Роўна 110 гадоў таму — 18 траўня 1910 году — памерла пісьменніца Эліза Ажэшка. Праз некалькі дзён тысячы гараджан выйшлі на вуліцы Гродна, каб правесці яе ў апошні шлях.
У памяці гродзенцаў Эліза Ажэшка запомнілася не толькі як пісьменніца, але і як мецэнатка, што дапамагала людзям у нядолі.
«Май на сэрца як мага больш чыстае і аддавай як мага больш паслуг зямлі і людзям», — такі быў адзін з жыццёвых дэвізаў Ажэшкі. Калі ў Гродне ў 1885 годзе здарыўся страшэнны пажар і ў агні згарэла большая частка горада, пісьменніца ўзначаліла гарадскі камітэт па зборы сродкаў для дапамогі пагарэльцам.
У адным з апошніх інтэрв'ю Ажэшкі сказала: «Давядзецца мне, быць можа, да канца жыцця праляжаць у ложку або праседзець у крэсле. Цяжка! Галоўнае мець магчымасць пісаць. […] А ўсё ж паміраць яшчэ не хачу, сама дзіўлюся гэтаму, але не хачу».
Два дні да смерці, 16 траўня, яна ў апошні раз сустрэлася з сябрамі, якія прыехалі з Варшавы. Яны запомнілі яе поўнай аптымізму, нягледзячы на хваробу. У Ажэшкі былі яшчэ планы, яна хацела паехаць у госці да сяброў Бохвіцаў у Флер’янова (сёння — вёска ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці). Але 17 траўня ёй стала горш,
а на наступны дзень раніцай яна памерла
23 траўня 1910 года развітвацца з ёй прыйшоў увесь горад. Па некаторых звестках на пахаванні было каля 15 000 чалавек. Пахавальным камітэтам кіраваў князь Уладзіслаў Друцкі-Любецкі.
Так апісваў пахаванне пісьменніцы часопіс «Огонёк»:
«Похороны знаменитой польской писательницы Элизы Ожешко собрали перед домом еще до рассвета густые толпы народа. В 10:30 часов тронулось похоронное шествие. Впереди бесконечной вереницы шли делегаты культурных и просветительных обществ и воспитанницы детского дома имени Элизы Ожешко. По пути следования шествия все магазины были закрыты и фонари были
повиты траурным флером. Над могилой был произнесен ряд речей: особенное впечатление произвели речи директора варшавских театров Иосифа Котарбинского, отметившего человеколюбивый характер писательской деятельности Ожешко, несшей в народ проповедь любви и служения обездоленным, — и известного варшавского адвоката Станислава Киенского, указавшего на любовь покойной к детям, которая золотым солнечным лучом озаряла всю жизнь ее. Порядок во время похорон поддерживался местной молодежью, а комитет по устройству торжества был легализован гражданской властью».
Ажэшка была для царскай улады ненадзейным чалавекам, таму ўсе рашэнні аб яе пахаванні прымаў асабіста губернатар Віктар Барзенка. Для падтрымання парадку на вуліцы адправілі 88 паліцэйскіх і конную варту, але яны апынуліся непатрэбнымі.
Па шляху ад Фарнага касцёла да могілак адбыўся кур’ёзны выпадак: атрад царскіх салдат, які маршыраваў кудысьці па сучаснай вуліцы Маркса, верагодна выпадкова, спыніўся і аддаў гонар памерлай.
На могілках прагучала ўсяго восем прамоваў - больш не дазволіў Гродзенскі губернатар. Усе прамовы загадзя прайшлі царскую цэнзуру.
Помнік усталявалі праз 19 гадоў
Помнік пісьменніцы Элізе Ажэшцы адкрылі ў гарадскім парку 20 кастрычніка 1929 гады. Сёння гэта самы стары помнік у горадзе. Дзякуючы гараджанам ён захаваўся і працягвае стаяць на адной з цэнтральных вуліц Гродна, хоць і не там, дзе быў першапачаткова.
Паставіць помнік Ажэшцы ў Гродне спрабавалі адразу пасля смерці пісьменніцы ў 1910 годзе, але тады царскія ўлады не далі на гэта дазвол. Да ідэі ўвекавечыць Ажэшку гараджане вярнуліся толькі пасля Першай сусветнай вайны. У пачатку 1920-х гадоў пачаўся збор грошай на помнік пісьменніцы, а ў 1923 годзе быў аб’яўлены конкурс. Перамог праект помніка скульптара Рамуальда Зэрыха. Але ўсталяваць помнік у Гродне ўдалося толькі ў 1929 годзе.
Фотаздымкі з адкрыцця помніка 20 кастрычніка 1929 гады. Архіў nac.gov.pl
Помнік урачыста адкрылі 20 кастрычніка 1929 года. Гэта была вялікае свята для Гродна. На адкрыццё прыйшлі тысячы гродзенцаў: палякі, яўрэі, беларусы і іншыя. Былі і спецыяльныя госці: ваявода Караль Кірсцень, маршалак польскага сената Юльян Шыманскі, гродзенскі стараста Зыгмунт Рабачкевіч, віленскі ваявода Зыгмунт Бячковіч, пісьменнікі Юльян Тувім, Антоні Фердынанд Асэндоўскі і Зофія Налкоўская.
Урачыстасці ў гонар адкрыцця помніка пачаліся ў 11:00 з імшы ў Фарным касцёле, а 13.30 яны перамясціліся да тэатра. Спецыяльна ў дзень адкрыцця помніка ў тэатры быў пастаўлены спектакль па матывах рамана пісьменніцы «Над Нёманам». Позна ўвечары ў Каралеўскім замку адбыўся банкет.
Помнік Ажэшкі прастаяў каля тэатра 10 гадоў, пакуль у Гродна не ўвайшлі савецкія часткі. У 1939 году камуністы перайменавалі вуліцу Ажэшкі на Ленінскую і хацелі спачатку прыбраць помнік польскай пісьменніцы з гарадскога парка. Але на лёс бюста паўплывала цэнтральная маскоўская газета «Правда», якая крытыкавала змену назвы вуліцы Ажэшкі ў Гродне. Камуністы падкрэслівалі яе сацыяльныя погляды, паказваючы, што яна была папярэднікам камуністычных ідэй. Так помнік Ажэшкі застаўся стаяць каля тэатра да 1941 года. А пасля вайны вярнулася і назва вуліцы Ажэшкі.
Падчас нямецкай акупацыі помнік пісьменніцы новая ўлада загадала прыбраць. Па адной з версій, яго схавалі жыхары Гродна на каталіцкіх могілках, па іншай, яго выкінулі ў раку Гараднічанку.
Помнік пасля рэканструкцыі вярнулі ў 1949 годзе па рашэнні гарадскога Савета. Архітэктар Кліменка асабіста прасачыў, каб помнік адпавядаў разбуранаму арыгіналу. Аднак ён быў устаноўлены ў іншым месцы, на скрыжаванні вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай. На бакавых частках пастамента былі ўсталяваныя вазы для высадкі кветак, якія дэмантавалі ў пачатку 21 ст.
На мяжы 1960-х і 1970-х гадоў помнік Элізе Ажэшцы стаў месцам сустрэчы гродзенскіх хіпі. Тады яго называлі «каменнай матуляй».
Сёння помнік Ажэшцы разам з домам-музеем пісьменніцы — адна з самых папулярных турыстычных кропак Гродна.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстана інфармацыя з тэлеперадачы «Nad Niemnem».