У Threads гараджанка расказала, што скаргі на пастаянныя спазненні тралейбуса №23 — не фікцыя. Транспарт сапраўды адстае ад заяўленага раскладу – часам на 15 хвілін. Раней гродзенцы ўжо скардзіліся на 23 тралейбус. Цяпер яго расклад зменяць, паведамілі ў Telegram-канале Аператара пасажырскіх перавозак Гродна.

«У мяне ўжо не хапае цярпення. Спазненне на 15 хвілін, гэта нармальна?» — эмацыйна пацікавілася ў сацсетках адна з гродзенак.

Дзяўчына дадае, што людзі загадзя прыходзяць на прыпынак і выбудоўваюць свае планы з улікам раскладу транспарта. «Чаму людзі павінны падладжвацца пад гэты неарганізаваны працэс аўтобуснага парка? Гэта калі-небудзь скончыцца?” – дадала яна.

У каментарах карыстальнікі параілі дзяўчыне “папрацаваць разам з кіроўцам” на лініі, каб зразумець прычыну спазненняў. Іншыя прапанавалі звяраць расклад з анлайн-картамі – сэрвісы дакладней паказваюць час прыбыцця транспарту. Яшчэ адна карыстальніца прапанавала напісаць скаргу на кіроўцу, каб таго пакаралі.

Гэта не першы выпадак, калі гараджане звяртаюць увагу на спазненні тралейбуса №23. Так у студзені 2026 стала вядома, што ў гродзенскага тралейбуса з’явіўся асабісты хэйтар — аўтар загружаў у TikTok ролікі, дзе называў транспарт «гідкай лічынкай» і «мярзотнай трупавозкай».

Тады ў Аўтобусным парку Гродна адрэагавалі на іранічныя відэа і “аспрэчылі словы” аўтара аб спазненні тралейбуса.

Тым не менш, на наступныя суткі пасля публікацыі паста ў Threads расклад тралейбуса №23 усё ж змянілі. З 6 красавіка з канцавога прыпынку «Грандзічы-3» тралейбус будзе выязджаць па новым часе:

  • з 5.40 на 5.33 па працоўных днях;
  • з 8.50 на 8:42 па працоўных днях;
  • з 8.35* на 8.48* (* – рэйс, наступны ў дэпо) па працоўных днях.

Чытайце таксама: У Гродне запрацавала сістэма бескантактнай аплаты праезду

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы