Гродзенка Мар’я Мацюк вучыцца на першым курсе педфакультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Дзяўчына распрацавала мабільны дадатак Lusterko, які на аснове карт дапамагае людзям пабудаваць бяспечны маршрут, агучваючы перашкоды на шляху. Распрацоўка Марыі перамагла ў фінале конкурсу «100 идей для Беларуси», паведамляе ТРК Гродно.
Дадатак аналізуе абстаноўку вакол праз камеру і распазнае аб’екты на шляху – прадметы інтэр’еру ў кватэры і перашкоды (дрэвы, святлафоры, машыны) на вуліцы. У выпадку небяспекі – папярэджвае карыстальніка галасавым памочнікам.
Марыя дадае, што для больш дакладнага разліку дадзеных карыстальнік можа пазначыць свой рост. Таксама дзяўчына прадугледзела функцыю “бяспека” – калі тэлефон апынецца ў нетыповым для яго становішчы, на давераны нумар прыйдзе смс.
Цяпер дадатак тэсціруюць валанцёры. Пасля гэтага дапрацаваная версія Lusterko з’явіцца ў афіцыйных крамах дадаткаў і яго можна будзе спампаваць.
Чытайце таксама: Фонд «Чудо детям» абвінавачваюць у асабліва буйным махлярстве – грошы збіралі на вуліцах




