На рагу вуліц Чырвонаармейскай і Чкалава ў Вялікай Бераставіцы зруйнавалі былы заезны двор — гасцінічны комплекс, пабудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя. У савецкія часы будынкі ўнеслі ў спіс помнікаў гісторыі і культуры, але гэта не ўратавала комплекс ад знішчэння, паведамляе Telegram-канал «Спадчына».
Двор «быў рэдкім узорам традыцыйнага гасцінічнага комплексу, які спалучаў памяшканні для начлегу, карчму і ўнутраны двор для коней і фурманак. Галоўны фасад ашаляваны, завершаны высокім трохвугольным шчытом, дэкарыраваным фігурнай шалёўкай», — пішуць аўтары каналу.
У 1986 годзе двор прызналі помнікам — і ўнеслі ў адпаведны спіс. На будынку нават захавалася шчыльда, якая сведчыла, што двор з’яўляецца «помнікам грамадзянскай архітэктуры» і ахоўваецца законам.


Восенню 2024 Мінкульт зацвердзіў зоны аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У дакуменце, распацаваным «Белрэстаўрацыяй», гаворка ў тым ліку ішла і пра Ратушную плошчу ў Вялікай Бераставіцы. Ужо тады аўтары «Спадчыны» папярэджвалі, што дакумент атрымаўся «вельмі паверхневым, без глыбокага аналізу навакольнай забудовы».
Так і атрымалася — заезны двор, які тэрытарыяльна трапляў у межы зоны рэгулявання забудовы, усё роўна быў зруйнаваны. На думку аўтараў «Спадчыны», гэта здарылася таму, што ў дакуменце Мінкульта комплекс «ніякім чынам не вылучылі».
Чытайце таксама: У гістарычным цэнтры Гродна знайшлі невядомыя 400-гадовыя могілкі




