Арганізаваная група з 25 велатурыстаў з розных гарадоў Польшчы знаходзілася ў Гродне з 19 па 22 мая. Турысты прыехалі, каб апрабаваць бязвізавы ўезд у беларускі рэгіён і пазнаёміцца бліжэй з гісторыяй вядомага горада.
Ідэя прыехаць у Гродна з’явілася ў палякаў пасля міжнароднай турыстычнай выставы ў Варшаве, якая праходзіла вясной 2017 года. На выставе былі і прадстаўнікі беларускага горада, якія рэкламавалі бязвізавы ўезд у Гродзенскі рэгіён. Менавіта пасля знаёмства з такой інфармацыяй і з’явілася першая група велатурыстаў, якая вырашыла апрабаваць бязвізавы рэжым.
«Прыезд гэтай групы — гэта эфект маркетынгавага ходу. Мы былі на выставе ў Варшаве і нам удалося пазнаёміцца з прадстаўнікамі польскіх турфірм, — распавядае спецыяліст па турызму фірмы „Спортинтур“ Віталь Братанюк. — Падыходзілі да нас многія, але толькі адна польская турфірма адгукнулася. Мы абмяняліся кантактамі і праз некалькі дзён спісаліся. У выніку палякі сабралі групу па інтарэсах з усёй Заходняй Польшчы і выбраліся ў Гродзенскі рэгіён на тры дні. Амаль усе ехалі сюды ўпершыню. А заходняя частка Польшчы практычна і не ведае, што ў Гродна можна прыехаць без візы. Так што, для іх і для нас гэта быў першы досвед такой экскурсіі, тым больш у Гродне яны перасоўваліся на роварах».
Шмат папяровай валакіты
Пункт збору групы турыстаў быў у польскай Кузніцы, якая знаходзіцца ля самай мяжы з Беларуссю. Ужо адтуль турысты на 10 машынах адправіліся ў Гродна.
«Мы перасякалі мяжу на машынах, былі ў нас з сабой яшчэ і ровары. Мяжу прайшлі добра, але папяровая валакіта і збор дакументаў пры перасячэнні памежнага кантролю займае шмат часу», — распавядае арганізатар групы Влодэк Шумерскі.
Трэба паляпшаць велаінфраструктуру горада
У Гродне група спынілася на турбазе «Нёман» і ўжо адтуль кожны дзень выязджала на экскурсіі ў розныя месцы бязвізавай зоны.
«Уражанні ад Гродна добрыя і сюды варта прыязджаць польскім турыстам. У гэтага месца цікавая гісторыя, — дадае Влодэк. — Наогул мы арганізоўваем велатуры па ўсёй Польшчы і ўпершыню ў Гродне, але і тут таксама добра. Бязвізавы рэжым — гэта безумоўна вельмі разумная ідэя, як для Беларусі, так і для Еўрасаюза. Але для турыстаў - гэта збор розных папер. Ад гэтага можна было б пазбавіцца. Што тычыцца горада, то трэба абавязкова паляпшаць велаінфраструктуру — паніжаць бардзюры і рабіць веладарожкі. Гэта галоўнае для турыстаў на роварах. Я планую ў гэты горад вазіць людзей з Польшчы. Тут цікава і можна вывучаць гісторыю, а лягчэй гэта рабіць на роварах. У Польшчы вельмі папулярныя велаэкскурсіі, трэба развіваць гэта і ў Беларусі».За тры дні ў Гродне група польскіх турыстаў наведала як мясцовыя славутасці ў горадзе, так і Мелавыя горы, і Аўгустоўскі канал.
У найбліжэйшых планах у Влодэка прывезці ў Гродна дзяцей з музычных школ Польшчы.