых экспанатаў прадстаўлена харугва – рэлігійны сцяг, які захаваўся пасля падрыву Фары Вітаўта. Таксама ёсць прадметы, якія расказваюць пра пасхальны звон і пасхальны агонь.

Абразы з перламутру ў Музей гісторыі рэлігіі перадалі Амбасада Палестыны ў Беларусі і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

– З далёкіх паломніцкіх паездак у 19 стагоддзі людзі прывозілі са Святой зямлі такія сувеніры. Сярод іншых мы дэманструем абраз Маці Божай Віфліемскай – адзіны абраз, дзе Маці Божая ўсміхаецца. Гэтыя абразы створаныя на мазаіцы з перламутру пры дапамозе друку. Перламутр людзі навучыліся апрацоўваць вельмі даўно. У Палестыне – недзе ў 17 стагоддзі. Росквіт тэхнікі наступіў у 19 стагоддзі. А друк – мастацтва даволі сучаснае. Такім чынам, сустрэліся два мастацтвы і паўсталі вельмі прыгожыя абразы, – кажа Галіна Хамко.

Выставу наведаў Амбасадар Палестыны ў Беларусі Халед Арыкат. Карыстаючыся нагодай, ён павіншаваў гродзенцаў са святам. Таксама выказаў спадзяванні, што гродзенцам спадабаецца выстава і яны наведаюць Палестыну. Амбасадар даведаўся, што ў Гродне ёсць цэлы раён, які называюць Палестынай, і, усміхаючыся, сказаў, што з калегамі наведае “свае тэрыторыі”.

Цікава не толькі для вернікаў

Выстава да свята Пасхі можа быць цікавай і атэістам – з мастацкага пункту гледжання. Тут прадстаўлены абразы, створаныя як ва ўсходняй, так і заходняй іканаграфіі. Пра падзеі Страснога тыдня расказваюць прадметамі сакральнага мастацтва, а гэта цікава для ўсіх, лічаць супрацоўнікі музея. Для дзяцей падрыхтавалі адмысловы інтэрактыўны блок: гульню “катанне яек”, віктарыну і фільм пра храм у Іерусаліме. Супрацоўнікі музея спадзяюцца, што выстава прынясе наведвлаьнікам новыя веды і ўражанні ў перыяд Пасхі.