Адвар цыбулевага шалупіння пафарбуе яйкі ў чырвоны колер, а настойка каркаде — у касмічны сіні. Настойка куркумы дасць жоўты, але лепш пакідаць яйкі ў адвары на ноч. Астатнія спосабы з эксперыменту Hrodna.life пафарбавалі ўсё, акрамя яек. Ад буракоў не адмываліся пальцы, а харчовыя фарбавальнікі пакінулі плямы на белым стале.
Чытайце, як журналісткі Hrodna.life рыхтавалі велікодны кошык і што з гэтага выйшла.
Спачатку выпрабавалі экалагічныя спосабы афарбоўкі яек. Знайшлі ў інтэрнэце падборку рэкамендацый, як атрымаць розныя колеры. Потым паўтарылі эксперымент з харчовымі фарбавальнікамі. Дадаткова паспрабавалі тры спосабы дэкору яек для святочнага стала.
Цыбулевае шалупінне — спосаб працуе
Рэцэпт 1: «Як у бабулі». Заліць цыбулевае шалупінне кіпнем. Праз дзве гадзіны падсаліць і пакласці яйкі. Закіпяціць і варыць 10 хвілін на павольным агні. Можна пакінуць на даўжэй. Колер стане больш інтэнсіўным.
Класічны рэцэпт дае на шкарлупіне барвова-карычневы колер. Каб яйкі былі не аднолькавымі, надзелі на адно гумкі, на другое паклалі лісток і замацавалі яго марляй, на трэцім «патрэскалі» шкарлупіну, каб на вычышчаным яйку атрымалася мармуровая афарбоўка.
Вараныя буракі - ружовы колер не атрымаўся
Рэцэпт 2: буракі ачысціць і нацерці на буйной тарцы. Выкласці буракі ў рондаль, дадаць воцат і ваду. Пракіпяціць 10 хвілін і астудзіць. У адвар пакласці вараныя яйкі і даць настаяцца некалькі гадзін.
Ва ўсіх рэцэптах з інтэрнэту рэкамендуюць шукаць больш ружовыя буракі. Але мы не ведалі, што бывае ружовыя буракі. У выніку афарбаваліся толькі пальцы, пакуль церлі буракі. Яйка пакінулі ў адвары на ноч. Вынік не парадаваў.
Зялёны колер — запахла летам, але колер не ўзяўся
Рэцэпт 3: шпінат і пятрушку дробна парэзаць. Заліць вадой, дадаць воцат і паставіць на пліту. Пасля закіпання варыць 15 хвілін. Яшчэ гадзіну патрымаць яйкі ў адвары. Можна пакінуць на ноч.
На зялёны колер надзеі няма. Крапіву ў пачатку сакавіка складана знайсці, а шпінат і пятрушка акрамя летняга паху нічога не далі. Толькі праз след ад гумкі бачнае адценне, якое атрымалася.
Куркума — колер ёсць, але хацелася ярчэй
Рэцэпт 4: насыпаць куркуму, воцат, соль і заліць вадой. Яйкі апусціць у рондаль. Пасля закіпання варыць 10 хвілін. На 1 літр вады трэба 2 пачкі куркумы па 25 г.
Яйкі пакінулі ў адвары на ноч, але на вынік гэта мала паўплывала.
Аранжавым стаў толькі клей. Спосаб з апельсінавай цэдрай і папрыкай не спрацаваў
Рэцэпт 5: наліць у рондаль вады, дадаць 4 сталовыя лыжкі папрыкі і 4 сталовыя лыжкі апельсінавай цэдры. Варыць 30 хвілін. Яйкі пакласці ў адвар і пакінуць на ноч.
Для ўзору выкарыстоўвалі гарачы клей. У выніку афарбаваўся толькі ён. Праўда, зняць клей са шкарлупіны не атрымалася.
Каркадэ — гэта проста космас. Нарэшце знайшлі працоўны спосаб
Рэцэпт 6: працуе на 100%. Каркаде заліць вадой і давесці да кіпення. Зняць з агню і даць адвару астыць. За гэты час зварыць яйкі ўкрутую. У адвар дадаць воцат і пакласці яйкі, пасаліць. Праз гадзіну колер шкарлупіны стане сінім.
У інтэрнэце абяцалі, што чай каркаде пафарбуе яйкі ў сіні колер. Некаторыя палохалі, што яйкі стануць кіслымі. Для эксперыменту паспрабавалі гэты спосаб. Праз гадзіну атрымаўся «касмічны» сіні.
Адно яйка мы пакінулі на ноч, каб паглядзець, якое максімальнае адценне можа атрымацца. Другое змясцілі ў марлю з галінкай кропу. На трэцім — разбілі шкарлупіну, каб атрымаліся расколіны і «мармуровы малюнак» на вычышчаным яйку.
Харчовыя фарбавальнікі - фарбаваць прасцей, але вынік не надта
Другую частку яек афарбавалі харчовымі фарбавальнікамі. Спосаб падрыхтоўкі вельмі просты і распісаны на адваротным баку пакунка. Выбралі пяць колераў.
Дадалі спосаб, які нельга было зрабіць пры дапамозе натуральных фарбавальнікаў - рознакаляровы. Для гэтага размалявалі варанае яйка ватовымі палачкамі, змочанымі ў харчовых фарбавальніках, і пакінулі высахнуць.
На ўсе падрыхтоўкі натуральных фарбавальнікаў сышло 3 гадзіны і 15 рублёў. Адвар зеляніны, буракоў і цэдра апельсіна не афарбоўваюць яйка. Харчовыя фарбавальнікі далі бледную афарбоўку. Іх кошт — 1,5 рублія за пакунак.
Лайфхакі: як выкарыстоўваць шкарлупіну для дэкору
Разбітая шкарлупіна можа стаць дэкаратыўнай мазаікай. Цэлую шкарлупіну можна выкарыстоўваць як форму і зрабіць свечку або дэкаратыўны кактус.
Шкарлупіну разбітага яйка паламаць на дробныя кавалачкі і прыляпіць на новае ў выглядзе мазаікі. Прыляпіць можна клейстарам (крухмал з вадой) або клей-алоўкам.
«Кактусы» на стале
Яйка пафарбаваць у зялёны колер і маркерам намаляваць крыжыкі. «Пасадзіць» у маленькі гаршчочак. Замест зямлі насыпаць дэкаратыўныя або звычайныя каменьчыкі. Зверху прыляпіць кветачку, можна зрабіць з паперы.
Свечка ў шкарлупіне
Калі дома засталіся старыя свечкі, то святочны стол можна ўпрыгожыць свечкамі ў выглядзе яек.
Разбіць / пракалоць тоўстай іголкай, шылам шкарлупіну яйка і выліць змесціва. Старыя свечкі нарэзаць і пакінуць трохі воску каля асновы кнота, каб можна было яго устойліва паставіць у яйка. Узяць пластыкавы посуд, засыпаць нарэзаную свечку і паставіць на вадзяную лазню. Пачакаць, пакуль свечка стане вадкай, і заліць у шкарлупіну з кнотам. Калі астыне, ачысціць як звычайнае яйка.