У сярэдзіне верасня ўзлётная паласа гродзенскага аэрапорта ператварылася ў трасу для дрэг-рэйсінгу — пасля 12 гадоў перапынку сюды вярнуўся фінал Чэмпіянату Беларусі. Гэта прымусіла рэдакцыю Hrodna.life задумацца, як яшчэ можна выкарыстоўваць аэрапорт, раз з самалётамі пакуль не атрымліваецца. Хто ведае, можа, аднойчы гэтыя ідэі ператворацца ў рэальныя праекты?
- 6 ідэй для гродзенскага аэрапорта, адкуль не лётаюць самалёты
- Лагістычны хаб: не цікава, але рэальна і эканамічна выгадна… у будучыні
- Парк, канцэрты, паветраныя змеі і шмат прасторы для актыўнага адпачынку
- Музей авіяцыі: каб самалёты вярнуліся — хаця б у экспазіцыі
- Аграавіясядзіба: раздолле для фермераў і кукурузны лабірынт
- Аэрапорт-дыска з дронамі замест самалётаў
- Бяспошлінны гандаль без вылету
- Гісторыя гродзенскага аэрапорта: ад палётаў па ўсім Саюзе да стагнацыі
6 ідэй для гродзенскага аэрапорта, адкуль не лётаюць самалёты
Лагістычны хаб: не цікава, але рэальна і эканамічна выгадна… у будучыні
Адзін з варыянтаў для гродзенскага аэрапорта — зрабіць з яго буйны лагістычны цэнтр. Ідэя рэалістычная і месца для гэтага адпаведнае: побач межы з Польшчай і Літвой (якія раней ці пазней адкрыюць). Нават без самалётаў узлётныя палосы можна прыстасаваць пад паркоўкі для фур. У будынках можна размясціць гасцініцу для кіроўцаў, кафэ, побач пабудаваць запраўку.
Тым больш, у 2023 годзе кампанія «ЗахадТрансГраніца» выкупіла недабудаваны будынак аэравакзала. У планах было пабудаваць міжнародны гандлёва-лагістычны комплекс са складамі, офісамі, гандлёвымі плошчамі, пад’язнымі шляхамі і нават грузавым перонам. Інвестыцыі ацэньваліся больш чым у $ 35 млн, а праект павінен быў даць каля 100 працоўных месцаў.

Аднак далей планаў справа, мяркуючы па ўсім, не пайшла. Самалёты з Гродна не лятаюць, а памежныя пераходы ў Брузгах і Прывалцы да гэтага часу закрытыя.
Парк, канцэрты, паветраныя змеі і шмат прасторы для актыўнага адпачынку
А можа, Гродну і не патрэбен уласны аэрапорт? Замест яго тэрыторыя магла б стаць грамадскай прасторай — як гэта зрабілі, напрыклад, у Берліне. Вядома, параўноўваць гіганцкі Тэмпельхоф з невялікім аэрапортам ў Гродне не зусім карэктна. Але некаторыя ідэі можна запазычыць.
Аэрапорт у Берліне канчаткова закрылі ў 2008 годзе. Спачатку на яго месцы планавалі пабудаваць жылыя дамы, але гараджане вырашылі пакінуць поле ў яго першапачатковым выглядзе. Некалькі гадоў ішла барацьба паміж мясцовымі жыхарамі і ўладамі, і, нарэшце, быў адкрыты парк і самая вялікая «паляна» Берліна — «Тэмпельхофскае поле».

Тут ладзяць пікнікі з выглядам на ўзлётную паласу, катаюцца на роліках, роварах, скейтбордах і кайтбордах, гуляюць у настольны тэніс і баскетбол. Адна з самых папулярных забаў — запуск паветраных змеяў: ад простых самаробных да складаных, прафесійна зробленых. У парку таксама ёсць кафэ-біргартэн, барбекю-зоны, назіральная пляцоўка, грамадскія агароды. А яшчэ праводзяцца экскурсіі і фестывалі на адкрытым паветры.
Частку будынка былога аэрапорта выкарыстоўваюць пад мерапрыемствы, напрыклад, музычны фестываль Lollapalooza, а таксама здаюць у арэнду. Па тэрміналам праводзяць экскурсіі. У 2015 годзе частку комплексу часова аддалі пад жыллё для бежанцаў.
Тэрыторыю вакол гродзенскага аэрапорта і яго будынка цалкам можна было б ператварыць у такую загарадную грамадскую прастору. Тут можна ладзіць фестывалі, канцэрты, святы паветраных змеяў, гонкі на аўтамабілях і іншых транспартных сродках.
Музей авіяцыі: каб самалёты вярнуліся — хаця б у экспазіцыі
Яшчэ адзін варыянт для гродзенскага аэрапорта — ператварыць яго ў музей авіяцыі: размясціць самалёты, верталёты, планеры і авіяцыйныя рухавікі. У будынках зрабіць інтэрактыўныя экспазіцыі: сімулятары палётаў, залу з авіякрэсламі, макетамі ў разрэзе і стэндамі з гістарычнымі дакументамі. Тэрыторыю таксама можна выкарыстоўваць для правядзення, напрыклад, фестываляў авіяцыі.
Тым больш, авіяцыя ў Гродна мае сваю доўгую гісторыю: найстарэйшы аэрадром Беларусі знаходзіцца ў Караліне.
Ідэю музея можна падгледзець, напрыклад, у Кракаве. Там падобная ўстанова займае частку поля і аб’ектаў былога ваеннага аэрадрома Ракавіцэ-Чыжыны, аднаго з найстарэйшых у Еўропе.

Галоўны корпус музея выкананы ў выглядзе прапелера. Сярод экспанатаў — французскі самалёт 1909 года і адзін з двух захаваных у свеце асобнікаў польскага RWD-13 1930-х гадоў. У адукацыйнай зале знаходзяцца авіякрэслы, сімулятар палёту і нават сапраўдныя самалёты розных часоў, у якіх можна пасядзець.
Аграавіясядзіба: раздолле для фермераў і кукурузны лабірынт
А цяпер крыху пафантазіруем. Тэрыторыю гродзенскага аэрапорта можна, напрыклад, ператварыць у аграавіясядзібу — такога ў Беларусі яшчэ няма. Таму злучаем авія і сельскую гаспадарку і атрымліваем унікальны праект.
Уявіце сабе: палі каля ўзлётна-пасадачнай паласы засаджаны сланечнікамі і пшаніцай. На ўзлётнай паласе ладзяць фермерскія кірмашы, гонкі на трактарах ці педальных самалётах. Для дзяцей і дарослых на палосах арганізоўваем лабірынты з кукурузы, ангары можна пераабсталяваць пад цяпліцы або склады для захоўвання ўраджаю і аптовыя сяльгаскрамы. А яшчэ можна вырошчваць шампіньёны і тут жа іх і прадаваць. У тэрмінале адкрыць рэстаран фермерскай кухні і невялікую гасцініцу для турыстаў, якія прыедуць «на ўікэнд у аэрапорт».
Разыначкай маглі б стаць агратуры з авіякаларытам. І, вядома, якая аграавіясядзіба без кукурузнікаў? Старыя Ан-2 лёгка ўпісаліся б у канцэпцыю: адзін можна паставіць як музейны экспанат для фотасесій, а яшчэ некалькі выкарыстаць для «катання» — кароткіх аглядных палётаў над наваколлем.

Для дзяцей — можна перарабіць стары самалёт пад кіназалу для паказаў мульцікаў і фільмаў. Памятаеце, быў такі ў гарадскім парку ў Гродне. Для дарослых — арганізоўваць дэгустацыі мясцовага сыру, мёду і крафтавага піва ў аэра-кафэ.
Аэрапорт-дыска з дронамі замест самалётаў
Яшчэ адзін варыянт. Паласу і ангары можна ператварыць у дыска-зону: святло, музыка, ды-джэі з розных краін, а замест самалётаў у небе — шоў дронаў.
Тэрмінал пераробім у бар «Турбулентнасць», дзе падаюць кактэйлі з авіяцыйнымі назвамі. Побач адкрываем фуд-зону з тэматычнымі закускамі: «пілоцкія бутэрброды», «трапічныя аблокі» з зефіру і міні-бургеры «аэрадром».

Акрамя вячэрніх дыска-вечарынак, аэрапорт можа стаць месцам VR-палётаў, квэстаў з дронамі і інтэрактыўных фотазон, стылізаваных пад кабіны самалётаў. Тут жа можна праводзіць дзіцячыя майстар-класы па авіямадэляванні, ладзіць тэматычныя вечарыны і паказы светлавых шоў.
Бяспошлінны гандаль без вылету
А яшчэ ў гродзенскім аэрапорце можна зладзіць бязмытны шопінг. Парфума, касметыка, шакалад і сувеніры — і ўсё без білета і пашпартнага кантролю. Такі вось Duty Free без рэйсаў — крама, дзе купляеш тавар «на вылет», а выходзіш усё роўна ў Гродне. Разумеем, што гэта маларэальна, але мы ж фантазіруем.
Каб не проста так ганяць пад Абухава, а чымсьці яшчэ там заняцца, у будынку аэрапорта можна зноў-такі арганізаваць фудкорты з тыповай аэрапортаўскай ежай, зоны для дзяцей, назіральную пляцоўку ў дыспетчарскай, паставіць авія-сімулятары і фотазоны. Напрыклад, з рознымі іранічнымі надпісамі: «Самалётаў няма, а я — ёсць», «Толькі што прайшоў пашпартны кантроль у люстэрка», «Тут мог бы быць мой узлёт» і г. д.

Магазін можна сумясціць і з іншымі ідэямі: дадаць міні-музей авіяцыі, праводзіць фермерскія кірмашы або зрабіць кукурузныя лабірынты на ўзлётнай паласе. Агулам ператварыць аэрапорт у гарадскі шопінг-хаб, парк і атракцыён у адным флаконе.
Дарэчы, у 2019 годзе ў гродзенскім аэрапорце планавалі адкрыць рэальную краму бяспошліннага гандлю. І ён павінен быў стаць першым сярод іншых рэгіянальных аэрапортаў, хто запусціць такі праект. Працаваць Duty Free павінен быў пад усе міжнародныя рэйсы — вылеты і прылёты, але гэта таксама, мяркуючы па ўсім, засталося толькі ў планах.
Гісторыя гродзенскага аэрапорта: ад палётаў па ўсім Саюзе да стагнацыі
Рэйсы ў Крым і Адэсу
Гродзенскі аэрапорт пачаў працу ў 1945 годзе як авіяатрад для сельскай гаспадаркі. Першы аэрадром знаходзіўся каля вёскі Караліно, дзе яшчэ ў 1910 годзе з’явілася першая паветраная рота ў Беларусі. З 1960-х былі рэгулярныя рэйсы ў Мінск, Маскву, Кіеў і Крым.

У 1983 годзе аэрапорт перанеслі бліжэй да вёскі Абухава. Ужо да 1987 года Гродна меў авіязносіны з Масквой, Мінскам, Кіевам, Брэстам, Сімферопалем, Адэсай, Сочы і іншымі гарадамі СССР. Акрамя пасажырскіх перавозак, былі і грузавыя рэйсы. Праз дзесяць гадоў аэрапорту прысвоілі статус міжнароднага.
1990-я для аэрапорта былі цяжкімі і рэйсы адмянілі. Каб ажывіць абласны аэрапорт, яго перадалі ў якасці філіяла дзяржаўнаму прадпрыемству «Белаэранавігацыя».
Нядоўгі рэнесанс аэрапорта ў Гродне
У 2013 годзе «Белавія» аднавіла палёты з Гродна ў Калінінград двойчы ў тыдзень на невялікіх 50-мясцовых Bombardier CRJ200. З 2015 года дадаліся сезонныя чартары у Бургас (Балгарыя) тры разы ў месяц. Потым адсюль сталі выконваць чартарныя рэйсы ў Турцыю, Егіпет, Балгарыю і Чарнагорыю. У 2017 годзе пасажырапаток праз мытны пункт «Аэрапорт Гродна» прыкметна вырас: за год мытнікі праверылі амаль 9000 чалавек і 128 самалётаў — гэта на 60% больш, чым у 2016-м.

Няспраўджаныя планы па лаўкостах
У 2019 годзе ў Міністэрства транспарту і камунікацый былі планы зрабіць з Гродна базу для лаўкост-авіякампаній. Вялі перамовы з азербайджанскімі перавозчыкамі, разглядалі магчымасць прыходу WizzAir і запуску маршрутаў у рамках міжурадавых пагадненняў. Аднак на практыцы рэгулярныя рэйсы лоўкостараў так і засталіся на ўзроўні ідэй і перамоваў.
Кароткі перыяд адраджэння гродзенскага аэрапорта прыцягнуў увагу суседзяў. У канцы 2019 года ўлады Беластока, упэўненыя, што з Гродна будуць лётаць самалёты па ўсёй Еўропе, спадзяваліся, што гродзенскі аэрапорт стане хабам і для жыхароў памежных раёнаў Польшчы.
Заняпад і крызіс пасля 2020-га
У 2020 годзе аэрапорт абслужыў каля 10 тысяч пасажыраў, у 2021 годзе — прыкладна 5 тысяч, а ў 2022-м і 2023-м — усяго 150 і 100 чалавек адпаведна. У 2024 годзе рэйсаў, нават чартэрных, не планавалася. Паводле дадзеных BELPOL за чатыры гады страты прадпрыемства склалі 8,7 млн рублёў, а колькасць персаналу скарацілася амаль у паўтара разы.

Афіцыйныя тлумачэнні чыноўнікаў зводзіліся да наступстваў пандэміі і стану ўзлётна-пасадачнай паласы. Пры гэтым аэрапорт па-ранейшаму мае дзеючыя сертыфікаты, якія дазваляюць прымаць большасць пасажырскіх і грузавых самалётаў.
Але пакуль гродзенскі аэрапорт пустуе і ўлады зноў прапрацоўваюць рашэнні па яго ажыўленні. Напрыклад, думаюць запусціць прамыя рэйсы з Гродна ў Маскву або Санкт-Пецярбург.