Горад

Помнік каралю, незвычайныя кавярні і ратуша. 5 ідэй са Львова, што не зашкодзілі б і ў Гродне

Так ужо зладжаны мае вочы, што ў кожным горадзе бачыцца мне Гродна ці… яго адсутнасць. Гэтым разам, шпацыруючы па брукаванках старога Львова, думала, што мне б хацелася забраць з сабой дадому. Прынамсі, на ўзроўні ідэі.

1. «Сустрэнемся пад канём»

Самае папулярнае месца сустрэч у Львове — Галіцкая плошча. Калі яшчэ дакладней, то месца каля помніка Данілу Галіцкаму — заснавальніку горада, палкаводцу і першаму каралю галіцка-валынскіх зямель. Помнік быў збудаваны ў 2001 годзе ў гонар 800-годдзя караля. На ўзвядзенне манумента спатрэбілася 60 тон граніта і 9 тон бронзы. Сам помнік уяўляе сабой бронзавую фігуру на кані, што ўзвышаецца ажно на 10 метраў. Толькі, якім бы велічным не быў Даніла Галіцкі, жартуюць львавяне, конь усё роўна большы за яго. Таму, каб не памыліцца ў шматлікіх статуях гістарычным асобам, сустрэчы тут прызначаюць «пад канём». Яго, прынамсі, ні з кім не зблытаеш.

У нас з той нагоды яшчэ і конь не валяўся. Але пасля візіту ў Гродна крылатых гусараў, прывід коннай статуі, здаецца, лунае над горадам.

[irp posts="5455″ name=" Баторый — наша агульная гісторыя". Польскія гусары нагадалі гродзенцам пра караля"]

2."Цікавая кава"

З кавярнямі у Гродне апошнім часам стала весялей. Знайсці добрую каву на свой густ ужо не праблема. Толькі кавярні ў Львове апроч кавы прапануюць яшчэ і розныя атракцыі для гасцей. У адной з іх сцвярджаюць, што каву капаюць пад зямлёй і прапануюць наведвальнікам спусціцца ў забой, каб упэўніцца ў тым на ўласныя вочы.

У іншай — тэстуюць наведвальнікаў на салідарнасць з Украінай і прапануюць паказаць таямнічую зброю, што схавана ад чужых вачэй у бункеры.

Новыя ўражанні як найлепш пасуюць да смаку кавы, а рэха смаку ўзбагачаецца яшчэ і незабыўнымі ўспамінамі.

[irp posts="3268″ name="Яшчэ адна вуліца з брукаванкай. Ці можа Замкавая стаць другой пешаходнай вуліцай у Гродне?"]

3. «Завітаць да пана Эдзё»

Сэнс гэтай фразы да канца разумеюць толькі самі львавяне, ці турысты, каторым пашанцавала з гідам. Бо гэтым эўфемізмам у горадзе называюць патрэбу схадзіць у… прыбіральню. Расказваюць, што на пачатку мінулага стагоддзя тут амаль стыхійна ўзнікла першая ў горадзе грамадская ўстанова такога кшталту. А дакладней, тут была карчма «Атляс» Эдзі Тарлерьскага, у каторай была прыбіральня. Усе мясцовыя гандляры хадзілі па патрэбе менавіта туды. Урэшце, пан Эдзё вырашыў скарыстаць гэта для бізнесу і браць з суседзяў грошы. А ў дадатак пачаў яшчэ і гандаль туалетнай паперай ды мылам. Дарэчы, рэстаран на месцы той карчомнай прыбіральні існуе да гэтай пары. І «завітаць да пана Эдзё» там таксама можна.

У Гродне, да слова, таксама ёсць адна ўстанова харчавання, што месціцца ў колішняй прыбіральні. Гэта «Чабурэчная» на вуліцы Ажэшкі. Патрапіць ва ўборную можна было прайшоўшы ў арку, з двара. А вось прыбіральня на Вялікай Траецкай так і стаіць зачыненая — пустуе без справы. То можа, хто скарыстаецца той ідэяй?

4. «Размалюй і з’еш»

Пернікі ў Львове папулярныя не менш за каву. А ў адмысловай майстэрні іх прапануюць не толькі набыць, але і самастойна размаляваць, калі на тое ёсць ахвота. Асабліва папулярны гэты від мастацтва сярод дзяцей. Гэта і сапраўды асалода — маляваць салодкімі фарбамі на салодкіх «халстах». У выніку — з кожным штрыхом пернік робіцца ўсё больш смачным і жаданым.

Дарослыя таксама часам бяруцца за роспіс, каб зрабіць адмысловы надпіс ці малюнак для пэўнай асобы. Прывезці ў падарунак уласнаручна распісаны сувенір многім падаецца добрай ідэяй. Мяркую, што і гродзенскія пернікі маглі б стаць адметнымі сувенірамі для нашага горада.

[irp posts="6333″ name="Распісныя пернікі пачалі рабіць у Гродне да зімовых святаў"]

5. Гарадская ратуша

Яшчэ ў Львове ёсць ратуша — прадмет гордасці любога горада, што атрымаў Магдэбургскае права. Львоўская ратуша ў свае часы гарэла, разбуралася і перабудоўвалася.

Але ж у выніку такі існуе.

У ратушы з Гродна гісторыя значна больш сумная. Яна таксама неаднаразова перабудоўвалася. У апошняй версіі гэта быў будынак у стылі класіцызму, што праіснаваў да 1949 года.

Зруйнавалі яе дзеля вялікай плошчы, на каторай можна было б праводзіць парады. Так што плошчу Савецкую мы зараз маем, а ратушу — не. Ідэю яе аднаўлення чарговы раз пахавалі пад час «бульдозернай рэканструкцыі» 2006 года.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025