У Лідскім раёне 52-гадовы электрагазазваршчык загінуў падчас прац унутры малочнай цыстэрны. У ёмістасці адбыліся ўспышка і выбух газапаветранай сумесі. Па факце парушэння правілаў аховы працы, якое прывяло да смерці чалавека, узбуджана крымінальная справа.

Паводле дадзеных следства, трагедыя здарылася ў канцы мая ў адной з транспартных кампаній Лідскага раёна. 52-гадовы зваршчык выконваў працы ўнутры герметычнай цыстэрны. Рабіць гэта яму даручыў начальнік рамонтнай майстэрні, які адказваў за захаванне правілаў тэхнікі бяспекі і арганізацыю бяспечных прац.

Падчас зваркі ўнутры цыстэрны запаліліся пары газапаветранай сумесі. Праз рэзкае пашырэнне газаў металічная пераборка ссунулася і прыдавіла зваршчыка. Яго 23-гадовага напарніка, які знаходзіўся на верхняй платформе цыстэрны, адкінула выбухной хваляй.

52-гадовы мужчына атрымаў смяротныя траўмы і загінуў на месцы. Яго малады калега таксама пакутаваў ад траўмаў, аднак яны не прывялі да кароткачасовага расладку здароўя.

Чаму адбылася ўспышка

Следства ўстанавіла, што незадоўга да трагедыі ў цыстэрне ліквідавалі працёк з дапамогай балонаў мантажнай пены. Пасля гэтага рэзервуар не дэгазавалі, а паветра ўнутры ёмістасці не праверылі на наяўнасць выбуханебяспечных рэчываў.

Акрамя таго, перад правядзеннем зварачных прац не быў аформлены абавязковы нарад-допуск на агнявыя працы.

У дачыненні да 63-гадовага начальніка рамонтнай майстэрні ўзбудзілі крымінальную справу па частцы 2 артыкула 306 Крымінальнага кодэкса Беларусі — парушэнне правілаў аховы працы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека.

Следства па дадзеным факце працягваецца.