Тэатр “Бочонок” – гэта 500 акцёраў, 16 спектакляў, 10 гадоў працы і 1 нязменны рэжысёр. Да юбілею, што адбудзецца 1 красавіка, яны пазнаёмяць гродзенцаў з “Апошняй жанчынай сеньёра Хуана”.
“Я дагэтуль вучуся акцёрскай прафесіі”, – кажа Сяргей Бачкоў, хаця мае за плячамі акцёрскі дыплом з маскоўскай “Шчукі” і рэжысёрскі з Беларускай тэатральнай акадэміі. Сваю першую ролю ён атрымаў ва ўзросце каля 10 гадоў. Апошнія 10 – кіруе народным тэатрам “Бочонок” у Гродне. Пра свой шлях да тэатра і 10-гадовы шлях тэатра рэжысёр распавёў Hrodna.life.

Ад народнага да народнага
У дзяцінстве Сяргей больш цікавіўся музыкай – “біў у гітару”. Малыя музыкі Віцебска часта бавілі час у мясцовым доме культуры і марылі патрапіць на вочы ўдзельнікам тамтэйшага ВІА – вакальна інструментальнага ансамбля. Але раней за музыкаў Бачкова заўважыў рэжысёр народнага тэатра і запрасіў “сыграць рольку”. Потым яшчэ адну і яшчэ. “Ад трэцяй ролі я і сам кайф адчуў. Стаў прасіцца іграць”.
Ідэальнае “Гора ад розуму”
Пасля вучобы малады акцёр і рэжысёр “матаўся, па розных тэатрах служыў, шукаў сябе.”. Аднаго разу наведаўся да сяброў у Гродна і “ў той самы вечар зразумеў, што тут маё месца. На другі дзень ужо падпісаў дамову і стаў артыстам Гродзенскай драмы, 19 гадоў тут адслужыў».
Яшчэ адзін гродзенскі сюрпрыз для Бачкова – прапанова стварыць “свой”, народны тэатр. “Спачатку падумаў – не пацягну. Як справіцца? Адзін у полі не воін”. Але калі прапанову паўтарылі праз год – прыгадаў класіка і задумаўся сур’ёзна. “Як там у Булгакава? “Нічога не трэба прасіць. Самі прапануюць і самі ўсё дадуць”. Вось і тут прапануюць, то чаму б не паспрабаваць. Тыл у мяне быў. Калі б не атрымалася – заўжды было б куды вярнуцца. І я рызыкнуў”.

Першым спектаклем народнага тэатра з Гродна была п’еса на тры чалавекі “Другая смерць Жаны Дарк”. “Гэта камедыя, якую я паставіў як трагедыю”, – прызнаецца рэжысёр і тлумачыць: “Паставіць можна нават тэлефонны даведнік. П’еса – толькі нагода для спектакля. Астатняе – твая фантазія. Прачытаў, зачапіла – то развівай, раскручвай”.
Рэпетыцыя юбілейнай пастаноўкі “Апошняя жанчына сеньёра Хуана”.
За наступныя 10 гадоў працы Бачкоў вывеў для сябе ідэальную формулу народнага тэатра. Гэта 13-15 чалавек. Якраз столькі трэба, каб паставіць “Гора ад розуму”. “Грыбаедаў так выпісаў усе характары і акцёрскія амплуа, што калі ў цябе ёсць трупа на гэту п’есу, то больш людзей і не трэба”.
Рызыка – справа шляхетная
Смелае рашэнне сябе апраўдала, лічыць Бачкоў. Тэатр склаўся, адбыўся і стаў адметнасцю культурнага жыцця горада. “У якім яшчэ народным тэатры за 10 гадоў паставілі 16 спектакляў? Такіх больш няма”, – сцвярджае рэжысёр. Таямніца поспеху калектыву, на яго думку, у прафесійных педагогах і адданых артыстах. “Тут выкладаюць прафесіяналы. Сцэнічную мову вядзе Любоў Аляксандраўна Гардзейка. Яна многіх акцёраў у Гродне навучыла гаварыць. Сцэнічны рух выкладае Валянцін Аляксеевіч Шчарбін. Выдатны харэограф і пастаноўшчык. Мне з імі лёгка працаваць, мы на адной хвалі”.

Акцёраў у тэатры зараз 18. Частка сыдзе пасля сезону, а ў красавіку пройдзе новы кастынг і з’явяцца новыя выканаўцы.
“Ведаю, колькі народу хоча быць артыстамі. Але як прыдуць, носік у ролю акунуць, зразумеюць, колькі працаваць трэба, то і сыходзяць”. Таму амаль кожны год у тэатр прыходзіць каля паўсотні навічкоў, а застаецца некалькі чалавек.



Але новыя акцёры заўжды цікавяць рэжысёра. Хочаца “пакапацца”, паглядзець, што ў каго атрымаецца. “Адсюль вышлі добрыя артысты, якіх “Бочонок” выхаваў. Андруша Бічэль спачатку крок ступіць па сцэне не мог. А ў вачах такое жаданне было! Пытаўся, можна я проста так буду прыходзіць? І ён рос кожны дзень. Урэшце бачу – трэба браць. І потым на яго глядач пайшоў.
Ці Саша Лапко. Прыйшоў 17-гадовым. Кажу, такіх не бяром, толькі ад 18 і хоць да 100. А ён прасіўся, мама за яго прасіла. Узяў. Так на яго не хадзілі – бегалі! Сапраўдны фан-клуб вакол сабраўся.
Многія былыя да гэтага часу звоняць і пішуць. А некаторыя так і засталіся. Па 8 – 10 гадоў тут іграюць. Гэтым я шчаслівы”.







