Праз данос ці неабачлівасць пад каток сталінскіх рэпрэсій мог трапіць кожны. Напрыклад, «маленькі чалавек», інтэлігент з Гродна, які проста любіў старыя кнігі. Гісторыю Міхаіла Волчака расказвае «Новы час».
Архіў Міхаіла Волчака сёння захоўваецца ў прыватнай калекцыі. Гэта некалькі здымкаў, стос папераў перапіскі з дзяржаўнымі органамі, даведак аб вызваленні і пераглядзе справы, і галоўнае — успаміны. Машынапіс быў набраны самім героем у 1970-я гады. Каб не забыцца самому і не даць забыць іншым.
«У лістападзе 1951 года, па ініцыятыве мясцовых органаў МДБ, я быў асуджаны Гродзенскім аблсудом на 25 год лагераў за „захоўванне“ талерачкі з выявай апошняга цара ды нейкіх часопісаў на польскай мове з фотарэпрадукцыямі расстралянага Тухачэўскага і пахавання Пілсудскага. Зараз, пасля маёй рэабілітацыі па гэтай справе, магу сказаць, што яго падаплёка была іншай. Па такім нягеглым звінавачванні (…) можна было загнаць у лагеры на 25 гадоў шматлікія сотні тысяч людзей без усялякага „злога ўмыслу“ з іх боку…»
Менавіта так пачынаюцца ўспаміны Волчака. Далей аўтар тлумачыць, на яго думку, сапраўдныя спружыны ягонай справы, а менавіта — спробу аднавіць сабе польскую нацыянальнасць замест «навязанай» рускай. Таксама Волчак пісаў артыкулы ў «Гродзенскую праўду», дзе пляжыў «казнакрадаў і хабарнікаў у родным горадзе». Відаць, падобная актыўнасць паляка ў паваенным Гродна ля самай мяжы і прыцягнула ўвагу органаў…
«21 кастрычніка 1951 года прыйшлі да мяне на кватэру тры супрацоўнікі МДБ, з тым, што яны, маўляў, маюць інфармацыю пра захоўванне мною зброі, — працягвае Волчак, — і лепш будзе, калі я здам яе добраахвотна. Аднак яны нават не спрабавалі яе шукаць, затое адразу пачалі рыцца ў маіх кнігах і паперах. Адзін з іх адразу выцягнуў са старой шафкі згаданую вышэй талерачку, быццам сам яе нядаўна туды паклаў. Стала зразумела, што зброя — гэта толькі нагода…»
Талерачка ў доме Волчака была напамінам пра бацьку, які атрымаў яе як узнагароду-падарунак падчас службы ў царскай арміі. Што да «экстрэмісцкіх часопісаў» з выявамі Тухачэўскага і пахавання Пілсудскага — наогул смешна, бо, пагартаўшы любую падборку тагачаснай польскай прэсы, можна было знайсці і цікавейшыя матэрыялы: напрыклад, здымкі з палявання Германа Герынга ў Белавежскай пушчы ў канцы 1930-х. Карацей, шукайце — і знойдзеце, грукайце — і вам адчыняць…
Волчак быў перакананы, што на яго данеслі, і нават блізкія — жонка і пляменнік ужо «апрацаваныя» органамі. Мы не ведаем, ці гэта праўда, але далейшыя абставіны справы, у тым ліку папяровая вайна жонкі з Генпракуратурай ды іншымі структурамі, падказвае, што хутчэй — не. Аўтар піша, што да высновы пра «родных-даносчыках» ён прыйшоў праз два тыдні ў засценках МДБ… Падказалі? Падазронасць? Паранойя?
І тут мы падыходзім яшчэ да аднаго пункту трагедыі. Волчак — бібліяфіл, які планамерна збіраў старадрукі, а ў міжваенны час удзельнічаў у раскопках на Старым Замку ў Гродне, хоць прафесійна займаўся будаўніцтвам. Сёння б сказалі — краязнавец, калекцыянер, кніжнік. І вось…
«Была разгромленая і вывезеная мая бібліятэка — каля 1700 экз. старых кніг, часопісаў і рукапісаў. Для бачнасці быў складзены пратакол на прыкладна 10% ад гэтай колькасці. Асабліва шкада мне было старых рукапісных і друкаваных матэрыялаў пра Гродна і Гродзеншчыну, якія я збіраў з вялікай цяжкасцю на працягу больш як 20 гадоў. Праз шмат гадоў супрацоўнікі аддзелу рукапісаў АН БССР, не ведаючы, што здарылася, прапаноўвалі мне перадаць ці прадаць ім сабраныя мною матэрыялы аб родным горадзе».У іншым месцы ўспамінаў Волчак піша, што з яго выбівалі подпіс пад паперай: маўляў, кнігі і рукапісы былі знішчаныя з яго згоды і ў яго прысутнасці. Чаму? Навошта? Аўтар бясконца задаецца гэтымі пытаннямі. Але ці не з кватэраў і дамоў рэпрэсаваных папаўняліся калекцыі антыкварыяту і халоднай зброі сілавікоў з вялікімі зоркамі на пагонах у тыя часы?.. Магчыма, і сам арышт стаўся вынікам «замовы» на каштоўную калекцыю.
«Знаходзячыся пасля арышту ў засценках, я ўжо меў за спіной польскую турму і нямецкі лагер; і ўсё ж такі я быў уражаны прыніжаючымі чалавечую годнасць адносінамі да арыштаваных. Хоць я асабіста пазбегнуў „мокрых“ катаванняў падчас допытаў, аднак не пазбегнуў „сухіх“ катаванняў кругласутачнай бяссонніцай на працягу некалькіх дзён. Зараз ужо не памятаю, з чаго яны пачаліся: альбо я не хацеў падпісваць пратаколаў (…), у якіх мне вызначылі рускую нацыянальнасць, (…) альбо не хацеў падпісваць „згоды“ на варварскае знішчэнне сваёй бібліятэкі».
Першапачаткова Волчака абвінавацілі па артыкуле 72 старога КК БССР, які прадугледжваў да 10 гадоў зняволення. Пазней, аднак, яму паступіла прапанова ад следчага: «падслухоўваць іншых зняволеных у СІЗА МДБ», то бок — стаць «стукачом»… Волчак адмовіўся.
«Мне адказалі, што сваёй адмовай я зраблю сабе толькі горш. На наступны дзень мой следчы разам з пракурорам „па спецсправах“ адвялі мяне ў пусты пакой турмы і заявілі, што я „захоўваў“ згаданую талерачку і часопісы таксама ў часы нямецкай акупацыі, таму акрамя артыкула 72, яны дададуць мне яшчэ пункт 6 гэтага артыкулу, які дапускае пакаранне да 25 гадоў. На практыцы гэта значыла, што за адмову быць даносчыкам у сутарэннях МДБ мне дададзена яшчэ 15 гадоў лагераў».
А далей быў суд, дзе таксама не абышлося без здзекаў і вытанчанага цынізму. Паводле Волчака, тымі днямі ўся камера пакутавала ад крывавага паносу. У суд яго павезлі, нягледзячы на просьбы дазволіць хаця б змяніць бялізну… Вельмі падобна на дакладны разлік: у такім стане ахвяра нават і думаць пра супраціў не будзе.
«Завялі мяне ў цесны пакойчык закрытага суду, дзе мяне ўжо чакалі. Судзячыя адчынілі фортку, зрабілі некалькі дурных заўвагаў на мой адрас, задалі некалькі пытанняў (…), затым старшыня зачытаў хуткавымаўлянкай падрыхтаваны вырак з павышэннем голасу на слова „10 гадоў“ і „25 гадоў“, жаўнеры канвою хутка выштурхалі мяне ў калідор і павезлі зваротна. Я нават адчуў палёгку, што гэтая мярзота працягвалася не болей за 12−15 хвілін і ў мяне было больш надзеі на лазню і змену бялізны — я ўжо быў асуджаны».
Далей Волчак трапіў у перасыльную турму ў Оршы, дзе яго напаткала чарговая злыбяда. Сукамернікам апынуўся чалавек, які стаў выпадковым сведкам забойства дзяўчыны падчас допытаў… Неймаверна, але знайшлося трое сукамернікаў, у тым ліку Волчак, якія напісалі з гэтай нагоды рэспубліканскаму пракурору. Цяжка паверыць, што людзі надалей верылі ў «моц закону», але, магчыма, гэта і была для іх адзіная змога наўпрост застацца людзьмі: не маўчаць.
Зразумела, былі наступствы: усю тройку развялі па іншых камерах, больш яны ніколі не сутыкаліся. Зусім хутка Волчака адправілі «сталыпінскім вагонам» на Мурманск. Толькі праз год, згодна аўтару, ён даведаўся, што менавіта дзякуючы свайму звароту ён атрымаў не звычайны лагер, але — з «цяжкім рэжымам».
Далей быў лагер, але яго Міхаіл Волчак не апісвае ва ўсіх падрабязнасцях: «Немэтазгодна ўзгадваць пра ўсе жахі свайго адносна непрацяглага знаходжання ў лагерах…» Напрыканцы траўня 1953 года па пратэсце генпракурора Генеральная калегія па крымінальных справах ВС СССР знізіла меру пакарання да 5 гадоў і вызваліла вязня ад далейшага адбыцця пакарання. Знятая была параза ў правах, Волчак змог вярнуцца ў Гродна.«Сказалі мне аб гэтым толькі 10 ліпеня 1953 года — у дзень, калі Берыя быў аб’яўлены ворагам народу і пануючыя нада мной супрацоўнікі ўсёмагутных органаў часова разгубіліся. Каб тое не здарылася з Берыям, мне справакавалі б яшчэ „лагерны артыкул“, каб усё ж такі не выпусціць мяне, калі я ўжо ведаю пра іх злачынствы…»
Як бачым, выхад на волю апынуўся для Волчака падарункам лёсу, у якім ролю адыгралі два фактары: зніжэнне тэрміну да 5 год і «берыеўская амністыя», якой падлягалі адно тыя, хто меў «пяцёрку» ці менш. Як мы памятаем з фільму «Халоднае лета 1953-га», збольшага пад тую амністыю трапілі акурат крымінальнікі, а «палітычныя» працягвалі сядзець да 1956−1957 гадоў: пры такім раскладзе Волчак мог бы і не вярнуцца дадому.
Нават няпоўныя два гады ў лагеры адбіліся на здароўі: хворыя ныркі, слабы зрок, пастаянныя болі ў хрыбце… У Гродне Волчак некалькі разоў змяняў працу, лячыўся, спрабаваў дамагчыся інваліднасці і льготаў — усе нюансы адлюстраваныя ў ягоным машынапісе. Разышоўся з жонкай, хоць менавіта яе лісты ў Генпракуратуру, магчыма, паскорылі вяртанне мужа ці наогул уратавалі яму жыццё… Паранойя і хранічны недавер — невылечныя хваробы, якія ахвяра сістэмы выносіць з лагеру і захоўвае на ўсё жыццё.Паперы дазваляюць меркаваць, што Волчак да скону верыў у літару закона і дамагаўся свайго зваротамі ў дзяржструктуры. Нават у 1980-х гадах ён працягваў пісаць, каб яму выдалі пасведчанне ўдзельніка вайны (ён паспеў паваяваць у складзе ІІ Беларускага фронту і дэмабілізаваўся толькі ў 1946-м) і ўзнагароды: вайсковыя медалі і падзякі былі сканфіскаваныя падчас вобшуку.
Гэта — феномен чалавека, які большую частку жыцця пражыў у краіне, дзе ўсё вырашаюць паперкі, фактычна, у «Замку» Кафкі. Вось ён і спрабаваў жыць па правілах сутарэнняў замку: ад скаргі па забойству дзяўчыны падчас допыту ў 1951-м да ліста ў ваенкамат наконт вяртання медалёў у 1982-м.
Памёр Міхаіл Волчак, верагодна, напрыканцы 1980-х. Дакладна меў пляменніка, а вось пра дзяцей нічога невядома. Яго архіў у 1990-я гады быў знойдзены ў адным з закінутых дамоў Гродна і асеў у мясцовых калекцыянераў, каб загаварыць толькі зараз. Месца пахавання Міхаіла Волчака невядомае.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…