Пра нас

Hrodna.life — выданне пра жыццё горада і жыццё ў горадзе. Мы трымаем руку на пульсе Гродна і кожны дзень пішам пра важныя гарадскія падзеі ды тых, хто ў гэтым горадзе жыве.

Мы пішам пра дасягненні і праблемы Гродна і гродзенцаў, разважаем, як зрабіць горад лепшым, публікуем унікальныя гістарычныя матэрыялы, якіх няма больш ні ў кога.

На Hrodna.life мы збіраем свежыя навіны гарадскога жыцця толькі з правераных крыніц ды публікуем уласныя аўтарскія артыкулы, рэпартажы, інтэрв'ю, агляды і г. д.


Наша місія

Hrodna.life — выданне для ўсіх, хто любіць Гродна, дзе б яны і мы не былі. Фіксуем рэчаіснасць і расказваем гісторыі, каб берагчы сваё і набліжаць вас і нас да Гродна. Грунтуемся на лакальным патрыятызме, беларускасці, інклюзіўнасці і правах чалавека.


Прынцыпы журналісцкай этыкі

Рэдакцыя Hrodna.life у працы прытрымліваецца прынцыпаў прафесійнай этыкі журналістаў, выкладзеных у Кодэксе журналісцкай этыкі «Беларускай асацыяцыі журналістаў».


Прафесійныя стандарты якаснай журналістыкі

Рэдакцыя Hrodna.life прытрымліваецца прафесійных стандартаў якаснай журналістыкі. Менавіта таму мы далучыліся да ініцыятывы JTI — Journalism Trust Initiative.

Стандарты журналістыкі Hrodna.life

Пэўнасць. Кожны факт і меркаванне падаецца з указаннем крыніцы — надзейнай і такой, якую можна праверыць. У выключных выпадках, звязаных з бяспекай крыніц, крыніца можа быць ананімнай, калі інфармацыя з яе дастаткова грамадска значная.

Дакладнасць. Інфармацыя падаецца згодна з фактамі, вядомымі журналісту на момант публікацыі. Цытаты не змяняюцца. Не дапускаюцца маніпулятыўныя загалоўкі, вырыванне фактаў з кантэксту і іншыя практыкі, якія могуць увесці чытача ў зман.

Аддзяленне меркаванняў ад фактаў. У інфармацыйных матэрыялах выразна аддзяляюцца факты і выказванні якіх-небудзь асоб пра гэтыя факты. Меркаванне не падаецца як факт. Рэдакцыя не дапускае ацэначных меркаванняў саміх журналістаў ці метафар, параўнанняў і жартаў, якія могуць замацаваць пэўнае меркаванне пра факт. Рэдакцыя Hrodna.life не заклікае чытачоў да дзеянняў, але можа інфармаваць пра магчымасць далучыцца да іх.

Баланс меркаванняў. Пры асвятленні спрэчных і канфліктных сітуацый, калі існуюць розныя погляды на пытанне, рэдакцыя намагаецца як мага дакладней прадставіць усе зацікаўленыя бакі. Калі нейкі бок не хоча выказвацца і атрымаць яго меркаванне немагчыма — гэта абавязкова пазначаецца ў матэрыяле.

Матэрыялы-меркаванні заўсёды пазначаны меткай «Меркаванне», каб іх можна было выразна адрозніць ад навінавага інфармацыйнага кантэнту, дзе прасоўванне свайго меркавання аўтарамі недапусціма.

Паўната інфармацыі. Рэдакцыя Hrodna.life падае ў сваіх публікацыях усю неабходную для разумення навіны інфармацыю — перадгісторыю, бэкграўнду, кантэксту і спасылкі, каб аўдыторыя разумела сутнасць навіны. Мы не замоўчваем фактаў.


Правілы адносна рэкламы, палітычнага кантэнту, спонсараў і прыватных інтарэсаў

Інфармацыя пра камерцыйныя структуры і іх дзейнасць размяшчаецца на Hrodna.life у межах інфармавання чытачоў і ў сувязі з грамадскім інтарэсам і не з’яўляецца рэкламай, калі толькі не пазначана інакш — тэгам «рэклама» пад публікацыяй і/або меткай «Партнёрскі матэрыял» над публікацыяй.

Hrodna.life не публікуе схаванай рэкламы. Любая аплачаная кліентам рэклама пазначаецца згодна са згаданым вышэй правілам.

Hrodna.life не публікуе палітычнай рэкламы, але можа расказваць пра падзеі са сферы палітыкі ў межах інфармавання аўдыторыі, без ацэнак і заклікаў. Hrodna.life не атрымлівае падтрымкі і фінансавання ад палітычных партый і асобных палітыкаў будзь-якой краіны, але можа атрымліваць падтрымку ад грамадскіх структур, фондаў, няўрадавых арганізацый ці прадстаўніцтваў іншых краін. Пры гэтым Hrodna.life ніколі не публікуе кантэнт на замову гэтых структур і заўсёды ў падрыхтоўцы кантэнту кіруецца выключна інтарэсам чытачоў і рэдакцыйнымі правіламі. Hrodna.life не змяняе і не публікуе кантэнт згодна з жаданнямі спонсараў і застаецца незалежным выданнем з незалежнай рэдакцыйнай палітыкай.

Hrodna.life не абслугоўвае прыватныя інтарэсы сваіх супрацоўнікаў, герояў матэрыялаў, экспертаў ці каментатараў. У публікацыях, якія закранаюць якіх-кольвек асоб, рэдакцыя кіруецца інтарэсамі чытачоў.


Правілы адносна падрыхтоўкі матэрыялаў

У падрыхтоўцы тэксту да друку ўдзельнічаюць журналіст і рэдактар і канчатковы выгляд апублікаванага матэрыялу залежыць выключна ад журналісты і рэдактара. Уплыў на змест матэрыялу трэціх асоб выключаны. Журналісты Hrodna.life дакладна і без скажэнняў перадаюць факты, пра якія змаглі даведацца і якія праверылі. Адзіным выключэннем могуць быць пытанні бяспекі, калі дадзеныя могуць быць схаваныя ці ананімізаваныя або абставіны перададзены з невялікімі змяненнямі, каб гарантаваць бяспеку герояў. Пры гэтым дакладныя абставіны заўсёды высвятляюцца рэдакцыяй і вядомыя журналісту і рэдактару.


Правілы адносна выпраўлення памылак

Калі вы заўважыце памылкі, скажэнні інфармацыі, неадпаведнасць пададзеных фактаў рэальнасці або калі публікацыя нейкім чынам закранае вас асабіста — вы можаце звязацца з рэдакцыяй любым зручным і бяспечным для вас спосабам: праз email info@hrodna.life або праз любы з нашых кантактаў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах, якія пазначаны ў шапцы і падвале сайта.


У 2007−2016 гадах мы працавалі пад брэндам «Твой стыль» — заходзь на наш стары сайт-архіў, каб знайсці мноства тэкстаў, што і сёння не страцілі актуальнасці.

Па пытаннях супрацоўніцтва, размяшчэння рэкламы ды іншых пішыце на info@hrodna.life.

Наш Алень Лявон

Алень Лявон — маскот рэдакцыі Hrodna.life. Паводле рэдакцыйнай легенды, гэта нашчадак аленя святога Губерта. Таго самага аленя з крыжом паміж рагамі, які ўжо амаль 500 гадоў знаходзіцца ў гербе Гродна (дарэчы, ёсць версія, што гэта не алень Губерта, а алень Яўстафія).


Кантакты

email: info@hrodna.life

Instagram: instagram.com/hrodna.mylove

Facebook: facebook.com/hrodna.one.love

Telegram-акаўнт для сувязі: @suviaz_hl