Даць права выбіраць кіраўніка горада, увесці падаткі для турыстаў і аддаваць зямлю ў прыватную ўласнасць. Валерый Цапкала, які зарэгістраваў ініцыятыўную групу для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, прапанаваў пяць ідэй для развіцця Гродна, малых гарадоў і вёсак вобласці.

Валерый Цапкала 23 траўня прыехаў у Гродна на сустрэчу са сваім актывам. Ён адказаў на пытанні гродзенцаў і расказаў, чаму не крытыкуе ўладу і як будзе змагацца з фальсіфікацыямі выбараў. Рэдакцыя Hrodna.life спытала палітыка пра тое, як можна развіваць горад і вобласць.

Цапкала Валерый Вільямавіч

  • нарадзіўся 22 лютага 1965 года ў Гродне;
  • ініцыятар стварэння і шматгадовы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій;
  • з 2018 года прымае ўдзел у развіцці Інавацыйнага цэнтра Mirzo Ulugbek Innovation Center у Ташкенце (Узбекістан), створанага па мадэлі ПВТ;
  • аўтар трох кніг: «Дорогой дракона» (аб эканамічным развіцці постіндустрыяльных краін Паўднёва-Усходняй Азіі), «Код Бессмертия» (пра таямніцу смерці і ўваскрашэння чалавека), «Парк высоких технологий: 10 лет развития»;
  • аб удзеле ў выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе Цапкала абвясціў у 8 траўня. ЦВК зарэгістраваў яго ініцыятыўную групу;
  • для ўдзелу ў выбарах прадаў дом за Нацыянальнай бібліятэкай. Паводле інфармацыі n*.by, участак для забудовы Валерый Цапкала атрымаў у арэнду на эксклюзіўных умовах за 231 рубель на год, а кошт і выбар падрадчыка для будаўніцтва дома выклікалі пытанні ў органаў.

1. Выбіраць кіраўнікоў

У мясцовых уладаў павінна быць свабода. Валерый Цапкала выступае за права людзей выбіраць мэра горада. Мэр, які тут жыве, лепш ведае патрэбы. А людзі няхай галасуюць за яго бачанне.

— У Гродна ёсць асаблівасць — яно знаходзіцца на мяжы дзвюх краін, Літвы і Польшчы. Мне здаецца, гродзенцы самі павінны сфармуляваць тыя асаблівасці, якія яго адрозніваюць, скажам ад Магілёва, які знаходзіцца на мяжы з Расіяй.

2. Атрымліваць падаткі з турыстаў

Раз мы плацім за візу еўрапейскім краінам, няхай турысты з іх плацяць нам за бязвізавы ўезд, прапануе Валерый.

Гэта можа быць невялікая сума — 20 $. Аплаціць збор можна анлайн, не заходзячы ў консульства. Там жа можна будзе аплаціць страхоўку. Падобны механізм у Сінгапуры, Аўстраліі, Карэі, ААЭ. Так горад атрымае грошы ў бюджэт, а карыстач убачыць «цывілізаванасць» нашай краіны — маўляў, у нас ёсць інтэрнэт і электронны ўрад. А для прыезджага, 20 долараў - не праблема, лічыць Валерый.

Пасля аплаты і ўказання месца прызначэння, турыст атрымае электронную брашуру пра горад з маршрутамі, пералікам гатэляў і месцаў грамадскага харчавання. Такую «інфармацыйна-агітацыйную». «Мне не падабаецца, што яны (суседнія краіны — Hrodna.life) нас на мяжы трасуць, патрабуюць, глядзяць. Так мы будзем на ўмовах узаемнасці».

Каментарый Hrodna.life

Гэты механізм ужо дзейнічае. З 26 кастрычніка 2016 года ў Гродна можна прыехаць без візы. Гэтая паслуга платная, яна даступная кліентам сертыфікаваных турфірм. Шмат якія турфірмы Гродна дазваляюць аплачваць дакумент на ўезд у бязвізавыя зоны ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей анлайн. Для турыстаў з Польшчы ён каштуе 50 злотых — каля 12 долараў. Турыст абавязаны таксама купіць мінімум дзве турыстычныя паслугі, напрыклад экскурсію і ўваход у музей. Шмат якія турфірмы таксама прадастаўляюць кліентам інфармацыю аб маршрутах, гатэлях і грамадскім харчаванні.

3. Адкрыць у Гродне лоўкост-маршруты

Лоўкосты дапамогуць развіваць аэрапорт, прыцягваць у Гродна замежных турыстаў, а самі гродзенцы будуць лётаць у іншыя краіны за 30 долараў не з Вільні і Варшавы, а з роднага горада.

У прыклад палітык прыводзіць Кутаісі ў Грузіі, куды прыйшлі лоўкосты. Зараз адтуль лётаюць у Лондан, Кіпр, а колькасць турыстаў нашмат павялічылася. У студзені-лістападзе 2019 года аэрапорты Грузіі абслужылі 4,9 мільёна пасажыраў, што на 4% больш, чым за той жа перыяд у 2018 годзе. Вырасла колькасць пасажыраў у аэрапортах Батумі (3%) і Кутаісі (41%). Штуршок рэгіянальнаму развіццю лоўкосты далі б і ў Гродне.

4. Інвеставаць і ствараць кам’юніці-цэнтры ў малых гарадах

Малыя гарады будуць развівацца, калі будзе адкрыты інвестыцыйны клімат. Гэта можа вырашыцца на нацыянальным узроўні - трэба ствараць гандлёвыя рэжымы. І тады «ўся краіна ўздымецца».

У малых гарадах трэба развіваць інфраструктуру і рабіць кам’юніці-цэнтры (грамадскія цэнтры — Hrodna.life).

«Дзяржава павінна жыллё не ў полі будаваць, называючы гэта аграгарадком. А ў малым горадзе будаваць цэнтры, дзе будзе бізнес-цэнтр, рэстараны, дзіцячы сад, спартзалы, лазня, паркінг. Гэта кропка прыцягнення. У малых гарадах людзі пачынаюць ля гэтага пункта прыцягнення гуртавацца. Кам’юніці-цэнтры для малых населеных пунктаў - гэта тое, у што дзяржава павінна інвеставаць. Тады туды пацягнуцца людзі. Чалавек разумее, раз такі кам’юніці-цэнтр будзе — ён не будзе адчуваць сябе адарваным».

Як зрабіць Гродна і Гродзеншчыну багацей: 5 ідэй Валерыя Цапкалы
Грамадскі цэнтр у пасёлку «Жукаўка XXI». Фота: madeinfuture.ru

5. Падтрымліваць фермерства і прыватную ўласнасць

Беларускія вёскі ўратуе фермерства, лічыць Валерый. Фермер атрымлівае ўчастак зямлі. Дзяржава пракладае туды электрычнасць, дарогі, газ, калі ферма звязаная з цяплічнай гаспадаркай. Камісія назірае за выкананнем патрабаванняў. Праз пяць гадоў зямлю фермеру аддаюць у прыватную ўласнасць.

Адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю стрымлівае развіццё фермерства ў Беларусі, лічаць эксперты. «Без прыватнай уласнасці на зямлю не атрымаецца эфектыўнай сельскай гаспадаркі», — лічыць палітык.

Некалькі тыдняў беларускія медыя абмяркоўваюць ролю Цапкала ў выбарах: рэальны ён кандыдат ці «спарынг-партнёр» дзейнага прэзідэнта.

— З вылучэннем у прэзідэнты былога намесніка кіраўніка МЗС і заснавальніка Парку высокіх тэхналогій Цапкалы ў прэзідэнты ёсць, вядома, дзве версіі. Альбо разумная шматхадоўка ўлады, спойлер новага ўзроўню, падачка лібералам і айцішнікам, каб на выбары прыйшлі летам. Як Прохараў у Расіі калісьці. Альбо вырашыў сам, па нейкай прычыне. Напрыклад, дастала і ў краіне няма чаго губляць. Ці папрасілі сябры па бізнесе. Ці папрасілі незадаволеныя чыноўнікі. Я пакуль схіляюся да другой, — пісаў раней палітолаг Арцём Шрайбман.


Чытайце таксама:

Цапкала не першы. Як іншыя гродзенцы спрабавалі стаць прэзідэнтамі Беларусі

Бабарико: Президент — это менеджер, если мне эту работу не дадут — не поражение

«Пришло время ЧЕ?» В Гродно Сергей Черечень рассказал, с чем идет на выборы