Набліжаецца Хэлоўін, час восеньскага настрою і містыкі. Пакуль у Беларусі яго цэнзуруюць, Hrodna.life сабраў атмасферныя месцы ў Гродне, дзе можна пашпацыраваць самастойна і акунуцца ў атмасферу таямнічасці. Могілкі з відам на «Азот», руіны вайсковага форта і вадзянога млына — выбар і праўда ёсць. Запарвайце тэрмас гарачай гарбаты са спецыямі і хадзем.

Хэлоўін, або канун Дня ўсіх Святых — свята, якое паходзіць ад свята Самайн (канец лета) старажытных кельтаў Ірландыі і Шатландыі і традыцыйна адзначаецца ў Заходняй Еўропе і Амерыцы. Назва ўзнікла ў XVI ст. ад All-Hallows-Even (с англ. — «Вечар усіх святых»). З канца XX ст. мода на атрыбутыку Хэлоўіна распаўсюдзілася і на іншыя краіны.

1. Старыя могілкі на Антонава

Першае, што прыходзіць у галаву для шпацыру на Хэлоўін — могілкі. Іх у Гродне некалькі, але самыя вядомыя, безумоўна, — комплекс старых праваслаўных і фарных каталіцкіх на Антонава. Паміж сабой іх раздзяляе глухі 4-ы Падольны завулак. Гэта самыя старыя камунальныя могілкі ў Беларусі - фарныя былі заснаваныя ў 1792 годзе.

Увага! Могілкі - месца памяці, на іх варта паводзіцца акуратна, не шумець, не смеціць, не ўжываць алкаголь і не псаваць помнікі і агароджы.

Настрой тут ствараюць старадаўнія надмагіллі розных архітэктурных стыляў і традыцый, поўныя схаванага сімвалізму. З могілкамі звязаныя гарадскія легенды: пра панначку ў белым, загінулых салдатах, што імкнуцца ў няскончаны бой, старую, якая абарочваецца варонай.

Шпацыр па могілках можна ператварыць у экскурсію. На праваслаўнай частцы месцяцца магілы Марыі Багдановіч — маці Максіма Багдановіча, паэта Міхася Васілька, купцоў Мураўёвых — уласнікаў дома на Савецкай плошчы. На каталіцкай пахаваныя Эліза Ажэшка, заснавальнік гродзенскага бровара Юзаф Кунц, стваральнік заапарка Ян Каханоўскі, архітэктар Джузэпэ Сака. Асобныя помнікі ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Скласці маршрут і разабрацца ў гісторыі дапаможа анлайн-карта старых гродзенскіх могілак і кніга Святланы Несцярэнка пра праваслаўны некропаль.

Дзе знаходзіцца: недалёка ад Скідзельскага рынка.
Каардынаты: 53.668 698, 23.843 847
Як дабрацца: можна дайсці пешкі з цэнтра горада або ад прыпынка «Аўтавакзал» (блізу 10 хвілін).

Чытайце таксама: «Святыя дзяды, ляціце сюды!» Пакуль чыноўнікі адмяняюць Хэлаўін, вернікі рыхтуюцца да Дзядоў - свята, калі памерлыя вяртаюцца дамоў

2. Яўрэйскія могілкі за Нёманам

Таямнічыя яўрэйскія могілкі хаваюцца сярод дрэваў у лесапарку Ласосна, у занёманскай частцы Гродна. Адныя з самых старых яўрэйскіх могілак Беларусі. Паводле розных крыніц яны заснаваныя ў 1312 ці ў 1642 годзе, або ў XVIII ст., а закрыты для пахаванняў у 1960-х.

Брама яўрэйскіх могілак.
Брама яўрэйскіх могілак. Фота з архіву Hrodna.life

Пахіленыя камяні надмагілляў паступова зарастаюць і сыходзяць у зямлю. Надпісы на помніках-мацэвах пераважна на іўрыце, ёсць і на ідышы. Шпацыр таксама можна стаць адукацыйным: тут знаходзяцца магілы вядомых у свеце рабінаў і цадзікаў (праведнікі ў юдэяў). Брама могілак імаверна будзе закрыта, але трапіць можна, абышоўшы іх уздоўж плота з боку Паповіча.

Занёманскія габрэйскія могілкі ў Гродне.
Занёманскія яўрэйскія могілкі ў Гродне. Фота: архіў Hrodna.life

Дзе знаходзіцца: лесапарк Ласосна.
Каардынаты: 53.678 906, 23.802 178
Як дабрацца: гарадскім транспартам да прыпынку «Завулак Паповіча», адтуль ісці каля 10 хвілін.

3. Фарты Гродзенскай крэпасці

Не менш маркотнае месца ў канцы кастрычніка — зарослыя руіны фартоў Першай сусветнай вайны, раскіданыя ў ваколіцах Гродна.

Форт са злавесным нумарам 13 знаходзіцца недалёка ад вул. Санаторнай, за вёскай Грандзічы. Форт невялікі, затое нескладана дабрацца.

Руіны фартоў Першай сусветнай
Руіны фартоў Першай сусветнай. Фота з архіву Hrodna.life

Дзе знаходзіцца: урочышча Пышкі.
Каардынаты форта № 13: 53.738 791, 23.810 279
Як дабрацца: 16 хвілін на таксі ад Савецкай плошчы, або на аўтобусе № 10 да прыпынку «Ачыстныя збудаванні», адтуль пешкі 5 хвілін.

Больш грандыёзны форт № 7 месціцца ў ляску каля Малой Альшанкі. Магутныя вываратні плітаў параслі папараццю і мохам і ўтварылі лабірынт са сталактытамі, куды можна спусціцца. Глыбы бетону сярод дрэваў выглядаюць як скалы — выдатнае месца для змрочнай фотасесіі. Бонусам непадалёк, каля скрыжавання вул. Шырокай і гродзенскай аб’язной — парахавы склад форта № 7.

форт №7
Форт № 7. Крыніца: meridian28.com

Фарты былі пабудаваны на пачатку XX ст. як часткі Гродзенскай крэпасці. Падчас вайны пры адступленні іх падарвалі. Зараз руіны вабяць аматараў ваеннай гісторыі, urban exploration і мясцовых жыхароў.

Дзе знаходзіцца: на паўднёвай ускраіне Гродна.
Каардынаты форта № 7: 53.596 183, 23.831 034
Як дабрацца: 22 хвіліны на аўто з цэнтра горада, або на гарадскіх аўтобусах ці маршрутцы да прыпынку «Багушэвіча-2», адтуль пешкі каля 30 хвілін праз Малую Альшанку.

4. Могілкі на Дзевятоўцы з відам на «Азот»

Злавіць кантраст восеньскай цішы і меланхоліі і індустрыяльнай змрочнасці можна на ўскрайку Малышчынскіх могілак. Гэта невялічкі колішні вясковы некропаль за нізкім каменным плотам, з капліцай і сучаснымі дагледжанымі пахаваннямі. Адразу за могілкамі - некалькі дарослых дрэў і палі, за якімі відаць абрысы самага пазнавальнага гродзенскага прадпрыемства «Гродна Азот».

Дзе знаходзіцца: раён прыватнай забудовы на вул. Старамалышчынскай.
Каардынаты: 53.707 279, 23.86 808
Як дабрацца: даехаць да прыпынка «Вуліца Таўлая» і прайсці пешкі 1 км.

Панарама з Малышчынскімі могілкамі
Панарама з Малышчынскімі могілкамі. Крыніца: Якдекс.Карты

5. Млын у Ласосне

Беларусы верылі, што каля млыноў водзяцца чэрці. Лічылася, што ўначы яны меляць там муку. Але нават без чарцей руіны старога млына на Ласасянцы, схаваныя ў дрэвах, выглядаюць незвычайна. Ад млына застаўся адзін мур, які стаяць каля самай вады. Рака ў гэтым месцы віруе на парогах і вадаспадзе.

Млын у Ласосне
Млын у Ласосне. Фота з архіву Hrodna.life

Млын быў пабудаваны ў XVIII ст., стаў часткай прамысловага раёна Кунштат Антонія Тызенгауза.

Дзе знаходзіцца: на беразе Ласасянкі ў раёне вул. Рачная.
Каардынаты: 53.673 464, 23.777 731
Як дабрацца: даехаць да прыпынка «Ласосна», адтуль прайсці пешкі каля 10 хвілін па вул. Ткацкай і Рачной.

6. Закінутыя могілкі ў Пышках

Сярод мноства колішніх вясковых могілак, якія апынуліся ў межах горада, вылучаюцца лясныя могілкі ў Пышках. Пару дзясяткаў старых магіл паміж дрэў, за сімвалічнай драўлянай агароджай — усё, што засталося ад меркаванай правабярэжнай часткі вёскі Пышкі. Некаторыя крыжы пашкоджаны. Зямля вакол могілак парасла дываном барвенка. Зараз асобныя магілы даглядаюць жыхары Пярэселкі.

могілкі ў пышках
Закінутыя лясныя могілкі ў Пышках. Фота: Facebook Little Forest Travel

Могілкі няпростыя — гродзенцы знаходзілі тут сляды ці тое магічных абрадаў, ці тое чорных месаў. На магільных камянях з’яўляліся надпісы, намаляваныя колы ды выкладзеныя са свечак пентаграмы. Аднойчы тут нават сфатаграфавалі прывіда, пасля чаго запрашалі экзарцыста.

Калі ж прайсці далей, можна выйсці да валуноў на беразе Нёмана і зацішнага пляжу.

Дзе знаходзіцца: лесапарк Пышкі.
Каардынаты: 53.681 883, 23.775 235
Як дабрацца: звярнуць са Сцежкі здароўя ў бок Нёмана на скрыжаванні з альтанкай, прыблізна на палове дарогі паміж «Джунглі-паркам» і пляжам Вусікі.

Чытайце таксама: Як трэба даглядаць за гарадскімі могілкамі? Слухай (або чытай) новы выпуск «Утульнага горада»

7. Вежа і памяць у Румлёва

У старым парку Румлёва, на самым краі схілу над Нёманам, стаіць каменная вежа. Яе збудавалі ў 1880-х гадах, а ў 1930 рэканструявалі польскія вайскоўцы. Зараз былая воданапорная вежа без даху, размаляваная графіці, і быццам хавае злавесную таямніцу. Крыху далей сярод парку можна натрапіць на падмуркі былога піянерлагеру.

Агулам падмуркаў тут нямала: у парку быў фальварак, у час Першай сусветнай вайны размяшчалася артылерыйская батарэя царскіх войскаў. У 1915 годзе абодва берагі Нёмана сталі полем бою.

Калі ж вам не хочацца ісці ў лес, можна павярнуць пад Румлёўскі мост — каля яго вялізных бетонных апор дастаткова самотна і змрочна.

Дзе знаходзіцца: паміж гімназіяй № 1 і Нёманам.
Каардынаты: 53.661 679, 23.850 428 (вежа)
Як дабрацца: даехаць да прыпынка «Румлёва», спусціцца па лесвіцы з праспекта Кляцкова паміж жылымі дамамі і Румлёўскім мостам, ісці наперад.

лесапарк румлёва
У лесапарку Румлёва. Фота: Facebook Наталіі Дораш

У лесапарку Румлёва — частцы паміж праспектам Клецкова і Усходнім мостам — таксама хапае сваіх сакрэтаў. Асабліва чулыя лёгка ўявяць прывідаў гэтых месцаў. На ўсходнім ускрайку вёскі Солы ў савецкі час знайшлі рэшткі паселішчаў I тыс. да нашай эры. Пад Соламі на картах пазначана Замкавая гара, а ўнізе — самотная студня нагадвае пра фільм жахаў «Званок».

У лесе паміж ракой Салянкай і храмам Сабора Усіх Беларускіх Святых можна сустрэць рэшткі закінутых, зруйнаваных вясковых дамоў. Сярод вялізных дрэў і пагоркаў старога лесу яны пакідаюць змрачнаватае ўражанне.

Дзе знаходзіцца: на левым беразе Нёмана паміж Румлёўскім і Усходнім мастамі.
Каардынаты: 53.652 709, 23.87 889 (Замкавая гара)
Як дабрацца: даехаць да прыпынка «Усходні мост» і ісці маляўнічай сцежкай уздоўж Нёмана ў кірунку Румлёўскага моста і цэнтра горада.