Рэканструкцыю басейна «Лазурный» плануюць скончыць восенню 2026, тады ж аб’ект і здадуць у эксплуатацыю. Аб планах паведамілі ва ўпраўленні спорту Гродзенскага аблвыканкама.
У «Лазурном» з’явіцца аквазона з дарожкамі для плавання, сем саунаў (яны зоймуць увесь паверх), а таксама дзіцячыя горкі і зоны для масажу. Упрыгожаць аквацэнтр вітражом, плошча якога – 400 кв. м.
Комплекс разлічаны на наведвальнікаў усіх узростаў і зможа прымаць да 160 чалавек за гадзіну. Назву мяняць не будуць. Пакінуць ранейшую – «Лазурный».
Узімку 2026 года ўлады паведамлялі, што «Лазурный» можа запрацаваць ужо ў чэрвені – адкрыццё абноўленага комплексу хацелі прымеркаваць да юбілейнага Фестывалю нацыянальных культур. Але скончыць работы да лета не паспелі, хаця тэмп работ былі высокімі. Дзяржгазеты паведамлялі, што “працы ідуць па графіку, пастаўкі абсталявання стабільныя”.


У 2013 годзе басейн закрылі з-за аварыйнага стану – ён прастойваў 12 гадоў. Працы пачалі ў сакавіку 2025, будаўніцтва новага аквапарку фінансуе горад. Раней паведамлялася, што рэканструкцыя абыдзецца ў 12 млн руб.
Чытайце таксама: На будоўлі аквапарку “Лазурный” у Гродне знайшлі парушэнні




