Аляксандр Шышоў знайшоў у сметніцы ля абменніка $ 100. Праз месяц ён даведаўся, што з-за гэтага яго шукае міліцыя і, звязаўшыся з УУС, вярнуў грошы ўладальніку. Следчы абвінаваціў Шышова ў крадзяжы і накіраваў справу ў пракуратуру. Рэдакцыя Hrodna.Life высветліла, як не патрапіць у такую парадаксальную сітуацыю.
2 сакавіка 2020 года Аляксандр Шышоў прыехаў на сустрэчу да свайго дзядзькі ў гандлёвы цэнтр «Фламінга»: сваяк папрасіў пазычыць грошы і яны разам адправіліся ў абменнік. Пакуль чакалі сваёй чаргі і размаўлялі, Аляксандр ўбачыў купюру ў сметніцы ля абменніка і паклаў у кішэню. Абмяняў свае грошы і сышоў.
— Неяк адразу не зразумеў, — тлумачыць Аляксандр Hrodna.life, чаму не аддаў знойдзеныя $ 100 долараў касіру. — Так, я падняў грошы са сметніцы, паклаў у кішэню, але чалавека, які іх выкінуў, не было на той момант у памяшканні. Калі падняў, я не ведаў: можа, яны ўвогуле фальшывыя? Не было прадчування, што за нейкія 100 долараў мне штосьці будзе. З’явіцца чалавек — аддамо. Не з’явіцца — ну і чорт з ім. Не было ніякага страху, боязі. Я не надаваў гэтаму значэння.
Не ў $ 100 шчасце
Аляксандр Шышоў працуе грузчыкам у Швецыі ў будаўнічай фірме бацькі ТАА «Бел-Кіндэкор». У лютым 2020 года ён прыехаў у Гродна і з-за пандэміі каранавіруса застаўся.
Праз тры тыдні пасля таго, як знайшоў грошы, ён паспрабаваў з’ехаць у Швецыю праз Маскву, пару дзён быў у дарозе, але ў выніку вярнуўся ў Гродна. Перад ад’ездам знойдзеныя $ 100 долараў ён аддаў сваёй сястры Анастасіі, якая зараз жыве з ім. Меркавалася, што Анастасія аддасць грошы таму, хто па імі звернецца.
Пры гэтым пацярпелага сам Аляксандр не шукаў: не даваў аб’яваў, не шукаў праз сацсеткі. Кажа, думаў, хто-небудзь у інтэрнэце выкладзе просьбу вярнуць грошы — і ён верне. Потым пра знойдзеныя грошы ён наогул забыўся.
— Я прыехаў са Швецыі - у мяне былі свае грошы. Не было патрэбы выдаткоўваць знойдзеныя. Я ў Швецыі атрымліваю € 2500 у месяц. Мне гэтыя $ 100 ні туды ні сюды. Не ў гэтых $ 100 шчасце, каб на кімсьці нажывацца, — распавёў Шышоў Hrodna.life.
Распіска
3 красавіка на сайце УУС Гродзенскага аблвыканкама з’явілася фота людзей, якія паднялі грошы са сметніцы ў пачатку сакавіка. Аказалася, што 23-гадовы гродзенец выкінуў грошы разам з квітанцыяй, не змог іх знайсці і звярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС горада Гродна.
Праваахоўнікі высветлілі, што грошы 23-гадовы гродзенец выкінуў у сметніцу каля касы. Следам падышлі маладыя людзі, адзін з іх заўважыў купюру і забраў сабе.
— Дзядзька патэлефанаваў і сказаў, што выклалі ў інтэрнэт (навіну — Hrodna.life), што нейкія людзі паднялі. Скінуў нумар. Я набраў участковага і сказаў, што я падняў гэтыя 100 долараў. Спытаў, як вярнуць, — распавёў Аляксандр Hrodna.life.
Участковы даў нумар следчага, праз якога можна было звязацца з тым, хто страціў грошы. У гэты час Аляксандр быў у ад’ездзе.
Яго дзяўчына 5 красавіка звязалася з тым, хто страціў грошы. 6 красавіка забрала грошы ў сястры Аляксандра і адвезла іх яму. Той напісаў распіску, што грошы атрымаў і прэтэнзій не мае. Пра гэта паведамілі следчаму. Следчы, са слоў Аляксандра, сказаў, што цяпер справу закрыюць за адсутнасцю складу злачынства. Грошы знойдзены ў урне, іх вярнулі, ніхто прэтэнзій не мае.
Прыйшоў новы следчы
У чэрвені Аляксандр зноў быў у ад’ездзе. Сястра паведаміла яму, што да іх дадому прыходзіў новы следчы — папярэдні сышоў у адпачынак. Следчая паведаміла, што распачала крымінальную справу па арт. 205 КК — Крадзеж. На якой падставе распачалі крымінальную справу, не патлумачылі, сказаў Аляксандр.
Некалькі тыдняў сям’ю Аляксандра дапытвалі. 8 чэрвеня Аляксандр прыйшоў у аддзяленне міліцыі на Фолюш, адкуль яго змясцілі ў ІЧУ на трое сутак. 11 чэрвеня Аляксандра вызвалілі. Тады ж яго прывезлі на медасведчанне ў ГОКЦ «Псіхіятрыя-наркалогія», ад якога ён раней адмовіўся. 16 чэрвеня далі заключэнне, што алкагольнай залежнасці ў яго няма.
Пацярпелы інтэрв'ю не дае
— Той, які згубіў грошы казаў, што наогул не ведаў, дзе яны: ці то ён іх выкінуў у сметнік, ці то ў маршрутцы згубіў, калі разлічваўся. Да таго ж, мы самі звярнуліся ў міліцыю, каб вярнуць грошы. Ніхто не хацеў маёмасцю завалодаць, — распавёў Аляксандр Hrodna.life.
У рэдакцыю Hrodna.life Аляксандр даслаў копію распіскі пацярпелага, дзе той піша, што грошы атрымаў і прэтэнзій не мае.
Пацярпелы цяпер знаходзіцца ў войску. Размаўляць з прэсай яму «забаранілі». Хто забараніў, пацярпелы Hrodna.life не ўдакладніў.
З заявай аб знікненні грошай у міліцыю штодня звяртаюцца, паведамілі Hrodna.life у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама. Часцей за ўсё гэта не дробныя сумы накшталт 10 рублёў. У міліцыю ідуць тыя, хто губляюць ад 70 рублёў, супрацоўнікі міліцыі працуюць па гэтых заявах. Сумы да 10 базавых велічынь (270 рублёў) — гэта «Дробны крадзеж», вышэй — «Крадзеж».
Цяпер міліцыя часцей працуе не з наяўнымі грашыма, а з банкаўскімі карткамі: людзі знаходзяць чужыя карты і разлічваюцца па іх у краме, распавялі Hrodna.life ў прэс-службе.
Аляксандру пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі
Следчая 17 чэрвеня здала справу ў пракуратуру. Яна адмовілася каментаваць працэс Hrodna.life, спасылаючыся на таямніцу следства. Адвакат склала хадайніцтва аб спыненні ўзбуджэння крымінальнай справы з-за адсутнасці складу злачынства.
Адвакат Аляксандра распавяла Hrodna.life, што неабходна размяжоўваць крадзеж і знаходку. Знаходка — гэта рэч, якая выпадкова страчана адным чалавекам і выпадкова знойдзеная іншым.
Крадзяжом прызнаецца таемнае выкраданне маёмасці. Завалоданне чужой маёмасцю або правам на яго прызнаецца крадзяжом толькі ў тым выпадку, калі яно здзейснена наўмысна, супрацьпраўна, бязвыплатна і з карыслівай мэтай адным з пералічаных у законе спосабаў.
Аляксандр Шышоў не пагадзіўся з кваліфікацыяй яго дзеянняў органамі папярэдняга расследавання па ч. 2 арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь.
Адвакат заявіў хадайніцтва аб спыненні расследавання ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Аляксандра складу злачынства. Хадайніцтва не задаволілі. Крымінальную справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.
Зараз Аляксандр знаходзіцца ў статусе абвінавачанага. Ён падпісаў дакумент аб нявыездзе і абавязацельстве яўкі. Па арт. 205 КК (Крадзеж) вінаватых караюць грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.