Лета скончылася і ўжо можна было б назапашваць тлушчык на зіму. Але мы за тое, каб нашы чытачы заўсёды былі ў форме, таму даем парады, як пачаць бегаць. Бег дапамагае развівацца і фізічна, і маральна, кажа наш эксперт Аляксандр Боган.
“Мне было 27, у мяне была цяжарная жонка, і я падумаў, што мне трэба нешта ў сваім жыцці зрабіць значнае. У мяне было адчуванне: што ж я такое ў сваім жыцці зрабіў, чым бы мог ганарыцца? І падумаў: чаму б не прабегчы марафон?”, – расказвае Аляксандр.
Раней ён не займаўся спортам наогул і быў “офісным планктонам”. У верасні мінулага года ён прабег 10 км на паўмарафоне. Потым быў перапынак, забег цвярозасці, клуб Run4Fun і доўгая падрыхтоўка да Марафону Сяброўства Друскенікі-Гродна.

Са студзеня 2018 Аляксандр тры разы на тыдзень ездзіў на ранішнія трэніроўкі з Белых Рос у Альшанку. А па нядзелях бегаў з клубам Run4Fun у Пышках.
“У марафоне ёсць дзве задачы. Задача мінімум – прабегчы, не перайсці на крок і не сысці з дыстанцыі. Задача максімум – выбегчы з чатырох гадзін. Гэта такі парог асабістай гонару: выбег – прыгажун”.

Падчас марафона ў Аляксандра “гарэлі” ногі, ён быў “гатовы памерці”, а мозг пастаянна шукаў прычыны працягваць бег. Усё атрымалася. І Аляксандр усё зразумеў – але гэты сэнс у кожнага свой і растлумачыць яго складана. Дасягнуўшы мэты, Аляксандр працягвае бегаць, бо не гатовы растацца з клубам і з людзьмі, якія змяняюць яго ў лепшы бок.
І дзеліцца парадамі, як пачаць бегаць.
5 парадаў каб пачаць бегаць
1. Раскажыце ўсім, што вы бегаеце або збіраецеся прабегчы марафон
Нават калі ніхто не пытае. Спальвайце ўсе масты, выкладвайце фота трэніровак у інстаграм. Зрабіце працэс максімальна публічным, каб потым не было падставы “зліцца”. А то што вы скажаце, калі ў вас спытаюць: “Ну, як там твой марафон?”. І гэта не толькі пра бег.
2. Заўсёды павінен быць чэлендж
Хутчэй за ўсё, калі вы захочаце проста пабегаць, праз пару тыдняў вы “сальецеся”. Вырашылі бегаць – зарэгіструйцеся на бліжэйшае мерапрыемства на самую кароткую дыстанцыю. І працягвайце трэніроўкі. Ёсць самыя розныя старты. Стаяць на старце ў чаканні стрэлу, вакол гледачы – гэта дасць вам цалкам новыя адчуванні.
3. Знайдзіце трэнера – гэта багаж вопыту і ведаў
Нават на аматарскім узроўні трэнер дапаможа вам пазбегнуць памылак і прайсці пачатковы шлях вельмі хутка. Гэты чалавек будзе падсцёгваць. І гэта магчымасць не думаць, колькі кіламетраў табе трэба прабегчы сёння. Трэнер бачыць, на што ты здольны, і будзе цябе нагружаць больш, калі гэта магчыма.
4. Важная рэгулярнасць
Нягледзячы на надвор’е, нежаданне і іншыя справы. Калі з’яўляецца новая актыўнасць, трэба ўзгадніць свой графік, каб гэта не ўплывала на працу і сям’ю. Пры гэтым вы становіцеся высокаарганізаваным чалавекам.
5. Лянота – гэта нармальна
Самае складанае – выйсці на прабежку. Мы сутыкаемся з лянотай і пачынаем пытацца: калі мне гэта так не падабаецца, то навошта гэтым займацца? Кажуць, што лянота – гэта ахоўная рэакцыя арганізма на тое, што вы займаецеся не тым, чым павінны займацца. А пытанне толькі ў тым, ці зламаю я сёння сваю слабасць, ці не зламаю? Чым даўжэй ты знаходзішся ў стане дыскамфорту, тым больш эндарфінаў ты потым атрымліваеш. Няма нічога лепш, чым пасля працяглай трэніроўкі адчуць гэты кайф. Ды і што ў гэты дзень можа быць горш, чым ранішняя трэніроўка?
Бонус: не шукайце адмазак
Ва ўсіх мала часу. Усе шмат працуюць. Ва ўсіх ёсць сем’і і дадатковыя заняткі. Але пры жаданні на бег можна знайсці час.



