На вуліцы Гаспадарчай у Гродне пешаходы пераходзяць дарогу ў неналежным месцы, каб скараціць шлях. Двое чалавек ужо пацярпелі – іх збіла машына. Пасля побач з небяспечным участкам устанавілі святлафор, але і гэта не вырашыла праблему. «Гродненская правда» распавядае, што паведамляюць у ДАІ.
Небяспечны ўчастак знаходзіцца побач з корпусам ГрДУ і вытворчасцю “БелТАПАз”. Выходзячы на прыпынку, пасажыры, пераважна студэнты і супрацоўнікі прадпрыемства, не ідуць да рэгуляванага пераходу, а перабягаюць дарогу ў неналежным месцы, каб скараціць шлях.
Каб дабрацца да бяспечнага пераходу са святлафорам, трэба ісці па вузкай сцяжынцы ўздоўж разваротнага кольца. У дрэннае надвор’е прайсці такі шлях няпроста.
Участак, дзе пешаходы перабягаюць дарогу, небяспечны – від на аўто закрываюць дрэвы і прыпаркаваныя фуры. Таксама каля ўезду ў горад ёсць горка, таму машыны набіраюць хуткасць і ў выпадку небяспечнай сітуацыі не могуць хутка затармазіць.
У выніку ўжо ёсць два пацярпелыя: студэнтка і супрацоўнік «БелТАПАз». Абодва выжылі, але атрымалі траўмы.
Супрацоўнікаў прадпрыемства сітуацыя ўсхвалявала – яны звярнуліся ў ДАІ з просьбай вырашыць праблему. У прыватнасці супрацоўнікі прасілі ўладкаваць пешаходны пераход там, дзе людзі перабягаюць дарогу, а таксама паставіць святлафор на ўжо існуючым пераходзе і каля горкі.
Што сказалі ў ДАІ?
У ведамстве праблему пацвердзілі – сказалі, што бачнасць дарогі зніжаецца з-за дрэў, “а таксама іншых будынкаў”. Але абсталёўваць пешаходны пераход у зручным месцы не будуць, таму што адзін ужо ёсць “у крокавай даступнасці”.
У ДАІ дадалі, што абсталююць тратуар ад прыпынку да пераходу са святлафорам. Таксама ўсталююць пешаходныя агароджы.
Чытайце таксама: Гродзенка паскардзілася на небяспечны ўчастак у цэнтры горада — у ДАІ праблемы не ўбачылі



