Аляксандр і Наталля з расійскага горада Сызрань адважыліся на далёкую паездку ў беларускі Гродна на савецкім матацыкле “Мінск”. Пры сярэдняй хуткасці 65 км/г яны пераадолелі амаль 2500 км за пяць дзён. Як і чаму маладыя людзі рушылі ў шлях, даведаўся Hrodna.life.
Доўга стаяў у гаражы
Сызрань знаходзіцца ў Самарскай вобласці. Ідэя прыехаць у Гродна на старэнькім матацыкле ўзнікла ў 2017 годзе, калі Аляксандр атрымаў правы.
«Бацькоўскі матацыкл «Мінск» доўга стаяў у гаражы, але год таму я паставіў сабе мэту вывучыцца на правы і асвоіць гэты транспарт, – распавядае Аляксандр. – Сам матацыкл быў выпушчаны яшчэ ў 1990 годзе, каб на ім катацца і адпраўляцца ў падарожжа, трэба было ўсё дэталёва вывучаць, а таксама навучыцца яго рамантаваць».
Даказаць, што на “Мінску” можна падарожнічаць
Выбралі Гродна, бо Наталля родам адсюль, але ў дзяцінстве з бацькамі пераехала ў Расію.
«У асноўным мы па Сызрані каталіся, а хацелася чагосьці большага. Нечакана з’явілася вар’яцкая ідэя паехаць на матацыкле на радзіму Наталлі, – кажа Аляксандр. – Многія, асабліва сваякі, адгаворвалі нас і называлі вар’ятамі. Наш «Мінск» ніхто сур’ёзна не ўспрымаў, усе думалі, што гэта нейкі сельскі матацыкл, які прызначаны для паездак на малыя адлегласці. Я ж вырашыў даказаць, што на ім можна падарожнічаць».
На такую далёкую паездку пару падштурхнулі яшчэ і канструктары матацыкла «Мінск» Пілюкевіч і Захарын, якія на падобных матацыклах перасеклі Савецкі Саюз. Па выніку сваіх падарожжаў стваральнікі пасля напісалі кнігу: “Мотатурызм: спорт і адпачынак”.
«У гэтай кнізе стваральнікі далі слушныя парады мотатурыстам-пачаткоўцам: да чаго рыхтавацца ў паездках і чаго баяцца. Была адна частка, што мотатурызм трэба пачынаць з кароткіх паездак выхаднога дня на 300-400 км, мы ж адразу замахнуліся на 2350 і гэта толькі ў адзін бок», – дадае Аляксандр.
Ідэю падтрымалі нямногія
Да паездкі Аляксандр пачаў рыхтаваць матацыкл з вясны: перабраў усе дэталі, зрабіў зарадку, купляў спецыяльныя навушнікі, каб у дарозе з дзяўчынай можна было спакойна размаўляць. Выехалі Аляксандр і Наталля з Сызрані 30 ліпеня, а ў Мінску былі ўначы 4 жніўня. Там пара пагасцявала суткі і адправіліся ў Гродна.

Аляксандр распавядае, што ідэю з далёкай паездкай мала хто падтрымаў. Ехаць прыйшлося праз такія гарады: Сызрань, Пенза, Тамбоў, Ліпецк, Арол, Бранск, Гомель, Бабруйск, Мінск і Гродна.
«Перад паездкай я быў устрывожаны, бо не ведаў што нас чакае. У нас амаль ніхто не верыў. І ўсе дзівіліся, асабліва ў Беларусі, калі бачылі нас на дарозе на матацыкле “Мінск” з расійскімі нумарамі. Але ўсё ў выніку атрымалася. У канчатковай кропцы нашага падарожжа мне ўсё спадабалася, а дзяўчына сюды ехала як дадому, так што гэта ўдвая больш прыемна».

Краіны не для мотатурызму
Пасля тыднёвага адпачынку на захадзе Беларусі пара адпраўляецца назад у Сызрань. Яны плануюць трохі змяніць маршрут.
“Уся паездка ў нас павінна выйсці каля 4500 км. Адзінае, што мы зразумелі падчас паездкі: пакуль Беларусь і Расія не моцна прызначаны для мотатурызму. Падчас падарожжа практычна не было парковак для матацыклаў і ахоўных зон у тым ліку. Даводзілася начаваць у лесе побач з матацыклам. Але ў цэлым мы засталіся задаволеныя паездкай і сабой. Матацыкл нас не падвёў. Сёння мала хто вырашаецца на падобныя паездкі”.
Ёсць планы і на будучыню
Пасля вяртання ў Сызрань пара будзе рыхтаваць план чарговай паездкі. Магчыма, яны адправяцца на поўнач Еўропы.
Дарэчы, пара вядзе групу ў Вконтакте, дзе распавядае пра сваё падарожжа.





