Шукаеце падарунак, звязаны з горадам? Журналіст Hrodna.life склаў спіс прэзентаў, якія будуць блізкімі кожнаму жыхару Гродзеншчыны або эмігранту, які тут нарадзіўся. Наш спіс прыдасца да калядна-навагодніх святаў, але пасуе і на кожны дзень.  

Рэпрадукцыя Напалеона Орды

Фарны касцёл – адзін з самых пазнавальных архітэктурных сімвалаў Гродна. Калі дадаць да рэпрадукцыі рэтра-раму, гэта будзе не проста падарунак з сэнсам, а сапраўдная кропка натхнення. А таксама сімвалам любові да горада – ад рукі славутага майстра.

Рэпрадукцыя карціны Напалеона Орды
Рэпрадукцыя Напалеона Орды

Кніга пра Гродна або яго дзеячоў

Кніга Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” – падарожжа ў жыццё горада эпохі ранняга Новага часу апісана з усім вядомай “караткевічавай” іроніяй і адначасова драматызмам. Гэта вобраз Гродна, якога ніколі не было, але якое вельмі падобнае да рэальнага. Ідэальны падарунак для тых, хто любіць класіку, бо яна падымае вечныя тэмы: барацьбу за свабоду, веру і прагу да лепшага.

Кніга Элізы Ажэшкі “Над Нёманам” апісвае падзеі і жыцці людзей пасля паўстання 1863-1864 гадоў. У ёй параллеляў з сучаснасцю больш, чым можа здацца на першы погляд. Гэта сапраўднае падарожжа на два стагоддзя назад. Знайсці кнігу сучаснага выдавецтва можа быць складана, але сапраўдны аматар кніг будзе задаволены асобнікам з букініста. 

Біяграфія Льва Бакста адкрые чытачам гісторыю славутага сына Гродзеншчыны, які праз мастацтва атрымаў сусветную вядомасць. Руцэ Бакста належаць партрэты Жана Както, Клода Дзебюссі, Андрэя Белага і іншых знакавых персон Сярэбранага веку. 

Пальчаткі “Акцэнт”

Гродзенская фабрыка “Акцэнт” робіць якасныя пальчаткі ўжо не першае дзесяцігоддзе. Падарыце клопат, які будзе грэць вашых блізкіх не адзін сезон запар. 

Піжама/халат Ralph Lauren 

Для тых, хто любіць камфорт і ціхую раскошу, можна выбраць хатняе адзенне ад амерыканскага дызайнера. У брэнда існуе мноства варыянтаў для мужчын, жанчын і дзяцей, якія задаволяць аматараў прыгожых рэчаў. У гэтым і ёсць філасофія брэнда, якую стварыў сын эмігрантаў з Гродна і Пінска. Такі падарунак будзе актуальны ў калядныя святы, якія мы праводзім дома з сям’ёй. 

Халат Ralph Lauren. Фота: Яндекс.Маркет
Халат Ralph Lauren. Фота: Яндекс.Маркет

Calvin Klein Eternity (класічная версія) 

Класічная жаночая кампазіцыя, якая складаецца з нотаў ружы, фрэзіі, нарцыса, абмры, сандала і пачулі. Водар стварыла ў 1988 годзе “галоўны нос” Амерыкі – Сафія Гройсман, якая нарадзілася ў мястэчку Любча, што пад Навагрудкам.  

Calvin Klein Eternity
Фота: aromo.ru

Мёд ад мясцовай маркі “Мядовы шлях”

Лакальны вытворца прапаноўвае мёд розных відаў: ад класічнага ліпавага, грачанага і ляснога да варыяцый з імбіром, фундуком, малінай і журавінамі. А для тых, хто любіць каштаваць усё і адразу, можна прэзентаваць набор усіх смакаў.

Прадукцыя "Мядовы шлях"
Прадукцыя “Мядовы шлях”

Гаманец-партманэ з этна-крамы “Цудоўня”

Гаманец ручной працы ад мясцовых рамеснікаў – гэта якасны і патрэбны ва ўжытку падарунак, які праслужыць шмат гадоў. А яшчэ гэта падтрымка, салідарнасць і падзяка тым, хто стварае беларускае. 

партманэ
Фота: cud.by

Чытайце таксама: «З Гродна з любоўю». Якія сувеніры прывезці з паездкі ў Гродна

Мікалай Наваградскі