Людзі і справы

«Паставіць можна і тэлефонны даведнік». Сяргей Бачкоў расказаў пра 10 год народнага тэатра «Бочонок»

Тэатр «Бочонок» — гэта 500 акцёраў, 16 спектакляў, 10 гадоў працы і 1 нязменны рэжысёр. Да юбілею, што адбудзецца 1 красавіка, яны пазнаёмяць гродзенцаў з «Апошняй жанчынай сеньёра Хуана».

«Я дагэтуль вучуся акцёрскай прафесіі», — кажа Сяргей Бачкоў, хаця мае за плячамі акцёрскі дыплом з маскоўскай «Шчукі» і рэжысёрскі з Беларускай тэатральнай акадэміі. Сваю першую ролю ён атрымаў ва ўзросце каля 10 гадоў. Апошнія 10 — кіруе народным тэатрам «Бочонок» у Гродне. Пра свой шлях да тэатра і 10-гадовы шлях тэатра рэжысёр распавёў Hrodna.life.

«Жаніцьба Бальзамінава», адна з першых пастановак тэатра. Фота з асабістага архіва Сяргея Бачкова

Ад народнага да народнага

У дзяцінстве Сяргей больш цікавіўся музыкай — «біў у гітару». Малыя музыкі Віцебска часта бавілі час у мясцовым доме культуры і марылі патрапіць на вочы ўдзельнікам тамтэйшага ВІА — вакальна інструментальнага ансамбля. Але раней за музыкаў Бачкова заўважыў рэжысёр народнага тэатра і запрасіў «сыграць рольку». Потым яшчэ адну і яшчэ. «Ад трэцяй ролі я і сам кайф адчуў. Стаў прасіцца іграць».

Ідэальнае «Гора ад розуму»

Пасля вучобы малады акцёр і рэжысёр «матаўся, па розных тэатрах служыў, шукаў сябе.». Аднаго разу наведаўся да сяброў у Гродна і «ў той самы вечар зразумеў, што тут маё месца. На другі дзень ужо падпісаў дамову і стаў артыстам Гродзенскай драмы, 19 гадоў тут адслужыў».

Яшчэ адзін гродзенскі сюрпрыз для Бачкова — прапанова стварыць «свой», народны тэатр. «Спачатку падумаў - не пацягну. Як справіцца? Адзін у полі не воін». Але калі прапанову паўтарылі праз год — прыгадаў класіка і задумаўся сур’ёзна. «Як там у Булгакава? „Нічога не трэба прасіць. Самі прапануюць і самі ўсё дадуць“. Вось і тут прапануюць, то чаму б не паспрабаваць. Тыл у мяне быў. Калі б не атрымалася — заўжды было б куды вярнуцца. І я рызыкнуў».

«Другая смерць Жаны Дарк». Фота з асабістага архіва Сяргея Бачкова
Першым спектаклем народнага тэатра з Гродна была п’еса на тры чалавекі «Другая смерць Жаны Дарк». «Гэта камедыя, якую я паставіў як трагедыю», — прызнаецца рэжысёр і тлумачыць: «Паставіць можна нават тэлефонны даведнік. П’еса — толькі нагода для спектакля. Астатняе — твая фантазія. Прачытаў, зачапіла — то развівай, раскручвай».

Рэпетыцыя юбілейнай пастаноўкі «Апошняя жанчына сеньёра Хуана».

За наступныя 10 гадоў працы Бачкоў вывеў для сябе ідэальную формулу народнага тэатра. Гэта 13−15 чалавек. Якраз столькі трэба, каб паставіць «Гора ад розуму». «Грыбаедаў так выпісаў усе характары і акцёрскія амплуа, што калі ў цябе ёсць трупа на гэту п’есу, то больш людзей і не трэба».

Рызыка — справа шляхетная

Смелае рашэнне сябе апраўдала, лічыць Бачкоў. Тэатр склаўся, адбыўся і стаў адметнасцю культурнага жыцця горада. «У якім яшчэ народным тэатры за 10 гадоў паставілі 16 спектакляў? Такіх больш няма», — сцвярджае рэжысёр. Таямніца поспеху калектыву, на яго думку, у прафесійных педагогах і адданых артыстах. «Тут выкладаюць прафесіяналы. Сцэнічную мову вядзе Любоў Аляксандраўна Гардзейка. Яна многіх акцёраў у Гродне навучыла гаварыць. Сцэнічны рух выкладае Валянцін Аляксеевіч Шчарбін. Выдатны харэограф і пастаноўшчык. Мне з імі лёгка працаваць, мы на адной хвалі».

Акцёраў у тэатры зараз 18. Частка сыдзе пасля сезону, а ў красавіку пройдзе новы кастынг і з’явяцца новыя выканаўцы.

«Ведаю, колькі народу хоча быць артыстамі. Але як прыдуць, носік у ролю акунуць, зразумеюць, колькі працаваць трэба, то і сыходзяць». Таму амаль кожны год у тэатр прыходзіць каля паўсотні навічкоў, а застаецца некалькі чалавек.

«Ён нас усіх раскрывае. Мы самі ў сябе не можам паверыць, а ён верыць, што зможам», — расказвае Альма Стасіна-Дудзінская, акторка «Бочонка» з 9-гадовым стажам і выканаўца 10 роляў з рэпертуару тэатра.

Мікола Дзятчэня зараз рэпетыруе ў юбілейнай п’есе галоўную ролю — сеньёра Хуана. У тэатры 7 гадоў. Кажа, што тут усё па-сапраўднаму, нават прыкметы. «Калі тэкст упаў, трэба на яго абявязкова сесці».

«Я прыйшла ў тэатр два гады таму, — узгадвае Вікторыя Юркевіч. — Да гэтага часу памятаю, як на кастынгу ад хвалявання рукі дрыжалі». Самая першая роля Вікторыі - Эдзіт Піаф у аднайменным спектаклі. «Першы спектакль, каторы я пабачыла ў выкананні „Бочонка“, быў „Другая смерць Жаны Дарк“. Памятаю, што слёзы навярнулі на вочы, але не заплакала. Потым ужо патлумачылі, што нельга „даціскаць“ гледача».
Але новыя акцёры заўжды цікавяць рэжысёра. Хочаца «пакапацца», паглядзець, што ў каго атрымаецца. «Адсюль вышлі добрыя артысты, якіх «Бочонок» выхаваў. Андруша Бічэль спачатку крок ступіць па сцэне не мог. А ў вачах такое жаданне было! Пытаўся, можна я проста так буду прыходзіць? І ён рос кожны дзень. Урэшце бачу — трэба браць. І потым на яго глядач пайшоў.

Ці Саша Лапко. Прыйшоў 17-гадовым. Кажу, такіх не бяром, толькі ад 18 і хоць да 100. А ён прасіўся, мама за яго прасіла. Узяў. Так на яго не хадзілі - бегалі! Сапраўдны фан-клуб вакол сабраўся.

Многія былыя да гэтага часу звоняць і пішуць. А некаторыя так і засталіся. Па 8 — 10 гадоў тут іграюць. Гэтым я шчаслівы".

Падзяліцца

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025