Гэтая трагедыя здарылася восенню 1964 года, 55 гадоў таму. Тое было звычайнае чалавечае разгільдзяйства, якое прывяло да чалавечых ахвяр.
У Гродне ад пасляваенных гадоў на вуліцы Пралетарскай стацыянаваў танкавы полк 30-й Іркуцка-Пінскай мотастралковай дывізіі. Да Другой сусветнай вайны там размяшчаўся 7-ы бранятанкавы батальён польскай арміі. Салдаты Савецкай арміі жылі ў польскіх яшчэ казармах. Навокал набудавалі боксаў для танкаў, узвялі клуб для жаўнераў, каталіцкую капліцу перарабілі на салдацкую краму.
Рэквіем сёмаму батальёну. Гісторыя казармаў, якія адзіныя захаваюцца ад вайсковай часткі на Пралетарскай
Танкісты, як і цяпер, трэніраваліся на вайсковым палігоне каля Гожы. Летам яны калонамі ехалі на поўнач ад Гродна і там стралялі, адпрацоўвалі перасячэнне Нёмана і іншае. Восенню танкі вярталіся ў Гродна на Пралетарскую вуліцу. Апошнімі вярталіся вучэбныя танкі: у кожнай роце было па адным вучэбным танку, а таксама рамонтная рота. Тое адбывалася ў канцы верасня або пачатку кастрычніка.
Як ехалі танкі
Вайскоўцы ехалі ад Гожы праз вёскі Цідовічы, Гумбачы, каля Русоты і з боку шашы на Парэчча, міма Станіславова, вярталіся ў свае казармы. Парадак праезду танкавай калоны быў такі, што на чале яе павінен быў ехаць афіцэр на легкавой машыне, а за ім ужо ішлі танкі. У той апошняй калоне на Гродна ехалі вучэбныя танкі Т-54, а таксама рамонтны цягач, таксама на базе танка Т-54. У яго не было башні з гарматай, а замест прымацоўваўся кран, лябёдка ці проста кузаў.У цягачы было ўсяго два чалавекі - зусім малады механік-вадзіцель і рамонтнік-танкіст трэцяга года службы. У СССР тады ў сухапутных вайсках служылі тры гады, а ў флоце чатыры гады. На месца мяханіка-вадзіцеля ў той вечар сеў акурат той бывалы танкіст з рэмроты.
Першае парушэнне дапусціў малады лейтэнант. Замест таго, каб цягнуцца на чале маруднай танкавай калоны, ён паехаў на легкавіку ў Гродна. Танкавая калона засталася без ніводнага афіцэра і папаўзла ў горад.
Адкуль узяліся студэнты
Недалёка ад былога каралеўскага маёнтка Станіславова на інстытуцкіх палях стyдэнты сяльгасінстытута капалі бульбу. Праца ўжо скончылася, частку студэнтаў аўтобус адвёз у Гродна, а рэшта схавалася каля вогнішча ў яме каля дарогі. Яма была парослая хмызнякамі і знаходзілася акурат там, дзе дарога рабіла круты паварот.
Як здарылася трагедыя
Калі на дарозе з’явіліся танкі, некалькі дзяўчат і хлопцаў з групы студэнтаў выйшлі паглядзець на тэхніку і сталі на павароце. І тут салдат, які сядзеў за рычагамі цягача, прыняў ракавое рашэнне: ён захацеў папужаць студэнтак і не павярнуць перад імі на дарозе, а зрэзаць паварот, праехаўшы за імі, паказаць сваю зухваласць.
Ён рэзка павярнуў цягач і на вялікай хуткасці паламаў хмызнякі і ўскочыў у яму, дзе каля вогнішча грэліся студэнты. Пачуўшы крыкі людзей, вадзіцель не заглушыў матор, а паехаў назад, але нешта пайшло не так і машына ізноў з’ехала ў яму, дзе хвіліну таму студэнты чакалі аўтобус у горад.
Усяго загінула пяць чалавек — тры дзяўчыны і два хлопца. Некалькі чалавек досыць моцна пацярпелі, але засталіся жывыя. Тыя, хто служыў у танкавым палку, згадваюць, што на прывезены з месца трагедыі цягач страшна было глядзець. Яго пажарнымі шлангамі адмывалі ад крыві і рэштак вопраткі.
Пагрозы і суд
Аб трагедыі не пісалі ў газетах, але Гродна, канешне, ведаў пра яе. Грамадзянскую паніхіду па загінулых правялі ў корпусе сяльгасінстытута па вуліцы Акадэмічнай. Студэнты сяльгасінстытута абураліся здарэннем і нават пагражалі салдатам. Былыя салдаты згадваюць, што некаторы час танкістаў нават не выпускалі ў звальненні ў горад, а ў каравульных праз плот кідалі камянямі.Суд над танкістамі адбываўся ў вайсковым клубе часткі. На лаве падсудных аказаліся малады лейтэнант, які з’ехаў у Гродна, і той салдат, які сядзеў за рычагамі танка. У якасці сведкаў прысутнічалі пацярпелыя студэнты, былі і сваякі загінулых. На суд сагналі салдат з вайсковай часткі, каб прадэманстраваць ім, якія наступствы можа мець салдацкая халатнасць. У выніку афіцэр быў прыгавораны да трох гадоў зняволення, а непасрэдна вінаватага ў трагедыі танкіста прыгаварылі да выйшэйшай меры пакарання. Праўда, старыя танкісты гавораць, што хутчэй за ўсё прысуд быў пасля заменены на больш мяккі, паколькі асуджаны прысылаў з турмы сваім былым саслужыўцам паштоўкі. З пасадаў былі знятыя камандзір дывізіі і зампаліт танкавага палка.
Менш чым праз чатыры гады Іркуцка-Пінская дывізія ў поўным складзе адбыла гасіць «пражскую вясну» ў Чэхаславакіі. А некалькі гадоў таму пад час забудовы вуліцы Пралетарскай былі знесеныя і боксы для танкаў, і стары вайсковы клуб. Засталіся толькі польскія даваенныя казармы, якія цяпер перарабляюць у крамы. Танкісты пасля нават хадзілі на танцы ў сяльгасінстытут, некаторыя нават пажаніліся са студэнткамі. Аднак у калектыўнай памяці гродзенцаў тое трагічнае здарэнне засталося бадай назаўсёды.