Шукаеце падарунак, звязаны з горадам? Журналіст Hrodna.life склаў спіс прэзентаў, якія будуць блізкімі кожнаму жыхару Гродзеншчыны або эмігранту, які тут нарадзіўся. Наш спіс прыдасца да калядна-навагодніх святаў, але пасуе і на кожны дзень.

Рэпрадукцыя Напалеона Орды

Фарны касцёл — адзін з самых пазнавальных архітэктурных сімвалаў Гродна. Калі дадаць да рэпрадукцыі рэтра-раму, гэта будзе не проста падарунак з сэнсам, а сапраўдная кропка натхнення. А таксама сімвалам любові да горада — ад рукі славутага майстра.

Рэпрадукцыя карціны Напалеона Орды
Рэпрадукцыя Напалеона Орды

Кніга пра Гродна або яго дзеячоў

Кніга Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — падарожжа ў жыццё горада эпохі ранняга Новага часу апісана з усім вядомай «караткевічавай» іроніяй і адначасова драматызмам. Гэта вобраз Гродна, якога ніколі не было, але якое вельмі падобнае да рэальнага. Ідэальны падарунак для тых, хто любіць класіку, бо яна падымае вечныя тэмы: барацьбу за свабоду, веру і прагу да лепшага.

Кніга Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» апісвае падзеі і жыцці людзей пасля паўстання 1863−1864 гадоў. У ёй параллеляў з сучаснасцю больш, чым можа здацца на першы погляд. Гэта сапраўднае падарожжа на два стагоддзя назад. Знайсці кнігу сучаснага выдавецтва можа быць складана, але сапраўдны аматар кніг будзе задаволены асобнікам з букініста.

Біяграфія Льва Бакста адкрые чытачам гісторыю славутага сына Гродзеншчыны, які праз мастацтва атрымаў сусветную вядомасць. Руцэ Бакста належаць партрэты Жана Както, Клода Дзебюссі, Андрэя Белага і іншых знакавых персон Сярэбранага веку.

Пальчаткі «Акцэнт»

Гродзенская фабрыка «Акцэнт» робіць якасныя пальчаткі ўжо не першае дзесяцігоддзе. Падарыце клопат, які будзе грэць вашых блізкіх не адзін сезон запар.

Піжама/халат Ralph Lauren

Для тых, хто любіць камфорт і ціхую раскошу, можна выбраць хатняе адзенне ад амерыканскага дызайнера. У брэнда існуе мноства варыянтаў для мужчын, жанчын і дзяцей, якія задаволяць аматараў прыгожых рэчаў. У гэтым і ёсць філасофія брэнда, якую стварыў сын эмігрантаў з Гродна і Пінска. Такі падарунак будзе актуальны ў калядныя святы, якія мы праводзім дома з сям’ёй.

Халат Ralph Lauren. Фота: Яндекс.Маркет
Халат Ralph Lauren. Фота: Яндекс.Маркет

Calvin Klein Eternity (класічная версія)

Лінейка водараў для мужчын і жанчын. Водар створаны «галоўным носам» Амерыкі - Сафіяй Гройсман, якая нарадзілася ў мястэчку Любча, што пад Навагрудкам.

Духі Calvin Klein Eternity
Фота: makeup.com

Мёд ад мясцовай маркі «Мядовы шлях»

Лакальны вытворца прапаноўвае мёд розных відаў: ад класічнага ліпавага, грачанага і ляснога да варыяцый з імбіром, фундуком, малінай і журавінамі. А для тых, хто любіць каштаваць усё і адразу, можна прэзентаваць набор усіх смакаў.

Прадукцыя "Мядовы шлях"
Прадукцыя «Мядовы шлях»

Гаманец-партманэ з этна-крамы «Цудоўня»

Гаманец ручной працы ад мясцовых рамеснікаў - гэта якасны і патрэбны ва ўжытку падарунак, які праслужыць шмат гадоў. А яшчэ гэта падтрымка, салідарнасць і падзяка тым, хто стварае беларускае.

партманэ
Фота: cud.by

Чытайце таксама: «З Гродна з любоўю». Якія сувеніры прывезці з паездкі ў Гродна

Мікалай Наваградскі